Начаўская пастараль. Сельгаспрадпрыемствы Ляхавіцкага раёна адкрылі перыяд пашавага ўтрымання жывёлы

Рабочы дзень Мікалая Чарапавіцкага (на здымку) і яго напарніка па «цэху» Яўгенія Генеральскага зараз праходзіць на пашы   ДП «Нача»

На тэму пашавага ўтрымання існуе два погляды, два супрацьлеглыя меркаванні. Прыхільнікі аднаго агітуюць за выгаду круглагадовага знаходжання парнакапытных на «зімовых кватэрах». Іх апаненты галасуюць за неабходнасць і рацыянальнасць вясенне-летне-асенняга выпасу буйной рагатай жывёлы. Абодва з бакоў прыводзяць аргументы, фарміруюць доказы ў абарону ўласнага меркавання. Пры гэтым і першыя, і другія не адмаўляюць пазіцыю аб параўнальных перавагах і недахопах кожнай з тэхналогій. Але позняя вясна, статкі выйшлі на траву.

Мікалай Чарапавіцкі і Яўгеній Генеральскі

Галоўны спецыяліст упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама Вераніка Макаранка гаворыць пра травы стрымана:
– Травастой сярэдні. Недахоп вільгаці на стартавым этапе вегетацыі не мог не паўплываць на яго рост. Разам з дажджамі апошняга часу травы некалькі падняліся, набралі масу. Але цяпер ужо стрымліваючым фактарам з’яўляюцца халодныя ночы ды і не надта «майскія» дні.
Па стане на сярэдзіну тыдня, з пашай «павіталася» пераважная большасць малочных статкаў гаспадарак раёна. ААТ «Шлях новы» выпусціў на пашу гурты з фермаў «Бажкі», «Галавачы» і «Вялікая Лотва», усе тры свае малочныя гурты выпасае СВК «Ляхавіцкі», на пашы знаходзілася і каля паловы жарабковіцкіх малочных статкаў. Па словах Веранікі Макаранка, ніякіх цяжкасцяў пераходу з адной тэхналагічнай плоскасці на другую не адзначана. Вытворчыя паказчыкі, як мінімум, не пагоршыліся. А ў шэрагу выпадкаў адзначаецца іх колькасны і якасны рост.
Апошняе сцвярджэнне адрасавана ў тым ліку і ў першую чаргу
ДП «Нача», якое выступіла ў якасці першапраходца, і на пашавым палетку якога мы пабывалі пару дзён назад. Каровы паводзілі сябе спакойна, адчувалі па-гаспадарску.
Дырэктар прадпрыемства Мікалай Тарлюк, як заўсёды, грунтоўны ў тлумачэннях:
– На пашу выйшлі яшчэ за тыдзень да мая. Паступова: спачатку жывёлу трымалі на траве непадалёку ад фермы і ўсяго па тры-чатыры гадзіны на дзень. У большай ступені, гэта былі прагулкі і імкненне паступова прывучыць-прызвычаіць кароў да спажывання зялёнай масы. Пасля 4-5 дзён жывёла была пераведзена на паўнацэннае пашавае ўтрыманне.
З пяці сваіх дойных гуртоў на пашы «Нача» трымае чатыры. Акрамя кароў з трох кароўнікаў МТФ «Цэнтр», гэта яшчэ і жывёла, што ўтрымліваецца на старых «Зубелевічах». На размешчаным у названай вёсцы сучасным малочнатаварным комплексе ніякіх пераходных мерапрыемстваў не адбудзецца. Там беспрывязная тэхналогія ўтрымання, дастаткова выгульных дворыкаў, адзначае Мікалай Сямёнавіч.
Апошнім часам у гаспадарцы адзначаны рост вытворчых паказчыкаў, даіць сталі больш і амаль ці не выключна «экстру». Хіба толькі на старых «Зубелевічах» зрэдку бывае «праскочыць» малако на прыступку ніжэйшага гатунку.
Але не травой адзінай: пасля дня на пашы, начаўскім кароўкам належыць яшчэ начны паёк у разліку 30 кілаграмаў кармавой сумесі на галаву: сілас, свежаскошаная свірэпіца, здробненае сена…
Але з 9 да 16 гадзін каровы, як расказалі даглядчыкі, аднаго з гуртоў Мікалай Чарапавіцкі і Яўгеній Генеральскі, на зялёнай дзялянцы. Патлумачылі таксама, што дзялянку-загонку ўзнікае патрэба мяняць звычайна чатыры разы на дзень. Памер абмежаванага электрапастухом умоўнага квадрата разлічваецца зыходзячы з паказчыка прыкладнай ўраджайнасці травы і колькасці жывёлы, што на ім выпасаецца. У распараджэнні Мікалая і Яўгенія – фурманка, абараніць ад дажджу-ветру, роўна як засцерагчы ад занадта надакучлівага – у перспектыве – сонца прызначаны адмыслова выраблены і пастаўлены на колы для мабільнасці дамок.
Працоўны дзень Мікалая Чарапавіцкага, Яўгенія Генеральскага, іх калег па цэху выходзіць далёка за рамкі дня пашавага: пачынаецца на ферме ці не ў 7 раніцы. Завяршаецца там жа і добра калі ў 17. Работа жывёлавода ніколі не была лёгкай.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.