Рыбаки Ляховичского района делятся историями из своей жизни

Рыбакі-навічкі і заўзятыя аматары рыбнай лоўлі дзеляцца гісторыямі са свайго жыцця…
Увазе чытачоў рыбацкія байкі ад жыхара нашага раёна Мікалая Страмавуса.

«Паабедалі»
Аднойчы ў марозны зімовы дзень рыбачылі разам са знаёмымі на вадасховішчы ля піянерскага лагера «Арляня» (так называўся дзіцячы летнік). На жаль, на мармышку клёў быў ніякі. Час падыходзіў да абеду, і мы вырашылі перакусіць. Замест абруса разаслалі цырату і паклалі на яе хто што з сабою прыхапіў. І толькі мы сабраліся прыступіць да яды, як пачаўся клёў: «семафоры-флажкі» падавалі знакі — клюе шчупак! Канешне, усе пабеглі да сваіх ставак, забыўшы пра абед. І толькі пасля таго, як апошняга шчупака выцягнулі на лёд, нехта крыкнуў: «Сабака!». Мы толькі паспелі ўбачыць, як ён з кавалкам сала ў зубах уцякаў у бок лагера.
Калі мы падышлі да імправізаванага стала, то ўбачылі, што там адзінока стаяў тэрмас і ляжала некалькі салёных агуркоў. Усё астатняе з’еў сабака вартаўніка лагера.
Затое ўлоў быў выдатны.
На кручок трапіў… сам
У адзін з выхадных дзён мы з сябрам на матацыкле «Ява» паехалі на рыбалку: я — за рулём, Гена — ззаду. Прайшоў невялікі дожджык, таму дарога была слізкай. На крутым павароце ў задняе кола матацыкла трапіў цвік, і яно рэзка спусціла. Матацыкл занесла, паклала на бок, і я «у абдымку» з ім праляцеў яшчэ метраў 15-20, а Гена тым часам «катапультаваўся». Падымаюся, а яго няма. І раптам, ён выпаўзае з кювета, трымаючыся за тую частку цела, што ніжэй спіны, і просіць дапамогі. Як аказалася, Гена паклаў запасныя кручкі-трайнікі ў заднюю кішэню штаноў, і падчас падзення яны ўпіліся яму ў цела. Пасатыжамі я дастаў кручкі, апрацаваў рану ёдам, потым адвёз сябра ў бальніцу, дзе яму і зашылі рану.

Драпежніца
Было гэта ў 1965 годзе. У той час я служыў у Калінінградскай вобласці. Для ваеннаслужачых і іх сем’яў часта арганізоўвалі калектыўныя выезды на прыроду. У адзін з такіх дзён на чале з заўзятым рыбаком — камандзірам эскадрыллі — мы прыехалі на раку Пераголя на рыбалку. Пакуль кожны рыхтаваў свае снасці, камандзір паспеў закінуць спінінг, і яму на кручок папаўся шчупак вагой каля кілаграма. Мы, маладыя рыбакі, прыбеглі, каб паглядзець, як ён будзе выцягваць рыбу.
Да берага заставалася метраў 5-6, калі з глыбіні з’явілася вялізарная галава яшчэ аднаго шчупака, схапіла шчупака, які трапіў на кручок спінінга, і разам яны пайшлі ў глыбіню рэчкі. У камандзіра не толькі зламаўся спінінг, але і абарвалася даволі тоўстая лёска. Вось гэта была рыбіна!

Гісторыя Васілія Пятровіча адбылася пад Новы год.

Бутэрброды з… падкормкай
Да навагодняга стала жонка прыгатавала свае фірменныя стравы: катлеты, галубцы, заліўны язык, традыцыйныя салаты: селядзец пад шубай і аліўе, былі разнастайныя бутэрброды, іншыя стравы.
Цешча, якая прыехала на святы з суседняга раёна, нахвальвала ўсё, як жа: гатавала ж родная дачка, а не абы-хто. Але асабліва ёй спадабаліся бутэрброды — «беленькія», як яна іх назвала, бо на батон была намазана маса белага колеру.
Паспрабавала іх і жонка з дзецьмі, але яны іх не асабліва ўразілі. Вырашыў пакаштаваць і я. І ледзьве не абамлеў: на хлеб была намазана падкормка для рыбы, якую я захоўваў у бляшанцы з-пад штучнай ікры, і якая стаяла на паліцы ў халадзільніку.
Як аказалася, жонка пераблытала бляшанкі…
Новы год сустракалі ўсе, акрамя цешчы, у добрым настроі. Праўда, маці маёй жонкі нядоўга глядзела на мяне воўкам — хутка даравала такі пралік. Зразумела, што ўсе падкормкі хутка з халадзільніка былі ”выселены”.
Шаноўныя чытачы, прыхільнікі рыбнай лоўлі і іншых відаў актыўнага адпачынку. Чакаем чарговых цікавых гісторый!
Галіна ЗАРЭЧНАЯ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *