Самаізаляцыя – гэта сур’ёзна. У чым заключаецца штодзённы кантроль за захаваннем супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў

Супрацоўнікі раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі праводзяць . У чым ён заключаецца?
– Захаванне масачнага рэжыму і рэжымаў дэзынфекцыі і праветрывання, своечасовае правядзенне ўборкі, наяўнасць антысептыкаў для апрацоўкі рук работнікаў і наведвальнікаў, кантроль з боку кіраўніцтва за станам здароўя работнікаў – усё гэта ў полі зроку санэпідэмслужбы, – тлумачыць галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў.
Установы адукацыі і культуры, прадпрыемствы грамадскага харчавання, магазіны, аб’екты бытавога абслугоўвання (цырульні, салоны прыгажосці, абутковыя майстэрні і інш.), аддзяленні паштовай сувязі, ашчаднага банка інспектуюцца абавязкова. Што тычыцца школ, то на асаблівым кантролі не толькі забяспечанасць антысептыкамі і дэзынфіцыруючымі сродкамі, але і выкананне алгарытму праветрывання: пакуль дзеці вучацца ў класах, праветрываюцца калідоры, дзеці ідуць на перапынак –праветрываюцца кабінеты, дзе вяліся заняткі.
Што тычыцца парушэнняў, то часцей выяўляюцца наступныя: адсутнасць антысептыкаў, рэгіструюцца выпадкі няправільнага выкарыстання масак, напрыклад, калі яна проста вісіць на барадзе.
Як адзначылі ў райЦГіЭ, пакуль падчас кантрольных мерапрыемстваў санітарная служба абмяжоўваецца папярэджаннем у дачыненні парушальнікаў санітарных нормаў і правілаў, у далейшым будуць прымацца меры адміністрацыйнага ўздзеяння ў выглядзе штрафаў.
Яшчэ адна важная функцыя, ускладзеная цяпер на работнікаў райЦГіЭ, – правядзенне эпідэміялагічнага расследавання выяўленых выпадкаў каранавіруснай інфекцыі, акрэсліваецца кола кантактаў першага і другога ўзроўняў згодна аператыўнай інфармацыі, якая паступае, у тым ліку і з іншых раёнаў. Разам з супрацоўнікамі РАУС санслужба штодзённа правярае, як грамадзяне выконваюць правілы самаізаляцыі.

– Па стане на 11 мая на самаізаляцыі знаходзяцца 39 жыхароў раёна. Хачу адзначыць, што большасць з іх адказна ставіцца да сітуацыі, усведамляе, што самаізаляцыя – гэта сур’ёзна, – адзначае Віталій Ціханаў.
Галоўны санурач нагадвае, што ўсе, хто з пацверджаным COVID-19 лечыцца дома, павінны пастаянна знаходзіцца па адрасе пражывання, ім забараняецца выходзіць на вуліцу, бо нават з захаваннем мер перасцярогі яны небяспечныя для тых, хто побач. Кантакты першага і другога ўзроўняў могуць хадзіць у аптэку, бліжэйшыя магазіны, але абавязкова ў медыцынскіх масках і пальчатках. Тыя, хто адпраўлены на самаізаляцыю, павінны забяспечыць правяраючым доступ у свае дамы ці кватэры і знаходзіцца пастаянна на дыстанцыйнай сувязі.
Першы намеснік начальніка РАУС Андрэй Гіль паведаміў, што ўжо складзены тры адміністрацыйныя пратаколы за парушэнне правілаў самаізаляцыі. Ён падкрэсліў:
– Гаварыць пра факт парушэння самаізаляцыі можна толькі пасля таго, як будзе вынесена адпаведнае рашэнне суда. Што тычыцца пакарання, то за такое парушэнне прадугледжаны штраф у памеры ад дзвюх да 50 базавых велічынь ці адміністрацыйны арышт.
Вышэйадзначаны кантроль прадаўжаецца, спісы самаізаляваных пастаянна абнаўляюцца.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.