І служба, і дружба. 28 мая сваё прафесійнае свята адзначаюць пагранічнікі

Нашы землякі-курсанты Антон і Раман Клімовічы, Аляксандр Ракуць, Дзмітрый Юруць (на здымку) таксама прымаюць віншаванні з гэтай нагоды.

Гэтых рабят аб’ядноўвае многае. Яны ляхавічане, трое – увогуле аднакласнікі, а яшчэ выбралі аднолькавую прафесійную мару, вучацца на адным курсе. А 28 мая родныя браты Антон і Раман Клімовічы, Аляксандр Ракуць, Дзмітрый Юруць адзначаюць сваё прафесійнае свята – Дзень пагранічніка.


Сёння гэтая чацвёрка – курсанты-першакурснікі Інстытута пагранічнай службы Рэспублікі Беларусь. Антон, Рома, Дзіма вучацца па спецыяльнасці «кіраванне падраздзяленнямі пагранічнага кантролю» (дарэчы, вучацца ў адным узводзе), Саша выбраў «кіраванне падраздзяленнямі мяжы», юнак ужо камандзір аддзялення і па званні малодшы сяржант.
Вучэбныя будні для юнакоў насычаны не толькі заняткамі ў аўдыторыях, гэта і выдатная спартыўная падрыхтоўка, ваенныя тонкасці. Вучэбна-ваенныя будні лягчэйшыя, калі побач родныя і блізкія людзі, якія заўсёды падтрымліваюць.
Дарэчы, нашы землякі прымалі ўдзел у святочным парадзе ў гонар 75-годдзя Вялікай Перамогі ў сталіцы. А зараз юнакі адпачываюць дома, набіраюцца сіл і энергіі перад вучобай.

Маргарыта КУХТА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.