Ураджай узнагарод. Ляхавіцкі кансервавы завод сабраў ураджай узнагарод на палях рэспубліканскага конкурсу спажывецкіх пераваг

Фота з архіва «ЛВ»

Годныя прадукты

Статус вытворцы высакаякасных прадуктаў акцыянернае таварыства «забрані-равала» за сабой даўно. Вельмі магчыма, што на рынкавых прасторах кансерваванай агародніны знойдуцца і больш «салодкія» прапановы ў плане брэндавасці, разрэкламаванасці, цаны, дызайну ўпакоўкі ці нечага
яшчэ. Але што тычыцца натуральнасці паходжання прадукту, роўных ляхавічанам знойдзецца не многа.
Усё пачынаецца з поля. У выпадку з нашым кансервавым
каля 60 працэнтаў сыравінных нарыхтовак прадпрыемства «падымае» з палёў уласнай падсобнай гаспадаркі. У гэтым годзе, напрыклад, на 170 гектарах «сваёй» зямлі вырошчваюць кабачкі, патысоны, цыбулю, моркву, пятрушку, кроп, бульбу, зерневыя культуры. Апошнія не з мэтай наступнай перапрацоўкі, а ў значнай ступені дзеля пабудовы схемы севазвароту палеткаў. «Прывазнымі» для завода з’яўляюцца ўсяго некалькі сыравінных пазіцый: агуркі, капуста, памідоры.
Пры гэтым, адным з важных сельскагаспадарчых трэндаў завода можна лічыць імкненне максімальна адпавядаць нормам арганічнага земляробства. Інакш кажучы, выкарыстанне «хіміі» на падсобных гектарах – зусім не правіла, а рэдкае выключэнне з яго. Ёсць упэўненасць, што факт экалагічнасці ляхавіцкіх кансерваў стаў адным з важных момантаў у вызначэнні пераможцаў конкурсу.

І «Прадукты года»

«Прадукт года» вядзе сваю гісторыю з 1998 года і ў 2019-ым адзначыў 21-годдзе. Арганізатары мерапрыемства пазіцыянуюць яго як рэспубліканскі конкурс спажывецкіх пераваг. Дзейнічае двухэтапная схема вызначэння пераможцаў і прызёраў: спачатку шляхам сацыялагічнага апытання меркаваннем дзеляцца «радавыя» жыхары – спажыўцы прадукцыі. Гэта служыць платформай для экспертнай ацэнкі, якую выносіць аўтарытэтнае журы, у склад якога ўваходзяць прадстаўнікі гандлю, прадпрыемстваў грамадскага харчавання, наву-коўцы, эксперты рынку, іншыя спецыялісты. Лепшыя брэнды «Прадукта года – 2019», а выбіраць давялося з больш як сотні намінантаў, былі названы зусім нядаўна. Сярод іх і наш кансервавы, які дапоўніў спіс пераможцаў адразу па чатырох конкурсных пазіцыях: у намінацыях «кансервы пладаагароднінныя», «салаты гатовыя», «соусы таматныя» ляхавіцкая прадукцыя пастаўлена на другое месца, у намінацыі «сокі» – на трэцяе.
Што за гэтым стаіць? Акрамя пацвярджэння факта высокаліквіднасці прадукцыі, прадпрыемствы атрымліваюць права ставіць фірменны знак «Прадукт года» на ўпакоўцы таварапераможцы, увесь наступны год выкарыстоўваць яго ў рэкламных і іншых сваіх мэтах.

Інвестыцыі – у інавацыі

Любая вытворчасць – як язда на веласіпедзе: каб утрымаць раўнавагу неабходна рухацца наперад. Браць на ўзбраенне новыя маркетынгавыя схемы, дыверсіфікаваць рынкі збыту, укладвацца ў абнаўленне асноўных фондаў. На працягу конкурснага – 2019 года – інвестыцыі Ляхавіцкага кансервавага ў асноўны капітал склалі больш за 330 тысяч рублёў. Акрамя ўласных сродкаў, на абнаўленне вытворчасці пайшлі крэдытныя рэсурсы, былі выкарыстаны лізінгавыя схемы. За кошт чаго стала магчымым правесці рамонтныя работы на агароднінасховішчы, абнавіць аўтатрактарны парк, выканаць рамонтныя работы ў кансервавым цэху. Як адзначыў у гутарцы галоўны эканаміст прадпрыемства Віталій Якавец, летась на развіццё вытворчасці было зрасходавана ў 3, 25 раза больш сродкаў, чым годам раней.
Асартыментны спіс завода, які складае каля сотні таварных найменняў, летась папоўніўся шэрагам арыгінальных таварных пазіцый. Распрацоўка і пастаноўка на канвеер новых рэцэптур – справа для калектыва завода пастаянная.
З 12 тысяч у папярэднім годзе, летась экспарт «скокнуў» да 223 тысяч долараў ЗША.
За пару тыдняў да завяршэння конкурснага года, адбылося адкрыццё ў Ляхавічах фірменнай гандлёвай кропкі. Крама «Заводская» прапануе пакупнікам поўны асартымент вырабаў прадпрыемства. Мінімальныя гандлёвыя надбаўкі – дадатковая бонуснасць магазіна, які за чатыры месяцы 2020 года выручыў амаль 78 тысяч рублёў.

Іван КАВАЛЕНКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.