Герой нашага часу. Гэта пра загадчыка інфекцыйнага аддзялення Ляхавіцкай райбальніцы

Яшчэ два гады назад выпускнік Віцебскага дзяржаўнага медыцынскага ўніверсітэта Арцём Кабушка (на здымку) нават уявіць не мог, што ў статусе маладога спецыяліста апынецца на самай што ні ёсць перадавой – будзе ратаваць здароўе і жыццё людзей ад каварнай і мала вывучанай хваробы.

Нягледзячы на невялікі стаж работы, Арцём Уладзіміравіч ужо мае сур’ёзны вопыт урачэбнай дзейнасці. Пачынаў урачом Крывошынскай участковай бальніцы. Маладога перспектыўнага спецыяліста заўважылі, ацанілі. І прапанавалі пасаду загадчыка інфекцыйнага аддзялення райбальніцы.

Менавіта Арцём Кабушка стаў адным з першых ляхавіцкіх медыкаў, якія ўступілі ў барацьбу з каранавірусам. Дарэчы, яго жонка Валерыя, як і муж, таксама на перадавой: яна загадчык аддзялення ўрача агульнай практыкі паліклінікі.
Апошнім часам Арцём куды радзей апранае сваю традыцыйную медыцынскую форму – белы халат. Цяпер яго звыклае адзенне –
супрацьчумны касцюм, у якім доктар больш падобны на касманаўта, чым на ўрача. Але ж бяспека – пацыентаў, свая, калег – куды важней знешняй прыгажосці і зручнасцей.
–Канешне, напачатку куды цяжэй, бо гэты вірус дагэтуль быў невядомы. Не было і адзіных алгарытмаў лячэння, бо нейкіх канкрэтных лякарстваў менавіта супраць COVID-19 пакуль не прыдумана. Таму змагаліся ўсімі вядомымі метадамі. Сітуацыю змякчаў той факт, што антысептыкамі, маскамі, рэспіратарамі, халатамі, касцюмамі наша райбальніца забяспечана поўнасцю. Падключыліся спонсары, неабыякавыя грамадзяне, дзякуй ім за дапамогу. Падтрымліваюць нас і валанцёры – члены БРСМ, самадзейныя артысты. Адзначу, што ў ЦРБ дастатковы ложкавы фонд, хапае кіслародных кропак, апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх, лякарстваў. І бадай самае важнае – у нас зладжаны калектыў. Стараемся разам даць адпор каранавірусу. Радуемся кожнаму пацыенту, які выздараўлівае. Гэта галоўная адзнака нашай рабоце, – гаворыць Арцём Кабушка.
Пра Арцёма Уладзіміравіча і яго шматлікіх калег-медыкаў, якія зараз змагаюцца з каранавірусам за кожнага пацыента, можна без перабольшання сказаць: героі нашых дзён. Мы верым у вас, спадзяёмся на вас і давяраем вам самае галоўнае – жыццё.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

ТРК «Брэст» правяла 19 мая тэлемарафон «Дзякуй, доктар» у падтрымку медыцынскіх работнікаў. Вядучыя і госці тэлеканала «Беларусь-4» і радыё «Брэст» у прамым эфіры расказалі пра работу медыкаў рэгіёна падчас пандэміі.