Для інтэграцыі шырокія перспектывы

Пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета пад старшынствам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі прайшло 19 мая ў рэжыме відэа-канферэнцыі.

Па прапанове Прэзідэнта Беларусі лідары краін пяцёркі правялі пасяджэнне ў нестандартным фармаце, аб’яднаўшы вузкі і пашыраны склады.
Гаворачы аб парадку дня пасяджэння, Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што галоўным пытаннем з’яўляецца прыняцце Стратэгічных напрамкаў развіцця еўразійскай эканамічнай інтэграцыі да 2025 года. «Гэты дакумент – гэта адначасова і план дзеянняў па паглыбленні адносін, і своеасаблівы паваротны пункт на шляху аднаўлення і павышэння тэмпаў развіцця эканомік нашых краін», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт заўважыў, што падрыхтоўка дакумента ішла складана, але ў цэлым бакам удалося выйсці на ўзгодненыя рашэнні па ўсіх напрамках паглыблення інтэграцыі. У сувязі з гэтым ён падзякаваў удзельнікам за канструктыўны падыход.
Пакуль неўрэгуляваным застаецца пытанне цэнаўтварэння на паслугі па транспарціроўцы газу на агульным рынку ЕАЭС.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што бягучая сітуацыя ў свеце і на постсавецкай прасторы знаходзіцца ў пастаяннай дынаміцы. Нягледзячы на гэта, відавочна, што яе ўспрыманне ў большасці краін пачынае кардынальна мяняцца.

«Працяглыя каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых граніц і непрацуючых прадпрыемстваў які-небудзь значны час утрымліваць ад спаду нацыянальныя эканомікі», – падкрэсліў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што ўсё часцей гучаць самыя негатыўныя прагнозы экспертаў для асобных дзяржаў і нават кантынентаў на бліжэйшую і аддаленую перспектыву. Адной з найбольш асаблівых праблем яны называюць пытанне забеспячэння насельніцтва прадуктамі харчавання. «Таму сёння нам вельмі важна знайсці шляхі захавання сельскагаспадарчых і прамысловых галін нашых краін, адначасова прыняўшы ўсе меры па абароне людзей», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Спадзяёмся, што Расія як лакаматыў нашага інтэграцыйнага аб’яднання будзе суадносіць меры, якія прымаюцца па аднаўленнні эканамічнага росту, з нашымі дамоўленасцямі ў рамках саюза па забеспячэнні свабоднага доступу тавараў на рынкі краін», – дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Лідары ЕАЭС у цэлым адобрылі стратэгічныя напрамкі развіцця інтэграцыі, але адправілі дакумент на дапрацоўку.
Усяго ў час саміту кіраўнікі дзяржаў прынялі рашэнні па дзесяці пытаннях. У тым ліку абмеркавалі вынікі міжнароднай дзейнасці ў мінулым годзе і зацвердзілі асноўныя арыен-ціры макраэканамічнай палітыкі краін ЕАЭС на 2020-2021 гады.
Наступнае пасяджэнне Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савета плануецца правесці ў кастрычніку-лістападзе ў Мінску ў вочным фармаце. Гэту ініцыятыву Прэзідэнта Беларусі падтрымалі астатнія ўдзельнікі пасяджэння.

Па матэрыялах БЕЛТА.