Гэта ж сянаж. «Жарабковічы» адкрылі сезон корманарыхтовак

Механізатары Аляксандр Сакалоўскі, Андрэй Ткачэнка.

 Пад націскам касілак першыя пракосы ляглі больш як тыдзень назад. А які маляўнічы ландшафтна-аграрны эксклюзіў быў да гэтага! Цераспалосіца ярка-жоўтага з глыбокім зялёным колераў. Размешчаныя поруч з ажыўленай трасай пасевы, па словах спецыялістаў гаспадаркі, выклікалі немалы інтарэс у людзей.

Цяпер ужо там абсалютна іншы і фон, і палявы расклад: дзве сотні, у агульнай колькасці, гектараў пачаргова пасеяных азімых зерневых і свірэпіцы скошаны, вытрыманы да стану сянажнай масы і пакладзены ў кармавыя траншэі. Адна з іх, масай пад 700 тон, размяшчаецца за пару соцень метраў ад краю палетка –
у Канюхах. А вось за работамі па закладцы яшчэ адной – у Жарабковічах – сянажнай ёмістасці некалькі дзён назад давялося паназіраць. Аператыўнасці кормаўборачных тэмпаў і пастуборачных работ можна пазайздросціць: на касавічным полі на «пяты» граблям-валкавальніку наступаў корманарыхтоўчы комплекс «Джон Дзір», якога, у сваю чаргу, «падпіраў» трактар з плугамі.
Намеснік дырэктара прадпрыемства па раслінаводстве Сяргей Каляда расказаў, што за сезон з гэтых дзвюх соцень гектараў ёсць намер сабраць два ўраджаі. Да бікампанентнага сенажу па восені дабавіцца кукурузны сілас.
На дастаўку сянажнай масы з поля да месца траншэйнага складзіравання гаспадарка «выпісала» нарад васьмі адзінкам транспарту: трактары МТЗ, аўтамабілі МАЗ, КамАЗ. Работа ўмоўнага звяна адвозчыкаў па схеме вельмі нагадвала работу канвеера. На прыкладна роўных адрэзках адзін ад другога аўтамабілі-трактары прыбывалі ў «траншэйны гарадок» жарабковіцкага жывёлагадоўчага комплексу. Момантамі ў чаканні выгрузкі апошнім даводзілася ахвяраваць парай-тройкай мінут. Пры тым, што два «Кіраўцы»-трамбоўшчыкі працавалі, не пакладаючы сваіх лапат-адвалаў. Ашчадная трамбоўка – адна з галоўных аперацый у схеме траншэйнай закладкі якасных травяністых кармавых адзінак. Як і тэрмін паміж стартам і фінішам работ у адносінах канкрэтнай траншэі. Трамбоўка – максімальна шчыльная, тэрміны – мінімальна кароткія.

Іван КАВАЛЕНКА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.