У Ляхавічах у гарадскім Доме культуры прайшоў сход гаспадарчага актыву раёна

2012 год адышоў у гісторыю, стаўшы яшчэ адным крокам на шляху развіцця нашай краіны. Шэрагам рознапланавых здабыткаў і перамог адзначаны ён і на Ляхавіччыне. Зроблена і дасягнута нямала, але, тым не менш, не ўсе праблемныя пытанні зняты з парадку дня. Якім быў мінулы год, якім павінен стаць сёлетні — пра гэта ішла размова на традыцыйным сходзе гаспадарчага актыву раёна, які прайшоў у гарадскім Доме культуры ў мінулую пятніцу. Кіраўнікі органаў выканаўчай улады, мясцовага кіравання і самакіравання, прадпрыемстваў, устаноў, арганізацый, прадстаўнікі працоўных калектываў сабраліся разам, каб азірнуцца, зрабіць высновы, упэўнена і мэтанакіравана рухацца наперад.
Да пачатку пасяджэння на інфармацыйных стэндах і выставах можна было ў фае ГДК завочна азнаёміцца з развіццём розных сфер.
— Год беражлівасці павінен стаць годам эфектыўнай эканомікі. Якаснае абнаўленне і мадэрнізацыя народнагаспадарчага комплексу — аснова ўмацавання дабрабыту насельніцтва, — пачаў свой даклад старшыня раённага выканаўчага камітэта Дзмітрый Бурдук, падкрэсліўшы, што рэзервы для беражлівасці ёсць у кожным сектары народнай гаспадаркі. — Перш за ўсё неабходна мэтанакіравана працаваць над зніжэннем затрат на вытворчасць, змяншэннем сабекошту выпускаемай прадукцыі, павялічваць прадукцыйнасць працы — вось тая аснова для павышэння заработнай платы і дасягнення вынікаў у рашэнні задач, якія ставіць перад намі Прэзідэнт краіны. Усе мерапрыемствы павінны быць накіраваны на выхаванне ў кожнага на сваім працоўным месцы, у грамадскай рабоце, паўсядзённым жыцці пачуцця гаспадарчасці і беражлівасці.
Старшыня райвыканкама глыбока і ўсебакова прааналізаваў дасягнутае за папярэдні год, назваў канкрэтныя адрасы, дзе наяўны патэнцыял выкарыстаны не ў поўнай меры, і ёсць шляхі да хуткага і якаснага росту. Напрыклад, аб’ём прамысловай прадукцыі, выпушчанай прадпрыемствамі раёна (без уліку малых прадпрыемстваў) у фактычных цэнах, склаў 370 мільярдаў рублёў, што ў пераразліку ў супастаўныя ўмовы — 104 працэнты да аб’ёму 2011 года. Разам з тым, адпаведны паказчык на льнозаводзе складае 94 працэнты, у райаграсэрвісе 72 працэнты. Сітуацыю неабходна выпраўляць, і для гэтага ёсць магчымасці.
У дакладзе адзначана, што ўсе прамысловыя прадпрыемствы раёна спрацавалі ў 2012 годзе прыбыткова, а сярэдняя заработная плата ў гэтай галіне склала 3,3 мільёна рублёў, у снежні — 4,5 мільёна рублёў.
Дзмітрый Бурдук звярнуў увагу на тое, што самай важнай і да гэтага часу нявырашанай праблемай, прычым не толькі ў прамысловасці, але і ў іншых галінах, застаецца нізкая прадукцыйнасць працы. Вось тут сваё ключавое слова і павінна сказаць больш шырокая мадэрнізацыя вытворчасці.
— На кожным прадпрыемстве складзены план мадэрнізацыі на 2013-2015 гады. Ён павінен уключаць у сябе мерапрыемствы, выканаўшы якія, можна да канца 2015 года павялічыць прадукцыйнасць працы не на 10-20 працэнтаў, а ў некалькі разоў. У адваротным выпадку, ва ўмовах усё ўзрастаючай канкурэнцыі будзе практычна немагчыма выжыць на рынку, — рэзюмаваў дакладчык.
Гаворачы пра развіццё экспарту, Дзмітрый Бурдук канстатаваў, што асноўным экспарцёрам прамысловай прадукцыі ў раёне з’яўляецца наш малочны завод (38,3 працэнта), сваю важкую лепту ўносяць торфабрыкетны завод «Ляхавіцкі» (7,6 працэнта) і ТАА «Трансэлектракамплект» (7,1 працэнта). У сельскагаспадарчай вытворчасці роўных няма ЗТАА «БелДан» (42,7 працэнта). Сальда знешняга гандлю па выніках года са знакам «плюс».
Згодна распрацаванай і рэалізаванай дзяржаўнай праграмы падтрымкі малога прадпрымальніцтва ў раёне створаны і з году ў год падтрымліваюцца спрыяльныя ўмовы для развіцця прадпрымальнасці, расце колькасць работнікаў, занятых у малым і сярэднім бізнесе (у 2012 — на 200 чалавек больш, чым у папярэднім).
Ляхавіцкі раён аграрны, таму сельскагаспадарчая тэма сярод галоўных. У дакладзе дэталёва прааналізаваны вынікі работы аграрнага сектара, акрэслены перспектывы далейшага эфектыўнага развіцця сельскагаспадарчага комплексу раёна. За мінулы год тэмп росту валавой прадукцыі галіны склаў 106,8 працэнта пры прагнозе 104 працэнты. Не забяспечылі выхад па вытворчасці прадукцыі на 100-працэнтны ўзровень да 2011 года СВК «Ліпнянка» (93,9 працэнта) і ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» (98,3 працэнта). Прагнозны паказчык па тэмпах росту валавой прадукцыі не дасягнуты ў СВК «Дарава», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», ЗАТ «БелПа выніках работы ў 2012 годзе ў раёне няма стратных сельгаспрадпрыемстваў. Атрымана 72 мільярды рублёў чыстага прыбытку (129,4 працэнта да ўзроўню 2011 года). Рэнтабельнасць продажу склала 16,8 працэнта (самы высокі паказчык — 24,9 і 24,2 працэнта адпаведна ў «Шляху новым» і «Ляхавіцкім»).
Кіраўнік раёна, аналізуючы недапрацоўкі і парушэнні галіновых рэгламентаў пры апрацоўцы глебы, сяўбе і ўборцы сельгаскультур, асаблівую ўвагу звярнуў на неабходнасць строгага захавання аптымальных тэрмінаў сяўбы, пільнай увагі да выбару папярэднікаў, павышэння ўрадлівасці глебы, эфектыўнасці ўнясення мінеральных удабрэнняў і сродкаў аховы раслін, як і падбору якаснага і прадукцыйнага насеннага фонду.
Старшыня райвыканкама ўзгадаў першае месца, якое заняў наш раён у вобласці па вытворчасці піваварнага ячменю, другое месца за дасягненне высокіх паказчыкаў у вытворчасці зерневых і зернебабовых культур. Словы асаблівай удзячнасці былі адрасаваны хлебаробам СВК «Ляхавіцкі» (гаспадарка заняла трэцяе месца ў рэспубліканскім спаборніцтве на жніве-2012) і СВК «Шлях новы» (пераможца аналагічнага абласнога спаборніцтва). Разам з тым, 3 гаспадаркі раёна не дасягнулі ўраджайнасці 30 цэнтнераў з гектара: ЗТАА «БелДан», СВК «Востраў-Агра» і «Ліпнянка».
Дакладчык спыніўся на «плюсах» і «мінусах» у вырошчванні алейнага насення рапсу, бульбы, цукровых буракоў, ільновалакна, папаўненні машынна-трактарнага парка гаспадарак.
Ёсць пытанні і ў жывёлагадоўлі. Пагалоўе буйной рагатай жывёлы павялічылася на 878 галоў і складае 29291, аднак, у некаторых гаспадарках дапушчана зніжэнне пагалоўя. Усяго на 4 працэнты павялічылася вытворчасць малака і склала 51476 тон ці 95,3 працэнта да задання. У параўнанні з 2011 годам знізілі надоі СВК «Ліпнянка» (80,9 працэнта), райаграсэрвіс (82,6 працэнта), СВК «Дарава» (91,2 працэнта).
Нязначна (усяго на 3,7 працэнта) павялічылася таварнасць малака. З даведзеным заданнем па таварнасці — 90 працэнтаў — справіўся толькі СВК «Шлях новы» (90,1 працэнта). Дзмітрый Бурдук падкрэсліў, што галоўнай прычынай, па якой галіна працуе недастаткова эфектыўна, з’яўляецца адсутнасць адказнасці кадраў на месцах. На жаль, многія гаспадаркі не ўхіляюць недахопы, выяўленыя падчас праверак.
— Каб рухацца наперад, атрымліваць высокія надоі і прывагі, мала кінуць у кармушку сілас і высыпаць з мяшка камбікорм, неабходна да дробязяў захаваць тэхналогію. І гэта задача прыярытэтная не толькі для жывёлаводаў і спецыялістаў на месцах, але і для замацаваных спецыялістаў упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, якія павінны дапамагаць у пошуку шляхоў рашэння праблемы і дасягненні больш высокіх паказчыкаў, — падкрэсліў старшыня райвыканкама.
Кіраўнік раёна засяродзіў увагу на кадравым пытанні, якое лічыць вызначальным ва ўсіх галінах. Асаблівая ўвага павінна надавацца замацаванню маладых спецыялістаў у сельскай мясцовасці. Толькі дастойнай зарплатай моладзь у вёсцы не ўтрымаеш. Ёй патрэбны цывілізаваны распарадак рабочага дня, пакет сацыяльных выгод, набліжаных да гарадскіх, і, канешне, перспектывы кар’ернага росту, як і іншыя механізмы стымулявання.
На 2013 год раёну даведзена заданне па росце валавой прадукцыі ў грамадскім сектары 106 працэнтаў. У раслінаводстве сёлета плануецца давесці валавы збор зерня да 91 тыс. тон, рапсу — 7,9 тыс. тон, бульбы — 17,1 тыс. тон, цукровых буракоў — 86 тыс. тон. Будзе развівацца і жывёлагадоўля, павялічвацца пагалоўе БРЖ, валавая вытворчасць малака павінна скласці 56,7 тыс. тон, сярэдні надой на карову — 5300 кг малака, аб’ём рэалізацыі жывёлы і птушкі ўзрасце да 11 тыс. тон. Плануецца правесці рэканструкцыю 11 малочнатаварных фермаў, завяршыць будаўніцтва МТФ на 765 галоў на ўчастку «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік» СВК «Шлях новы». Павінны быць выкананы і іншыя прагнозы.
Учарашні і сённяшні дзень будаўнічай галіны раёна таксама знайшоў адлюстраванне ў дакладзе. Гэта тэма асабліва актуальная яшчэ і таму, што сёлета ў Ляхавічах пройдзе абласны фестываль-кірмаш «Дажынкі-2013». Да яго правядзення плануецца завяршыць рамонт будынка кінатэатра, цэнтральнай раённай бібліятэкі, рэканструкцыю з мадэрнізацыяй паліклінікі, рэканструкцыю стадыёна і рамонт ДЮСШ, будаўніцтва станцыі абязжалезвання вады ў райцэнтры. Сярод запланаванага — вялікі аб’ём работ па капітальным рамонце жыллёвага фонду па вуліцах Леніна, Южакова, Чкалава, Гагарына ў райцэнтры, рэканструкцыя інтэрната пад жылы дом па вуліцы Леніна. Шэраг вуліц будзе добраўпарадкаваны. Плануецца маштабная рэканструкцыя вуліцы Леніна, добраўпарадкаванне плошчаў Леніна і Перамогі і інш.
Не абышоў увагай Дзмітрый Бурдук і сацыяльную сферу раёна. У прыватнасці, гаварыў пра рост заработнай платы, стварэнне належных умоў для далейшага паляпшэння якасці адукацыі, медыцынскага абслугоўвання насельніцтва, пра стан правапарадку на тэрыторыі раёна. Напрыканцы выступлення старшыня райвыканкама падзякаваў усім працоўным калектывам Ляхавіччыны за работу, ініцыятыўнасць і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці.
Сваімі думкамі і меркаваннямі пра развіццё сельскай гаспадаркі раёна падзяліўся на сходзе гаспадарчага актыву намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Варажун. Усё ад «а» да «я» пра здабыткі, перспектывы і праблемы ў сацыяльнай сферы назвала намеснік старшыні райвыканкама Святлана Юрлевіч. Яна канкрэтна гаварыла пра развіццё і праблемы адукацыі, аховы здароўя, пра спартыўныя дасягненні нашых землякоў і патэнцыял, які дапаможа дасягнуць поспехаў у розных накірунках. Спынілася і на пытаннях аказання адраснай сацыяльнай дапамогі, падтрымкі пажылых і адзінокіх людзей.
Начальнік аддзела адукацыі Леанід Калбаса расказаў, што ўяўляе сабой адукацыйная прастора Ляхавіччыны, якія пытанні вырашаны, а якія стаяць на парадку дня.
Галоўны ўрач ЦРБ Уладзімір Усцюшкоў лічыць: каб медыцына раёна была здаровай, неабходна, перш за ўсё, вырашыць кадравае пытанне.
У выступленні начальніка аддзела архітэктуры і будаўніцтва Людмілы Буханавай размова ішла пра стан спраў у будаўнічай галіне. Адзначана, што за кошт усіх крыніц фінансавання ўведзены ў эксплуатацыю 7531 метр квадратны жылля. Здадзены ЖБСК-18, ЖБСК-19, індывідуальныя забудоўшчыкі пабудавалі 32 аднакватэрныя дамы.
Старшыня СВК «Жарабковічы» Віталій Бусько гаварыў пра справы і праблемы сельгаскааператыва.
Якім быў шлях да выпуску першага не толькі на Ляхавіччыне, але і на Брэстчыне аўтамабіля МАЗ, расказаў дырэктар ПУП «Аўтацэнтр «Вікторыя» Віктар Шчука.
Стараста вёскі Бенькаўцы Надзея Патапчык распавядала пра сваіх землякоў, пра тое, як яны разам добраўпарадкуюць не толькі свае двары, але і вёску ў цэлым, пра дапамогу Крывошынскага сельвыканкама і ЗАТ «Белпрампрыбор».
Кіраўнік справамі Брэсцкага аблвыканкама Антон Стэльмах, які прыняў удзел у сходзе, адзначыў, што ў дасягненнях Ляхавіцкага раёна нямала станоўчых момантаў і паспяховых вынікаў. Радуе і тое, што кіраўніцтва раёна ўсведамляе, у чым яшчэ ёсць недапрацоўкі, і вызначае, як іх вырашаць.
— У цэлым у Ляхавіцкага раёна добры патэнцыял — і кадравы, і эканамічны, — каб развівацца больш дынамічна і паспяхова. У вашым рэгіёне ёсць усё неабходнае, каб быць на вышыні па многіх паказчыках, — зазначыў Антон Стэльмах.
Шмат цёплых і шчырых слоў у адрас ляхавічан гаварылі госці з суседніх раёнаў — Клецкага і Нясвіжскага.
Традыцыйным завяршальным акордам сходу стала канцэртная праграма.
Галіна КАНЬКО.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *