Пад россып майскага салюта. Ёсць пытанне ад «ЛВ»

У кожнага з нас свой адказ на пытанне, з чым асацыюецца май. Гэта бела-ружовая квецень садоў, зялёны ўбор, які так пасуе паркам і скверам, ветлівая цёплая ўсмешка сонейка, высокае блакітнае неба і безліч цудоўных святаў, сярод якіх вызначальнае – Дзень Перамогі.
Другая субота мая 2020 года. Беларусь, як і многія іншыя краіны, будзе святкаваць юбілей Вялікай Перамогі – урачыста, узнёсла, з вялікай любоўю.
Што для вас свята 9 Мая – тэма чарговага апытання «ЛВ».

Фёдар ЛЕВАШ, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, аграгарадок Жарабковічы:
– Для мяне, франтавіка, вайна і сёння адгукаецца вялікім болем. Хто перажыў яе жахі – страх, боль, слёзы, страты блізкіх і родных, баявых таварышаў, – мяне зразумее. Як і тое, з якім нецярпеннем чакалі Перамогу.
Пашчасціла выжыць у той вайне, хоць неаднойчы быў на валасок ад смерці. Мая барацьба супраць акупантаў пачалася ў партызанскім атрадзе, потым служыў разведчыкам у часцях 2-га Беларускага фронту. Было цяжка, але сэрца грэла надзея, што хутка фашызму прыйдзе канец. Разам з аднапалчанамі вызваляў краіны Еўропы, за ўзяцце Кёнігсберга быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. Вестку, што вайна закончылася, сустрэў у шпіталі недалёка ад Берліна. Як жа мы тады радаваліся! Гэта адчуванне шчасця, таго, што ўсё абавязкова будзе добра, напаўняе мяне кожны май. Заўжды чакаю 9 Мая з нецярпеннем і хваляваннем.
Рады, што расце дастойная змена. Пра нас, ветэранаў, не забываюць: віншуюць са святамі, запрашаюць на сустрэчы, прыходзяць у госці. І дзяржава клапоціцца пра нас. Канешне, гады бяруць сваё, і аднаму было б цяжка, таму жыву разам з сынам і нявесткай – самымі роднымі людзьмі. Люблю жыццё, радуюся кожнаму дню. Шчыра віншую ўсіх з вялікім Днём Перамогі. Няхай заўжды будзе мір!

Вольга БОГДАН, намеснік дырэктара ТЦСАН:
– Клопат – самае малое, што мы можам зрабіць для тых, хто перажыў ваеннае ліхалецце. Справа гонару для нас, удзячных нашчадкаў, – дапамагчы ім, падтрымаць. Штогод супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва разам з медыкамі, выратавальнікамі, супрацоўнікамі сельвыканкамаў абследуюць умовы жыцця герояў вайны. Пры неабходнасці аказваецца дапамога.
Сёлета 34 нашы землякі – ветэраны і ўдзельнікі Вялікай Айчыннай вайны, як і іншыя ветэраны па ўсёй краіне, атрымалі аднаразовую матэрыяльную дапамогу на агульную суму 35200 рублёў.
Не застаюцца ў баку прадпрыемствы, установы, грамадскія арганізацыі: іх прадстаўнікі прыходзяць у дамы і кватэры шаноўных землякоў з падарункамі і словамі віншавання.  
Для мяне, маёй сям’і, як і для ўсіх беларусаў, Дзень Перамогі – свяшчэннае свята, даніна памяці, глыбокай павагі і ўдзячнасці ветэранам за мір, за свабоду, за незалежнасць. Гэтаму вучылі мяне мае бацькі, гэтаму вучу я сваіх дзяцей. Памяць пра падзеі Вялікай Айчыннай і пра яе герояў павінна перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Сяргей САЛАВЕЙ, намеснік ваеннага камісара  Ляхавіцкага раёна:
– Калісьці вядомы военачальнік часоў Вялікай Айчыннай вайны Маршал Савецкага Саюза Канстанцін Ракасоўскі выказаў такую думку: «Толькі той народ, які шануе сваіх герояў, можа лічыцца вялікім». Наша краіна беражліва шануе памяць і пра падзеі той вайны, і пра яе герояў. Салдаты і афіцэры Узброеных Сіл суверэннай Беларусі прадаўжаюць слаўныя традыцыі сваіх папярэднікаў – надзейна стаяць на варце нашай рэспублікі.
І сёння мы радуемся Вялікай Перамозе і ганарымся, што мы нашчадкі вялікіх пераможцаў. Я, як і мой бацька, – кадравы ваенны, не ведаю, што такое жахі вайны, але нізка схіляю галаву перад подзвігам сённяшніх ветэранаў.

Вячаслаў КУЛАК, старшыня Альхоўскага сельвыканкама:
– Для мяне і маёй сям’і – гэта свята святаў. Абодва мае дзяды Васілій Іванавіч Кулак і Ігнат Мікалаевіч Мілішкевіч ваявалі. Яны не любілі ўспамінаць тыя страшныя часы, а калі і заходзіла размова, заўжды на вачах дзядуль былі слёзы. Колькі разоў чуў: «Лепш, унучак, табе пра гэта нічога не ведаць, бо вайна – гэта жудасна». Толькі потым, пасталеўшы, усвядоміў сэнс тых слоў. Маіх дзядоў няма даўно сярод жывых, але яны назаўжды ў нашай памяці.
Нямала жыхароў цяперашняга Альхоўскага сельсавета змагаліся супраць фашыстаў, а колькі на сабе паспыталі славуты «нямецкі парадак». Усе яны ведаюць цану мірнаму жыццю, таму, не шкадуючы сіл, працавалі, аднаўлялі разбураную вайной гаспадарку.
Па слаўнай традыцыі напярэдадні 9 мая мы віншуем ветэранаў з Днём Перамогі. І сёлета супрацоўнікі Альхоўскага сельвыканкама, культработнікі, школьнікі завіталі з віншаваннямі да паважаных землякоў – ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны Івана Вялічкі, Уладзіміра Маслоўскага, Івана Віхноўскага, былых вязняў фашысцкіх канцлагераў Яўгеніі Кудзінай, Аляксандры Данільчык, Таццяны Віхноўскай, жонкі загінулага ў гады вайны Валянціны Кулак. Гэта важна не толькі для іх, а, у першую чаргу, для нас.

Паліна ТАТАРЫНОВІЧ, навучэнка 8 «Б» класа гімназіі:
– Дзень Перамогі – светлае свята з адценнем смутку. Якой цаной яна дасталася нашым прадзедам… Колькі загінула на палях баёў, у фашысцкіх засценках, канцэнтрацыйных лагерах, пад бамбёжкамі, ад голаду, памерла ад ран. Мы, сённяшнія пакаленні, не павінны, не маем права забываць, бо гэта гісторыя нашай краіны, нашага народа, які не скарыўся ворагу, а змагаўся і перамог. Усё для фронту, усё для перамогі – пад такім дэвізам жылі тады і тыя, хто знаходзіўся на неакупіраванай фашыстамі тэрыторыі.
Нездарма гавораць: народ-пераможца. Пра Вялікую Айчынную вайну мы, праўнукі салдатаў-вызваліцеляў, ведаем толькі па кнігах, фільмах і ўспамінах ветэранаў. Прайшло сем з паловай дзесяцігоддзяў ад 9 мая 1945 года. А ўдзячнасць нашчадкаў тым, хто здабыў Вялікую Перамогу, – бязмежная. Няхай ніколі і нідзе не паўтараецца вайна. Няхай неба заўжды будзе мірным.
Запісала Галіна КАНЬКО.