Ляхавіччына:сааўтарамі бяспекі на дарозе павінны стаць усе ўдзельнікі дарожнага руху

Бяспека на дарозе — справа агульная, і яе сааўтарамі павінны стаць усе ўдзельнікі дарожнага руху. Найпершае і галоўнае патрабаванне да кожнага — дысцыплінаванасць. З дапамогай відэафіксатараў праводзяцца мэтанакіраваныя адпрацоўкі аўтадарог рэспубліканскага значэння. У поле зроку трапляюць і ліхачы (якія, дарэчы, за паўторнае на працягу года перавышэнне скорасці на 20 км у гадзіну могуць пазбавіцца вадзіцельскага пасведчання ці заплаціць штраф ад 5 да 15 БВ), і парушальнікі ПДР — пешаходы, веласіпедысты, вадзіцелі гужавых павозак, якія не лічаць патрэбным пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі. А, між тым, веласіпедысты часцяком фігуруюць у зводках аб ДТЗ. Прычынай здарэння, што адбылося летась у Ляхавіцкім раёне, стала парушэнне правілаў дарожнага руху самім веласіпедыстам. Улічваючы, наколькі актыўна ў нас ужываецца гэты сродак перамяшчэння, варта нагадаць асноўныя правілы для яго кіроўцаў. Рухацца на веласіпедзе неабходна па веласіпеднай дарожцы, а пры яе адсутнасці — па абочыне, тратуары ці пешаходнай дарожцы, не ствараючы перашкод для бяспечнага руху пешаходаў. Пры адсутнасці згаданых элементаў дарогі дазваляецца перамяшчэнне па праезнай частцы дарогі ў адзін рад і не далей аднаго метра ад правага краю. Пры руху ў цёмны час сутак ці пры недастатковай бачнасці на веласіпедзе (мапедзе) павінны гарэць фары спераду белага, а ззаду чырвонага колеру. Пры перасячэнні праезнай часткі па пешаходным пераходзе веласіпедыст павінен весці свой транспартны сродак побач з сабой і кіравацца правіламі для пешаходаў. Калі юнаму веласіпедысту яшчэ не споўнілася 14 гадоў, то яму нельга самастойна выязджаць на дарогу. Што датычыць мапеда, то тут абмежаванне распаўсюджваецца да 16-гадовага ўзросту. На веласіпедзе (мапедзе) не дазваляецца перавозіць пасажыраў (акрамя дзяцей да 7 гадоў на дадатковым спецыяльна абсталяваным сядзенні) і буйнагабарытныя грузы. І яшчэ адно — вельмі актуальнае гэтым часам — патрабаванне: на мапедзе і веласіпедзе забаронена рухацца падчас снегападу ці галалёдзіцы.

Мікалай ДЫЛЕЎСКІ,

старшы дзяржаўтаінспектар АДАІ.

Фота  з сайта http://test-drive.nnm.ru

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *