Запахла шчаўем. На Ляхавіцкім кансервавым заводзе за змену перапрацоўваюць да 10 тон шчаўя

Па водару, што распаўсюдзіўся над горадам, стала відавочна: вырасла шчаўе. Дырэктар ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» Аляксандр Вашчук пацвярджае:
– Сапраўды, толькі паспеў сысці з канвеера бярозавы сок, як у справу пайшла гэтая карысная культура. З 14 мая
на прадпрыемстве пачалі зрэзку і перапрацоўку шчаўя. Сёлета пад гэта зяленіва плошчы павялічылі на адзін гектар – засеялі чатыры з паловай гектары на нашым падсобным участку. Арыентаваліся на высокі попыт, які на гэты від прадукцыі заўсёды адчувальны. За некалькі дзён сабралі 40 тон шчаўя – неблагая ўраджайнасць. Дарэчы, Ляхавіцкі завод адзін з нямногіх у краіне ў такіх маштабах выпускае кансерваванае шчаўе, пастаўкі яго наладжаны ў гандлёвыя сеткі рэспублікі, санаторыі і бальніцы і г. д. Кансерваванае шчаўе адпраўляецца і на экспарт. Ужо дзве машыны з беларускай вітаміннай прадукцыяй «адкамандзіраваны» спажыўцам у Расію. За сезон прадпрыемства 5-6 разоў здымае ўраджай гэтай культуры і рыхтуе паўфабрыкат для смачных першых абедзенных страў. Да канца верасня плануецца выпусціць і паставіць у гандлёвыя сеткі рэспублікі і замежжа каля мільёна ўмоўных слоікаў такой прадукцыі.
Сёння на прадпрыемстве за змену перапрацоўваюць да 10 тон шчаўя.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.