У камп’ютарнай базе даных дырэктара Ляхавіцкай племстанцыі на кожную карову малочнага статка раёна складзена радаслоўная

Для чаго гэта трэба? Па словах дырэктара племстанцыі, калі ёсць такая інфармацыя, то, як на далоні, бачны ўсе характарыстыкі жывёліны, у тым ліку, генетычны патэнцыял. Пад кантролем спецыялістаў усе асноўныя напрамкі дзейнасці, якія ўплываюць на прадукцыйнасць статка. Аналагічная база даных павінна быць ва ўсіх гаспадарках раёна. А першапраходцам у гэтым, як і ў арганізацыі племянной справы наогул, з’яўляецца СВК «Ляхавіцкі». Пачынаючы з 90-х гадоў, тут працуюць над атрыманнем і ўвядзеннем у асноўны статак высокапрадукцыйнай жывёлы, укараненнем перадавых тэхналогій утрымання і кармлення — усё для таго, каб мець максімальныя надоі і прывагі. Сёння жывёлагадоўчая галіна СВК «Ляхавіцкі» — самая прадукцыйная і паказальная ў раёне па ўсіх параметрах. Па базе даных Кацярына Фірусь прадэманстравала вынікі работы гаспадаркі ў племянной справе. У элітным статку ўсё больш кароў, ад якіх надойваюць у год па 9, 10, 11 тысяч кілаграмаў малака. Для многіх гэта недасягальная мяжа, а для жывёлаводаў «Ляхавіцкага» — рэальны вынік настойлівай шматгадовай працы. Генетычны патэнцыял малочнага статка на сёння 8500 кілаграмаў малака ад кожнай каровы. У 2012 годзе ў сельгаскааператыве сярэдні надой на карову склаў 7217 кілаграмаў малака. Іншымі словамі, генетычны патэнцыял малочнага статка пакуль працуе на 85 працэнтаў. Як адзначае Кацярына Фірусь, работа па найбольш поўным выкарыстанні рэзерваў працягваецца. Племянная гаспадарка СВК «Ляхавіцкі» паспяхова рэалізуе на дзяржплемпрадпрыемства вобласці ў селекцыйна-гібрыдны цэнтр маладых высокапародных бычкоў, якія папярэдне праходзяць усе генетычныя тэсты, што пацвярджаюць іх прыналежнасць да эліты. Сельгаскааператыў мае магчымасць рэалізоўваць іншым гаспадаркам высокапрадукцыйных цялушак. Сярэднясутачныя прывагі рамонтных цялушак складаюць 755 грамаў, а цялят да шасцімесячнага ўзросту — 810 грамаў — тэхналагічныя параметры поўнасцю вытрымліваюцца. Па такім жа шляху аднаўлення і развіцця племянной справы ідуць спецыялісты і жывёлаводы СВК «Шлях новы». На сённяшні дзень яны выкарыстоўваюць генетычны патэнцыял малочнага статка на 80 працэнтаў. У гаспадарцы атрымалі, падгадавалі і адправілі ў селекцыйна-гібрыдны цэнтр двух высокапародных бычкоў. Значыць, ёсць магчымасці развіваць племянную справу, дабівацца яшчэ большых колькасных і якасных паказчыкаў у жывёлагадоўлі ў цэлым. Аграрны каледж рыхтуе будучых спецыялістаў сельскагаспадарчай вытворчасці. У аснове навучання — спалучэнне тэорыі і практыкі. Малочны статак, які ўтрымліваецца на ферме каледжа, высокапрадукцыйны. Летась ад кожнай каровы тут надаілі па 7568 кілаграмаў малака. Па словах дырэктара племстанцыі, пералік гаспадарак, дзе на ўзроўні арганізавана племянная справа, на гэтым заканчваецца. У цэлым жа па раёне нізкі выхад цялят на 100 кароў, а, значыць, і прадукцыйнасць статка адпаведная. Напрыклад, у СВК «Востраў-Агра» атрымана ўсяго 54 цяляці, ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс» — 60, у СВК «Ліпнянка» — 61. А па раёне — 70 галоў маладняку на 100 кароў (на 5 цялят менш, чым у 2011 годзе). У большасці гаспадарак не захоўваецца тэхналогія кармлення і ўтрымання жывёлы, шмат пытанняў узнікае да ветэрынарнай і заатэхнічнай службаў наконт здароўя і аднаўлення статка.

— Для ўсіх гаспадарак рэкамендацыі аднолькавыя, — гаворыць Кацярына Фірусь. — Павінна дзейнічаць паточная сістэма асемянення цялушак. Жывёла сартуецца па секцыях, даследуецца і трымаецца пад кантролем. Выкананне патрабаванняў гэтай няхітрай сістэмы дазваляе зніжаць непрадукцыйнае выбыццё жывёлы.

На ўсіх фермах павінны выдзяляцца 2 перыяды сухастою, арганізоўвацца секцыі расцёлу на глыбокай падсцілцы, выкарыстоўвацца паточна-цэхавая сістэма вытворчасці малака. Толькі пры захаванні паўнацэннага кармлення можна атрымаць здаровы прыплод, павысіць прадукцыйнасць жывёлы і скараціць яе невытворчае выбыццё.  Дырэктар племстанцыі засяроджвае ўвагу і на кадравай праблеме, якая напаткала многія гаспадаркі, асабліва СВК «Востраў-Агра»: няма ветурача, тэхнікаў-асемянатараў. Патрабуюцца спецыялісты ў ЗАТ «Белпрампрыбор», СВК «Дарава», «Тальмінавічы», «Ліпск», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Папраўляць становішча ў арганізацыі і вядзенні племянной справы, аднаўленні статка і, у выніку, дабіцца павелічэння вытворчасці прадукцыі жывёлагадоўлі патрэбна абавязкова і тэрмінова. Пад кіраўніцтвам спецыялістаў племстанцыі і райсельгасхарчу ў гаспадарках распрацаваны адпаведныя мерапрыемствы, канкрэтныя заданні на год і на кожны квартал. — А яшчэ, — дзеліцца планамі Кацярына Фірусь, — мы запрасілі групу навукоўцаў з Віцебскай ветэрынарнай акадэміі, якія прааналізуюць работу жывёлагадоўчых падраздзяленняў гаспадарак, правядуць вучобу з кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў, зааветспецыялістамі, загадчыкамі фермаў. Сярод асноўных пытанняў — аднаўленне статка, лячэнне і прафілактыка захворванняў жывёлы, штучнае асемяненне, тэхналогіі кармлення і г.д. У якасці станоўчых прыкладаў будуць выкарыстаны напрацоўкі племянной гаспадаркі — СВК «Ляхавіцкі», на якую павінны раўняцца ўсе сельгаспрадпрыемствы раёна.

Аліна ЛАПІЧ.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *