Ініцыятыўныя групы прыступілі да работы. У Беларусі ідзе збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты

Цэнтрвыбаркам 20 мая завяршыў рэгістрацыю ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у Прэзідэнты Беларусі.

Зарэгістраваны ініцыятыўныя групы Віктара Бабарыкі, які часова не працуе, дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча, фермера Юрыя Ганцэвіча, індывідуальнага прадпрымальніка старшыні ПАГА «Рух «За Свабоду» Юрыя Губарэвіча, сустаршыні РДАГА «Гавары праўду» Андрэя Дзмітрыева, індывідуальнага прадпрымальніка Ганны Канапацкай, дырэктара ПТУП Наталлі Кісель, галоўнага бухгалтара ЖБСК № 791 Вольгі Кавальковай, выконваючага абавязкі старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Мікалая Казлова, Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі, пенсіянера Уладзіміра Няпомняшчых, майстра перманентнага макіяжу і татуіроўкі Аляксандра Таболіча, Святланы Ціханоўскай, якая часова не працуе, індывідуальнага прадпрымальніка Валерыя Цапкалы, дырэктара ТАА «С58 Тэхналоджыс» Сяргея Чэрачня.

У Беларусі з 21 мая па 19 чэрвеня ўключна будзе ісці збор подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у Прэзідэнты.
Збіраць подпісы будуць 15 ініцыятыўных груп, зарэгістраваных у ЦВК прэтэндэнтамі на вышэйшую дзяржаўную пасаду. Каб вылучыцца кандыдатам у Прэзідэнты, трэба заручыцца падтрымкай не менш як 100 тысяч паўналетніх грамадзян Беларусі, якія маюць выбарчае права.
Паставіць подпіс можна за некалькі кандыдатур, але за адну і тую ж – толькі раз. Члены ініцыятыўных груп маюць права знаёміць выбаршчыкаў з біяграфіяй прэтэндэнтаў на пасаду Прэзідэнта, але інфармацыйныя і іншыя матэрыялы пра іх не раздаюцца.

З улікам эпідэміялагічнай абстаноўкі зборшчыкі подпісаў павінны прытрымлівацца рэкамендацый Міністэрства аховы здароўя па пытаннях прафілактыкі каранавіруснай інфекцыі: насіць маскі, апрацоўваць рукі антысептыкам і г. д.

Як паведамлялася, Палата прадстаўнікоў назначыла прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. У адпаведнасці з каляндарным планам, вылучэнне кандыдатаў пройдзе з 20 чэрвеня па 4 ліпеня, рэгістрацыя – з 5 па 14 ліпеня. Пасля гэтага стартуе перыяд перадвыбарнай агітацыі. Датэрміновае галасаванне на выбарах адбудзецца з 4 па 8 жніўня. Вынікі выбараў Цэнтрвыбаркам павінен падвесці не пазней за 19 жніўня. Другі тур, калі ў ім будзе неабходнасць, згодна з планам павінен прайсці не пазней як у двухтыднёвы тэрмін, гэта значыць 23 жніўня.

БЕЛТА.