Гісторыя спаленай вёскі…11 сакавіка 1943 года фашысты спалілі вёску Свяціцу

Веліч бессмяротнага подзвігу нашага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, памяць аб ахвярах прымушаюць нас зноў і зноў звяртацца да тых далёкіх і грозных гадоў…

Свяціца… У чым жа твая віна, вёсачка, што фашысты за тысячу кіламетраў прыйшлі, каб пакалечыць цябе, абрабаваць і дашчэнту спаліць?

Фронт хутка набліжаўся. Спачатку непадалёку ад Свяціцы, у Крывошыне, стаяў фашысцкі гарнізон, затым карнікі з’явіліся ў суседняй вёсцы – Залужжы. А ў Свяціцы за лета 1941 года акупанты так і не аб’явіліся. Але чуткі і расказы відавочцаў пра зверствы захопнікаў парушылі бачны спакой. А вось свае – так мы называлі байцоў і камандзіраў Чырвонай Арміі, якія трапілі ў акружэнне і сталі партызанамі, – не-не ды і наведваліся ў вёску. Свяцічане дзяліліся з народнымі мсціўцамі ежай, адзеннем, абуткам, даставалі для іх усімі праўдамі і няпраўдамі медыкаменты. Так Свяціца стала партызанкай – мужнай, баявой, не скоранай ворагу. Тым больш, што фашысты тут пабывалі ўжо неаднойчы.

Часта, але толькі днём, гітлераўцы на машынах прыязджалі ў вёску, здзекаваліся над людзьмі, рабавалі. Было не толькі страшна, але і агідна, балюча ад таго, што на сваёй роднай зямлі трэба цярпець такія пакуты і абразы.

Успаміны Марыі Аляксееўны БУЙКЕВІЧ,жыхаркі в.Свяціца: 

…У час нямецкай аблавы бацькі мяне з сястрою схавалі ў яму…,
…на другі дзень пасля аблавы бацькі павялі нас на астраўкі, на балота. Там пакапалі зямлянкі…»

Успаміны Яўгена Раманавіча БУЙКЕВІЧА, жыхара в.Свяціца:

…Жылі на астраўку сярод балота… Там пабудавалі зямлянку… Цяжка было, ад каросты пальцы распухалі…

Успаміны Марыі Лук’янаўны РУСАКЕВІЧ, жыхаркі в.Свяціца:

…Як палілі вёску, быў мароз, снег, мы ў палонні сядзелі на кустах…, …елі жалуды, парылі і малолі іх, з іх жа і хлеб пяклі…».

Успаміны Ганны Навумаўны КУРЛОВІЧ,жыхаркі в.Свяціца:

…Была галадоўка… З ежы  засталася толькі мука, яе і елі
з вадой, варылі на агні…


Першы раз карнікі хацелі спаліць Свяціцу ў студзені-лютым 1943 года, пра што сведчаць успаміны мясцовых жыхарак Таццяны Андрэеўны Русакевіч і Таццяны Піліпаўны Курловіч. Таццяне Піліпаўне на той момант было 10 гадоў.

Вытрымка з успамінаў мясцовай жыхаркі Таццяны Андрэеўны РУСАКЕВІЧ:

«Партызаны папярэдзілі, што фашысты збіраюцца спаліць вёску, кажуць, што Свяціца – бандыцкае гняздо. У тую страшную ноч мы не спалі, і калі пачулі крык дзевера Міхаіла:
«Немцы!», хуценька кінуліся з хаты наўцёкі. А ў мяне трое
дзяцей, самы малодшы Ромка – яшчэ грудны, прывязала яго ў
хустцы да грудзей, так і насіла. Толькі мы на вазах кінуліся да
лесу, як насустрач таксама на вазах – людзі ў белым адзенні.
Адразу падумалі, што партызаны прыехалі нам на дапамогу.
Аказалася – карнікі. Пачалася стральба, яны стралялі па дзецях, жанчынах, не шкадуючы нікога. Мы пападалі ў снег. Немцы падышлі, тыкалі стрэльбамі, патрабавалі, каб мы падымаліся. Сястру маю тады забілі, а мяне паранілі ў
галаву. Прывезлі разам з дзецьмі ў зруб, які стаяў на ўскрайку.
Пачалі распытваць, дзе партызаны. Білі фашысты мяне тады
моцна. Дзеткі, Маша і Мішка,туляцца да мяне, плачуць.
Прымусілі каты разбуцца, стаюбосая, але холаду ўжо не адчувала ад страху. Сынок Мішка ўсё нейкай анучай спрабаваў мне ногі абкруціць, плакаў: «Табе ж,мамка, холадна». Затым разам з іншымі прыгналі ў хату да Рамана Курловіча, зноў білі,
потым паставілі да сцяны васьмёра дарослых і пяцёра дзетак,
насупраць каля дзвярэй – немец з кулямётам. Раптам у хату
«ўляцеў» іх афіцэр і забараніў расстрэльваць. Людзі потым
казалі, што нібыта латышы нас тады ад смерці выратавалі.
Вярнуліся мы ў вёску. Пахавалі забітых, а самі паўцякалі ў
лес: вырашылі больш з лёсам у гульні не гуляць».


З кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён».

Вытрымка з успамінаў мясцовай жыхаркі Таццяны Піліпаўны КУРЛОВІЧ:

…Бывала ў будане ля вогнішча лежымо пад радзюжкамі, адзін шчыльненька ля аднаго. Мароз аж трашчыць. Меншыя есці просяць. Ой, гора! Не забыць мне гэтага ніколі ў жыцці. Нінка, ведама, дзіцятка маленькае, ноччу ручкі высуне з-пад радзюжкі, а іх мароз і прыхопіць. На раніцу бачымо, што на ручках скура палопала і кроў цячэ. Яна і не плача, толькі есці просіць. Мама ж галодная, усё, што ёсць, нам аддае. У грудзях
у яе нічога няма, Нінку карміць няма чым. Шасцёра дзяцей у лесе. Паспрабуй пакармі ўсіх. Большыя дзе што здабывалі, неслі малым. Старэйшы брат у вёску бегаў. Але што стуль можна было прынесці! 
А пасля настаў яшчэ адзін страшны ў маім жыцці дзень – 11 сакавіка 1943 года. Некаторыя той дзень
у веску пайшлі, думалі, мо бульбы адкапаюць. Ды не дайшлі… Цяжкая доля выпала палескай вёсцы Свяціца. Большасць жыхароў выратавалі густыя навакольныя лясы ды балоты. Таму і не спасцігла іх горкая доля хатынцаў. Але тых, каго злавілі, – знішчылі. Перада мною сівая, з вялікімі сумнымі вачыма, старая бабуля…

З кнігі «Памяць. Ляхавіцкі раён».

Але тыя, хто застаўся ў жывых, не скарыліся, не зламаліся. Многія пайшлі ў партызанскія атрады змагацца з ворагам. A наогул, y гады Вялікай Айчыннай вайны на франтах і ў партызанскіх атрадах змагаліся 118 жыхароў вёскі Свяціца. 34 з іх – загінулі…

Адступае з гадамі гора. Але мы не можам, не маем права забыць тое, што здарылася больш за 75 гадоў назад у Хатыні, Дальве, Свяціцы…

Амаль не засталося руінаў Вялікай Айчыннай. Ля брацкіх магіл і мемарыялаў растуць дрэвы. Навокал віруе мірнае жыццё. Нашчадкі герояў ведаюць пра жахі вайны са старонак кніг і архіўных дакументаў, кінафільмаў і расказаў удзельнікаў тых падзей.

Сённяшнія дзеці растуць пад мірным небам. Ці патрэбна іх вучыць памяці аб вайне, парушаць іх бязвоблачнае дзяцінства? Мы ўпэўнены – гэта неабходна! Памяць – гэта наша гісторыя. Якім будзе погляд на яе дзіцяці – такім і будзе наш заўтрашні дзень. Сціраючы мінулае, мы губляем будучыню.

Гісторыя вайны напісана крывёю, і, чым далей адыходзіць час, тым больш спакойна будуць успрымаць усе людзі, у тым ліку і дзеці, найжорсткія яе факты. Але ніколі не павінны яны пераставаць хвалявацца, даведваючыся пра іх.

Вера ДЫДЫШКА

Семдзесят пяць год назад
У агні спепялела Свяціца,
Напаткаў яе цяжкі,
Трагічны бязрадасны лёс.
Думаў вораг: яна
Ўжо не зможа
з агню адрадзіцца,
Думаў вораг, што ёй
Назаўжды згубу
чорную нёс.
Хіба сэрца было
У фашысцкіх раз’юшаных
катаў,
Як стралялі яны
У ахопленых
жахам людзей,
Як гарэлі ў агні
Ненароджаныя
немаўляты,
Як, зацягнуты дымам,
Сцямнеў сакавіцкі
той дзень?
Семдзесят год ужо
Попел чорны нам
стукае ў сэрцы,
І ахвяры бязвінныя
Не даюць нам
забыцца ўсім,
Што прыйшлося ў агні,
У пякельным агні
ім памерці,
Каб мы не дапусцілі
вайны, –
Гэта іхні наказ
Нам, шчаслівым,
сягоння жывым.
Узнялася, жыве
І пяе, і працуе Свяціца
На зялёных палетках
Пад радасны
шум навальніц.
Наша памяць не спіць!
І трагедыі не паўтарыцца,
Бо мы больш не дапусцім
Зруйнаваных хатыняў
І попелу новых свяціц!

Рэдкалегія школьнай газеты «Пунсовыя ветразі» Ліпскай СШ.