Эканоміку чакае хуткае аднаўленне

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка бачыць магчымасць хуткага аднаўлення ў нацыянальнай эканоміцы пасля спаду, выкліканага закрыццём краін і сусветных рынкаў ва ўмовах пандэміі. Аб гэтым ён заявіў 25 мая на нарадзе ў Мінску па актуальных сацыяльна-эканамічных і палітычных пытаннях.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што апошнім часам асаблівая ўвага ўдзялялася эканоміцы і лячэнню людзей у сувязі з пандэміяй. «У сувязі з той істэрыяй, якая разгарнулася ў СМІ, налажыла вельмі моцны адбітак на людзей і праз людзей на эканоміку, кіраўнікамі дзяржаў усёй планеты былі прыняты сур’ёзныя рашэнні аб закрыцці краін (чытай – закрыцці эканомікі)», – канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.

Адпаведная абстаноўка, у тым ліку ў асноўных партнёраў Беларусі, не магла не паўплываць і на эканамічнае развіццё яе самой. «Эканоміка ў нас экспартна арыентаваная. Таму адбыўся пэўны спад эканомікі, хоць прымальны для нас спад. Цярпіма, – заявіў беларускі лідар. – Гэта сведчыць аб тым, што калі адкрыццё краін будзе больш інтэнсіўным, чым цяпер (а працэс пачаўся ўжо, яго ўжо ніхто не спыніць, таму што людзі абурыліся, яны не хочуць сядзець у ізаляцыі), то мы зможам хутка аднавіць сваю эканоміку».
Аляксандр Лукашэнка назваў цяперашні час адным з найбольш цяжкіх за прэзідэнцкі перыяд – у сувязі з націскам з усіх бакоў пры выбары шляху ва ўмовах пандэміі, калі Беларусь аказалася з такім падыходам адзінай у свеце, але дасягнула пэўных вынікаў.
Прэзідэнт адзначыў паступовае паляпшэнне эпідсітуацыі, але заклікаў не расслабляцца.
На нарадзе Кіраўнік дзяржавы закрануў тэму актывізацыі розных фэйкавых інфармацыйных каналаў, якія, напрыклад, раздуваюць скандалы з нявыплатамі ў нейкай канкрэтнай арганізацыі –
урачам, настаўнікам і гэтак далей. Калі ёсць якая-небудзь праблема, яе трэба вырашыць на месцы, запатрабаваў Прэзідэнт і падкрэсліў, што аўтары фэйкаў зусім не турбуюцца, напрыклад, аб урачах, а толькі імкнуцца хайпануць. Аляксандр Лукашэнка
пры гэтым адзначыў, што закрываць рот нікому нельга, і няхай людзі гавораць так, як яны думаюць: «А журналіст, калі ён журналіст, нейкі блогер або яшчэ нехта павінны пісаць сумленна, аб’ектыўна падаваць інфармацыю, а не ўзнімаць скандал. Калі не сумленна, калі не адпавядае рэчаіснасці, за гэта трэба адказваць».
Аляксандр Лукашэнка даручыў таксама прааналізаваць пытанні, з якімі звяртаюцца грамадзяне ў працэсе збору подпісаў.
Звяртаючыся да Кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Ігара Сергяенкі і старшыні Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталлі Качанавай, Прэзідэнт папрасіў давесці да ўсіх службовых асоб наступны пасыл, аб чым ужо раней гаварылася: «Мы здаём экзамен. Экзамен народу. І не толькі я. Але ўсе мы, уся дзяржаўная сістэма ўлады. І мы павінны паказаць сваю здольнасць кіраваць дзяржавай. Людзі павінны зрабіць адпаведныя вывады».
«На фінішы заўсёды трэба бегчы хутчэй. Таму трэба дастойна правесці гэты фінішны этап пяцігодкі. Так, каб людзі разумелі, з кім яны маюць справу, і маглі параўнаць нашы прапановы з прапановамі нашых альтэрнатыўных кандыдатаў», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Па матэрыялах БЕЛТА.