«Хуткая» абноўка. У аддзяленне хуткай дапамогі Ляхавіцкай райбальніцы паступіў новы аўтамабіль

Клопат пра здароўе насельніцтва – адзін з асноўных прыярытэтаў сацыяльна арыентаванай палітыкі нашай дзяржавы. І гэта не толькі падрыхтоўка высокапрафесійных спецыялістаў, аказанне кваліфікаванай медыцынскай дапамогі, навуковыя распрацоўкі, пашырэнне шматпрофільнай сеткі медустаноў, але і пастаяннае іх аснашчэнне і перааснашчэнне абсталяваннем і тэхнікай. Прычым гэта тычыцца не толькі бальніц, паліклінік у сталіцы, абласных цэнтрах і вялікіх гарадах. Такая дапамога пастаянна паступае ва ўстановы аховы здароўя ў невялікіх райцэнтрах, сельскіх населеных пунктах. Прыклад такога дзяржаўнага клопату – і Ляхавіцкая ЦРБ. Рэканструяваны паліклініка і харчаблок, набыта шмат новага медыцынскага абсталявання, у тым ліку сучасны рэнтгенкабінет. І гэта далёка не поўны пералік абновак, які пастаянна папаўняецца.
Чарговая, напрыклад, прыбыла ў райбальніцу на гэтым тыдні. Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Георгій Хлябовіч расказаў, што новы аўтамабіль хуткай дапамогі на базе «форд-транзіт» поўнасцю аснашчаны ўсім неабходным для якаснай і камфортнай работы медыкаў. Сродкі на яго набыццё – 120 тысяч рублёў – выдаткаваны з раённага бюджэту. Дарэчы, «хуткая» замяніла сваю папярэдніцу, што ўжо адпрацавала неабходны тэрмін. Цяпер у «хуткім» аўтапарку – тры аўтамабілі, іх дастаткова для аказання такога віду дапамогі насельніцтву раёна. Георгій Хлябовіч падзяліўся, што сёлета райбальніца разлічвае яшчэ на адну такую абноўку, яе набудуць за кошт абласнога бюджэту.

Галіна ЗАРЭЧНАЯ.