Ляховичи:29 января в центральной районной больнице прошло традиционное подведение итогов работы за прошлый год.

На пасяджэнне сабраліся медыцынскія работнікі — прадстаўнікі ўсіх устаноў аховы здароўя раёна. У рабоце сходу прыняў удзел начальнік аддзялення лячэбна-прафілактычнай дапамогі насельніцтву ўпраўлення аховы здароўя аблвыканкама Ігар Максімаў.
Галоўны ўрач Ляхавіцкай ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў прааналізаваў работу ўсіх медыцынскіх падраздзяленняў, спыніўся на здабытках і найбольш адчувальных праблемных пытаннях. Па-ранейшаму асноўнае сярод іх — кадравае. Па гэтым паказчыку медыцына раёна не выконвае сацыяльны стандарт: на кожнага ўрача на Ляхавіччыне прыходзіцца 2104 патэнцыяльныя пацыенты (па стандарце гэтая лічба не павінна перавышаць 1300 чалавек).
Адзін з асноўных накірункаў работы медыкаў — паляпшэнне дэмаграфічнай сітуацыі. І хаця ў параўнанні з 2011 годам у 2012-м паказчык смяротнасці ў раёне знізіўся, а колькасць народжаных наадварот павялічылася, усё ж сітуацыя далёкая ад аптымістычнай. Па-ранейшаму, найчасцей нашы землякі паміраюць ад сардэчна-сасудзістых, анкалагічных захворванняў. І тут важную ролю павінна адыгрываць прафілактыка. На сённяшні дзень амбулаторна-паліклінічныя паслугі насельніцтву Ляхавіччыны аказваюць раённая паліклініка, 8 урачэбных амбулаторый, амбулаторыя пры ўчастковай бальніцы, 17 фельчарска-акушэрскіх пунктаў.
Вядзецца работа і над кадравым патэнцыялам. Як паведаміў Уладзімір Усцюшкоў, сёлета ў жніўні плануецца прыезд на работу 3 маладых урачоў — выпускнікоў медыцынскіх ВНУ (2 тэрапеўты, неўролаг). З дапамогай раённай улады робяцца крокі па вырашэнні аднаго з галоўных пытанняў замацавання ўрачэбных кадраў — жыллёвага. Так, у 2012 годзе службовую кватэру атрымала сям’я маладых урачоў. Яшчэ адна службовая кватэра будзе выдзелена маладым спецыялістам і сёлета.
У мінулым годзе, як і ў папярэднія, прадоўжылася аснашчэнне неабходным медыцынскім абсталяваннем устаноў аховы здароўя як у горадзе, так і ў сельскай мясцовасці, выконваліся запланаваныя рамонтныя і рэканструкцыйныя работы. Так, за кошт сродкаў раённага бюджэту летась былі набыты каланаскоп, новая стаматалагічная ўстаноўка, водалячэбная кафедра, 5 апаратаў ЭКГ, кіслародная станцыя (яна незаменная для аперацыйнага блока хірургічнага аддзялення і рэанімацыі) — усяго на суму 542 мільёны рублёў. На выдаткаваныя з абласнога бюджэту грошы былі закуплены сучасны аўтамабіль з неабходным аснашчэннем для аддзялення хуткай дапамогі, апарат для падагрэву крыві, фізіятэрапеўтычны комплекс «Экстрасэнс». Завершаны рамонт Тухавіцкай урачэбнай амбулаторыі, прадаўжаюцца рэканструкцыя і рамонт інфекцыйнага аддзялення райбальніцы, будаўніцтва з мадэрнізацыяй новай паліклінікі. Але разам з тым, медыцынская аснашчанасць пакідае чакаць лепшага, бо зношанасць маральна і фізічна састарэлага абсталявання дасягае 70 працэнтаў.
Пра стан спраў на падведамасных участках расказалі намеснікі галоўнага ўрача Міхаіл Куляшоў і Таццяна Маляр, загадчыца Навасёлкаўскай урачэбнай амбулаторыі Алена Лісоўская.
Галіна КАНЬКО.

Фота СяргеяВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *