Реконструкционные и ремонтные работы ведутся в Ляховичах на объектах социально-бытового и административного назначения, в жилищном секторе

І калі некаторыя з іх прадаўжаюцца, узяўшы старт у мінулым годзе (такіх амаль палова ад усёй колькасці) — паліклініка, бальніца, дзіцячыя сады, кінатэатр, цэнтральная бібліятэка, — то на астатніх работы распачаліся і павінны завяршыцца сёлета. Дарэчы, усе аб’екты (акрамя мадэрнізацыі з рэканструкцыяй паліклінікі і будаўніцтва станцыі абязжалезвання вады, якія фінансуюцца за кошт сродкаў абласнога бюджэту) атрымліваюць фінансаванне з раённага бюджэту. Работы згодна папярэдне складзенага плана размеркаваны паквартальна, і такі парадак строга выконваецца.
Як расказаў намеснік старшыні райвыканкама Валерый Богнат, генеральнымі падрадчыкамі ўсіх рамонтных работ выступаюць ляхавіцкія арганізацыі: ПМК-13, ПМК-17 і ДРБУ-200, якія, у сваю чаргу, заключаюць дагаворы з падрадчыкамі — будаўнічымі прадпрыемствамі Ганцавіч, Брэста, Пінска. Атрыманы аванс на набыццё неабходных будаўнічых матэрыялаў, таму работы не павінны спыняцца.
Штотыднёва ў намесніка старшыні райвыканкама праводзіцца рабочая нарада з кіраўнікамі будаўнічых арганізацый, на якой аналізуюцца выкананыя работы, вызначаюцца задачы на бліжэйшую перспектыву.
Што датычыцца жыллёвага сектара, то запланаваны рамонт 14 шматкватэрных дамоў па вуліцах Леніна, Камсамольскай, Чкалава і Южакова ў райцэнтры.
Дамы №№ 46, 46а, 37, 45, 48 а, 44 па вуліцы Леніна ў Ляхавічах рэканструююць будаўнікі канцэрна «Пінсксаўгасбуд». Зараз ва ўсю ідуць работы па замене і рамонце дахаў шматпавярховікаў, якія плануецца завяршыць да канца сакавіка. Чаму менавіта зараз? Усё вельмі проста: зімой выпадае меншая колькасць ападкаў, чым вясной. Як адзначыў Валерый Богнат, будзе праведзена халодная рэабілітацыя дамоў (умацаванне будаўнічай сеткі, атынкоўка, каляровае афармленне фасадаў). Пра каляровую гаму свайго дома (як, дарэчы, і пра іншыя падрабязнасці рамонту) жыльцы пры жаданні могуць даведацца ў камунгасе ці ў галоўнага архітэктара. Будуць заменены вокны на лесвічных пляцоўках у пад’ездах, пабудаваны ці адрамантаваны лоджыі, добраўпарадкаваны прыдамавыя тэрыторыі. А двухпавярховы дом № 19 па вуліцы Леніна чакае поўная мадэрнізацыя, у тым ліку перавод на газавае ацяпленне і капітальны рамонт. На ўсё вышэйпералічанае ўжо выдаткавана звыш 16 мільярдаў рублёў.
Як адзначыў Валерый Богнат, асаблівая ўвага надаецца пытанням аховы працы на будаўнічых пляцоўках. Пастаянна праводзіцца маніторынг выканання правіл тэхнікі бяспекі, а пры выяўленні парушэнняў кантралюецца іх ухіленне.
Літаральна днямі пачнецца шырокамаштабная рэканструкцыя плошчы Леніна ў райцэнтры.
— Спадзяёмся, што ляхавічане з разуменнем і цярпеннем паставяцца да часовых нязручнасцей, якія будуць звязаны з рамонтнымі работамі. Затое якім прыгожым, сучасным, добраўпарадкаваным стане пасля абнаўлення наш горад, — падкрэсліў Валерый Богнат.
Галіна КАНЬКО.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *