Акваторыя з сэрвісам. Афіцыйныя зоны адпачынку ў Ляхавіцкім раёне атрымалі пашпарты гатоўнасці

Рана ці позна, цяпло прыйдзе. І прынясе з сабой усе летнія прыемнасці, у тым ліку – адкрыццё купальнага сезона.

Як нагадаў старшыня раённага савета Асвода Віктар Прыхач, рашэннем райвыканкама зацверджаны пералік месцаў масавага адпачынку, дзе дазволена купанне: гарадскі пляж на рацэ Ведзьма ў райцэнтры і пляж на рацэ Шчара ў аграгарадку Дарава знаходзяцца на балансе КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ», пляж на вадаёме для адпачываючых у аздараўленчым лагеры «Чайка» – аддзела па адукацыі райвыканкама.

Штогод напачатку мая камісія, у складзе якой прадстаўнікі раённай улады, прыродаахоўнай і санітарнай службаў, вы-ратавальнікі,   правярае гатоўнасць месцаў масавага адпачынку да летняга сезона. Адпаведная работа праведзена і сёлета.
Перш чым камісія прыступіла да праверкі гатоўнасці, папрацавала вадалазная служба. Віктар Прыхач расказаў:
– Вадалазы абследавалі і ачысцілі дно рэк у акваторыі зон адпачынку. Акрамя таго, супрацоўнікі райЦГіЭ даследавалі ваду і пясок на адпаведнасць санітарна-гігіенічным нормам. Матросы-выратавальнікі прайшлі планавае навучанне на Баранавіцкай выратавальнай станцыі, здалі неабходныя спецнарматывы. Усе выратавальныя пункты (у горадзе – ад абласнога савета Асвода, Дараве – Ляхавіцкай ЖКГ) належна падрыхтаваны. Як і штогод,
выратавальнікі будуць сачыць за бяспекай і парадкам, назіраць, каб адпачываючыя не заплывалі за буйкі, не распівалі спіртныя напіткі і г. д. Асаблівая ўвага – бяспецы. На што, у першую чаргу, звярталі ўвагу супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях? Па словах старшага інжынера РАНС Дзмітрыя Новіка, правяралі стан пірсаў, канструкцый, гульнявых пляцовак і г. д. Выснова – выратавальныя станцыі ў поўнай гатоўнасці. На стэндзе – правілы паводзін на вадзе, аказання першай медыцынскай дапамогі, даныя пра тэмпературу вады і паветра. Распрацаваны графік вывазу смецця.  
Віктар Прыхач пацвердзіў, што ўсе афіцыйныя зоны адпачынку атрымалі пашпарты гатоўнасці.
– Работнікі жылкамунгаса абнавілі малыя архітэктурныя формы, пафарбавалі лаўкі. Адрамантаваны кантэйнерныя пляцоўкі, устаноўлены ёмістасці для паасобнага збору адходаў, трава вакол падкошана – парушэнняў прыродаахоўнага заканадаўства не выяўлена, – расказала начальнік райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Іна Траяноўская.
Дарэчы, сёлета камунальнікі асабліва пастараліся на добраўпарадкаванні гарадскога пляжа. Уладкавана пешаходная дарожка ад шлагбаўма да зоны адпачынку, больш камфортнай стала аўтастаянка, пашырылася тэрыторыя пляжа.
– У цёплы сезон асаблівая ўвага на якасць вады: той, якую мы спажываем і ў якой збіраемся купацца. Абавязкова звяртайце ўвагу на дошкі аб’яў у месцах санкцыянаванага адпачынку. У выпадку забароны ці абмежавання купання адпаведная інфармацыя там абавязкова размяшчаецца. Не варта ігнараваць гэтую акалічнасць, бо калі хоць некалькі кропель вады з павышаным утрыманнем кішэчнай палачкі трапіць у рот, чалавек можа захварэць. На працягу купальнага сезона нашы спецыялісты, акрамя адбору проб вады на мікрабіялагічныя і санітарна-хімічныя паказчыкі, будуць сачыць за выкананнем санітарных нормаў на пляжах зон адпачынку, – падкрэслівае галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Віталій Ціханаў. Ён звярнуў увагу і на культуру паводзін адпачываючых. Калі прыбіраць пасля сябе смецце, выкі-даць яго ў спецыяльныя кантэйнеры, не давядзецца наступны раз адпачываць на брудным пляжы.
Станоўчыя ўражанні ў камісіі засталіся і пасля наведвання зоны адпачынку ў аграгарадку Дарава. Санітарныя і іншыя патрабаванні вытрыманы: тэрыторыя добраўпарадкавана пасля зімы, падфарбаваны лаўкі, кабінкі для пераапранання, зроблены касметычны рамонт іншых прыстасаванняў. Тут ужо каторы год сезонна дзейнічае ведамасны выратавальны пост, які  жылкамунгас уладкаваў за ўласныя сродкі. Сюды, асабліва ў выхадныя дні, прыязджае  мноства людзей не толькі з Ляхавіцкага раёна, але і з Баранавіцкага. Так што пільнае вока матроса-выратавальніка лішнім не будзе.
Усе пляжы гатовы, цяпер справа толькі за надвор’ем.

Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.