Яны набліжалі Перамогу. Сённяшняя рэтрафотатэка «ЛВ», прымеркаваная да 75-гадовага юбілею Перамогі

Іх пакаленне назаўсёды ўвайшло ў гісторыю сваёй мужнасцю, самаахвярнасцю, гераізмам.
Сваім нашчадкам яны пакінулі самую каштоўную спадчыну – мір.

Веліч падзеі, што адбылася 9 мая  1945 года, пераацаніць немагчыма. Дзень Перамогі – свята ўсіх пакаленняў – агульнае, галоўнае. Яно назаўжды. Так было, так ёсць, і ў нашай краіне робіцца ўсё для таго, каб так было заўсёды. Беларусь памятае, шануе і шчыра дзякуе самым паважаным людзям – дарагім ветэранам вайны – за іх неўміручы подзвіг і за наша мірнае сёння.
На франтах Вялікай Айчыннай, у партызанскіх атрадах і падполлі поруч з прадстаўнікамі іншых народаў і нацыянальнасцяў змагаліся беларусы – самааддана, па-геройску, з верай у Перамогу.
І яна прыйшла – прыгожай парой у майскай квецені. Залпы гармат, непаўторны голас Левітана з усіх рэпрадуктараў Савецкага Саюза, і такое доўгачаканае – «Мы перамаглі!».
А потым безліч эшалонаў імчалі з захаду і вярталі на Радзіму салдатаў-пераможцаў.
І не было ні вялікага прыпыначнага пункта, ні маленькага паўстанка, дзе б  не сустракалі салдатаў-вызваліцеляў букетамі палявых кветак і духмянага бэзу, цёплымі абдымкамі, шчырай удзячнасцю і слязамі радасці.
Чорна-белыя фотаздымкі, ваенная форма, ордэны і медалі, каскі і пілоткі, плашч-палаткі і шынялі, гільзы і рэшткі зброі, пісьмы-трохвугольнікі і кісеты, мноства іншых экспанатаў  з цягам часу занялі сваё пачэснае месца ў музеях. Амаль у кожным горадзе дзейнічалі пошукавыя атрады, якія збіралі звесткі пра падзеі і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. На расказах ветэранаў сапраўднымі патрыётамі выраслі многія пакаленні школьнікаў.
Словы ўдзячнасці і віншавальныя паштоўкі ветэранам, кветкі і вянкі да помнікаў і абеліскаў, урачыстыя мітынгі і тэатралізаваныя кампазіцыі –  такім помняць 9 Мая нашы бацькі, так святкуем і мы. І ў сёлетнім маі затрапеча Вечны агонь ля помніка ў цэнтры Ляхавічаў, пад гукі цішыні метраном адаб’е хвіліну маўчання, зашчыміць сэрца пад гукі «Дня Победы». І мы зноў абавязкова скажам шчыры дзякуй сівым ветэранам, якіх, на жаль, з кожным годам становіцца ўсё менш.
Сённяшняя рэтрафотатэка «ЛВ», прымеркаваная да 75-гадовага юбілею Перамогі, – наш паклон тым, хто і сёння ў ветэранскім страі, і тым, каго, на жаль, з намі ўжо няма.
Дзякуй за Перамогу!