Шлюб – падзея не радавая. Прамая лінія «ЛВ»

Аддзел загса звычайна асацыюецца са стварэннем сям’і і ўсімі атрыбутамі гэтай падзеі: прыгожымі маладымі, маршам Мендэльсона і кветкамі. Але ў раскладзе дня не толькі святочныя справы. Сфера адказнасці службы даволі шырокая і вельмі спецыфічная. З яе работай хаця б аднойчы сустракаецца літаральна кожны з нас. Начальнік аддзела загса райвыканкама Вольга НОВІК падчас прамой лініі «ЛВ» адказала на пытанні, якія датычаць дзейнасці аддзела.

– Цікавіць памер дзяржаўнай пошліны за рэгістрацыю заключэння шлюбу…
– На сёння яна складае адну базавую велічыню – 27 рублёў. Факт аплаты пацвярджаецца адпаведнай банкаўскай квітанцыяй. Плануецца, што ў бліжэйшы час аплаціць рэгістрацыю заключэння шлюбу ў аддзеле загса можна будзе і з дапамогай сістэмы АРІП. Зараз вырашаюцца некаторыя тэхнічныя моманты.

– Ці праўда, што можна скасаваць шлюб без звароту ў суд? За колькі дзён трэба падаць заяву?
– Сапраўды, з 2013 года можна зарэгістраваць скасаванне шлюбу і ў аддзеле загса. Для гэтага неабходна выкананне наступных умоў: узаемная згода мужа і жонкі, адсутнасць агульных непаўналетніх дзяцей і маёмасных спрэчак.
Працэдура займае месяц з моманту падачы сумеснай заявы аб скасаванні шлюбу.

– Хачу змяніць прозвішча. Што для гэтага неабходна?
– Звяртацца з заявай аб змене прозвішча ў органы загса могуць толькі грамадзяне Рэспублікі Беларусь, якія дасягнулі 16 гадоў. Для змены прозвішча патрэбны важкія прычыны. Напрыклад, немілагучнасць прозвішча ці цяжкасць яго вымаўлення, жаданне насіць агульнае прозвішча з мужам або вярнуць дашлюбнае прозвішча, калі пра гэта не было заяўлена пры разводзе. Таксама да важкіх прычын адносіцца жаданне насіць прозвішча айчыма (мачахі), які выхаваў заяўніка, або жаданне насіць прозвішча, імя, імя па бацьку адпаведнае нацыянальнасці. Сярод прычын можа быць жаданне вярнуць дашлюбнае прозвішча пасля смерці мужа і іншае. А вось проста таму, што хочацца, змяніць прозвішча нельга.
Справы аб змене імя загс перадае для атрымання заключэння ў аддзел унутраных спраў, таму змяніць прозвішча з мэтай схаваць непрыстойнае мінулае таксама не атрымаецца.
Для змены прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку ў орган загса прадастаўляюцца пашпарт, дзве фатаграфіі 3 на 4, пасведчанне аб рэгістрацыі актаў грамадзянскага стану, якія падлягаюць замене ў сувязі з рэгістрацыяй змены, дакументы, якія пацвярджаюць прычыну змены. За змену прозвішча, уласнага імя, імя па бацьку бярэцца дзяржаўная пошліна ў памеры дзвюх базавых велічынь
(54 рублі).
Тэрмін ажыццяўлення працэдуры змены прозвішча – два месяцы з дня падачы заявы. Штогод аддзелам загса афармляецца прыкладна 8-10 спраў па змене прозвішча.

– Хацеў бы атрымаць звесткі пра дзеда, які нарадзіўся ў 1919 годзе. Ці маецца такая інфармацыя ў загсе?
– Адзначу, што з такім пытаннем да нас звяртаюцца вельмі часта. На жаль, архіў па першасных запісах аб нараджэнні за даваенны перыяд па нашым раёне не захаваўся. Маюцца толькі метрычныя запісы пра тых, хто нарадзіўся, уступаў у шлюб ці памёр у прыходзе храма Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Крывошын за 1920 год, 1942-1946 гады (часткова), Макееўшчынскай капліцы прыхода рымска-каталіцкага касцёла Успення Божай маці Марыі ў Дараве за 1923-1929  гады. Тэрмін іх захоўвання ў загсе  (75 гадоў) сышоў, і кнігі перададзены на пастаяннае захоўванне ў Мінск у Нацыянальны гістарычны архіў.
У нашым загсе маюцца адноўленыя запісы актаў аб нараджэнні. Калі ваш дзед аднаўляў запіс акта аб нараджэнні ў пасляваенныя гады, тады такія звесткі можна атрымаць. Адзначу, што інфармацыя, якая захоўваецца ў службе, датычыць асабістага жыцця грамадзяніна, і заканадаўствам урэгуляваны парадак азнаямлення і атрымання інфармацыі з запісаў актаў грамадзянскага стану.
Між іншым, паслугі па пошуку звестак для складання радаводу аддзел загса не аказвае.

– Якія атрыбуты вяселля неабходны для рэгістрацыі шлюбу ў загсе?
– У аддзеле загса створаны неабходныя ўмовы для таго, каб рэгістрацыя прайшла прыгожа і запамінальна. Асобы, якія бяруць шлюб, прыносяць на рэгістрацыю заручальныя пярсцёнкі, ручнік.
Калі рэгістрацыя адбываецца па індывідуальным сцэнарыі, можа быць выкарыстана іншая неабходная атрыбутыка. Гэтыя моманты акрэсліваюцца з маладымі папярэдне.
Рэгістрацыя заключэння шлюбу не абмежавана памяшканнем аддзела загса. Праводзім абрад, напрыклад, ва ўстановах культуры, гістарычных і памятных месцах, архітэктурных ансамб-
лях і г. д. – толькі ў межах раёна. Паслуга гэта платная, абавязкова складаецца адпаведны дагавор. Дарэчы, даная паслуга даволі запатрабаваная ў нашым раёне. Землякі часта ладзяць шлюб, напрыклад, у аграсядзібах.

Пытанне ад «ЛВ»:
Як атрымаць у вас кансультацыю?
– Кансультацыі ў аддзеле загса даюцца бясплатна, як па тэлефоне, так і пры асабістым звароце. Для зручнасці грамадзян працуем з адным выхадным днём – у нядзелю. У сераду прыём праводзіцца з 8.00 да 20.00, у суботу з 9.00 да 12.00, у астатнія дні з 8.00 да 17.00.

На прамой лініі працавала Наталля ПЕРАПЕЧКА.