Адваявалі мір, каб вучыліся дзеці. Школьнікі Жарабковіцкай СШ падзяліліся ўспамінамі сваіх бабуль і дзядуль пра настаўнікаў школы – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны

Напярэдадні 75-годдзя Перамогі ў Жарабковіцкай школе ў рамках факультатыву «Мая Айчына» адбыўся дыспут «Героі вакол нас» з навучэнцамі 7 класа. Школьнікі падзяліліся ўспамінамі сваіх бабуль і дзядуль пра настаўнікаў нашай школы – удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Гэтыя прозвішчы на слыху ўсіх выпускнікоў школы 50-80-х гадоў мінулага стагоддзя: Сямён Ігнацьевіч Шагун, Мікалай Аляксеевіч Казлоў, Іван Антонавіч Турко, Яўгеній Ігнацьевіч Булат.

Турко І. А., Булат Я. І., у другім радзе Шагун С. І., Казлоў М. А. (фотаздымак 1980 года).

Марыя Казакевіч:

– Усе гэтыя настаўнікі вучылі маю бабулю Таццяну і стрыечнага дзядулю Аляксандра. Кожны з іх пакінуў свой след у сэрцах вучняў. Ветэраны расказвалі школьнікам пра ваенныя часы, подзвігі салдатаў у гады вайны.

Ягор Ксёнжык:

– А мой дзядуля Сяргей памятае, як настаўнік матэ-матыкі Іван Антонавіч Турко вёў у школе шахматны гурток, вучыў вясковых дзяцей таямніцам шахматнай навукі.

Уладзіслаў Ленкавец:

– Мая бабуля Галіна жыла ў Зарытаве непадалёку ад сям’і Турко.Часта звярталася да Івана Антонавіча, які дапамагаў ёй і яе дзецям. А яшчэ ведаю, што Іван Антонавіч быў узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені. У 1983 годзе ён і яго сястра Ганна Антонаўна Ждановіч прымалі ўдзел ва Усесаюзным з’ездзе настаўніцкіх дынастый.

Вікторыя Кендыш:

– З цеплынёй успамінае Мікалая Аляксеевіча Казлова, завуча, настаўніка мовы, мая бабуля Аляксандра. Ён вучыў граматна пісаць і выказваць свае думкі, як і Яўгеній Ігнацьевіч Булат. Гэта былі настаўнікі з вялікай літары.

Уладзіслаў Ленкавец:

– Мікалай Казлоў быў камандзірам узвода атрада імя Жукава партызанскай брыгады № 19 імя Молатава, якая дзейнічала на тэрыторыі Ляхавіцкага раёна. Меў баявыя ўзнагароды: медалі «За адвагу», «Партызану Айчыннай вайны ІІ ступені», ордэн Айчыннай вайны  ІІ ступені.

Дар’я Свінабурка:

– Яўгеній Ігнацьевіч Булат у гады вайны быў падпольшчыкам у Капылі. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Марыя Казакевіч:

– А яшчэ Яўгеній Ігнацьевіч вучыў будучага паэта-земляка Анатоля Станкевіча, рэдагаваў першыя юнацкія вершы.

Дар’я Свінабурка:

– А маю бабулю Таццяну Іванаўну Свінабурка Сямён Ігнацьевіч Шагун, у той час завуч школы, з цеплынёй сустрэў як маладога выпускніка БДУ, наведваў урокі, даваў карысныя парады.

Марыя Казакевіч:

– Сямён Ігнацьевіч Шагун на фронце быў мінёрам – вельмі адказная і небяспечная справа. За франтавыя заслугі ўзнагароджаны медалямі «За адвагу», «За ўзяцце Кёнігсберга», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне», ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені.

Вікторыя Кендыш:

– Дапамагаючы маме разносіць пошту па вуліцы Спакойнай у Жарабковічах, сустракала дачку Сямёна Ігнацьевіча Валянціну. Яна жыве ў бацькоўскай хаце, перадала ў школу шмат фотаздымкаў з сямейнага альбома.

Зінаіда Палуэктава, кіраўнік факультатыву «Мая Айчына»:

– Мне пашчасціла быць знаёмай з усімі настаўнікамі-ветэранамі. Іван Антонавіч Турко, сакратар партыйнай арганізацыі школы, прымаў мяне ў яе рады. З Мікалаем Аляксеевічам Казловым сустракалася па рабоце, калі ён загадваў кадрамі ў калгасе «Беларусь», а я ў той час працавала загадчыцай калгаснага дзіцячага сада. Сямён Ігнацьевіч Шагун вучыў маіх старэйшых дзяцей. А ў сям’і Яўгенія Ігнацьевіча Булата 40 гадоў назад пражываў мой муж, пакуль перавёз сваю сям’ю ў Жарабковічы.

Усіх гэтых людзей вылучалі інтэлігентнасць, высакароднасць. У вачах сваіх вучняў яны былі сапраўднымі героямі, якія мужна абаранялі краіну ў гады вайны. На жаль, ужо няма сярод нас гэтых цудоўных людзей, якія сваім прыкладам выхоўвалі любоў да сваёй краіны. Але землякі іх памятаюць і шануюць.

Рэдакцыя газеты «Школьны калейдаскоп» Жарабковіцкай СШ.