«Кастрычніцкая» прэм’ера

Яшчэ ў лютым ляхавічане свае меркаванні наконт мясцовага кінатэатра, рэжыму работы, кінапракату выказвалі, на жаль, у негатыўнай форме. На пытанне, чаго не хапае нашаму «Кастрычніку», варыянтаў ад падпісчыкаў раёнкі ў сацыяльных сетках было шмат. Сярод прэтэнзій – адсутнасць кінанавінак, утульных сядзенняў, афішы і рэкламы, папкорну, забаўляльных праграм, сучаснага абсталявання і г. д. Цяпер жа прапануем вам іншы погляд на гэты кінасюжэт з ляхавіцкай прапіскай.

Зараз сярод варыянтаў, як з карысцю правесці вечар, будуць і шматлікія прапановы ад «Кастрычніка». Не трэба здзіўляцца, абяцанае ў маі здзейснілася. Цяпер пра ўсё дэталёва.
Можна з ўпэўненасцю сказаць, што ляхавіцкі кінатэатр сёння адпавядае сучасным патрабаванням. Пачнём з галоўнага: тых, хто наведае сеансы, чакае поўнае пагружэнне ў атмасферу фільма. Новае якаснае абсталяванне ўжо ўстаноўлена і гатова прадэманстраваць свае магчымасці. Каля 90000 рублёў было затрачана на лічбавы праектар, новы экран, што гарантуе высокую якасць адлюстравання, лічбавы кінапрацэсар, які адказвае за якаснае гукавое суправаджэнне.
Таму, як адзначае дырэктар ляхавіцкай кіна-відэасеткі Канстанцін Фалькоўскі, цудоўныя кінаўражанні ад паказаў гарантаваны гледачам. Прэміум-якасць выявы, простае абслугоўванне, надзейная работа тэхнікі – тое, што патрэбна для сучаснага кінатэтра.
Цяпер што датычыцца кантэнту. Ужо распрацаваны расклад сеансаў, падабраны стужкі. Упор, у першую чаргу, зроблены на задавальненне інтарэсаў усіх узроставых катэгорый. Таму ў пракаце з’явіліся і мультфільмы, і сямейнае кіно, і баевікі, трылеры, дэтэктывы, фантастыка і драмы. За якасць выявы можна не хвалявацца – ліцэнзійныя фільмы прадастаўляюцца Брэстаблкінавідэапрака-там. Канешне, пакуль у пракаце з’явіліся стужкі мінулага дзесяцігоддзя. Але ў бліжэйшым будучым (дакументацыя ўжо рыхтуецца) на ляхавіцкім экране пакажуць і кінапрэм’еры. Сваю ролю, безумоўна, на кінарынку сыграла і напружаная эпідэміялагічная сітуацыя.
Расклад з’явіцца і на вітрынах «Кастрыніка», гарадскіх афішах. А нашы падпісчыкі могуць знайсці расклад на афіцыйным сайце lves.by, а таксама ў сацыяльных сетках газеты.
Яшчэ адзін момант, які неаднойчы гучаў у каментарыях: якое ж кіно без папкорну. Пакуль «смачную» функцыю на сябе возьме кафэ «Viс&Mar», а па выхадных наведвальнікі могуць паласавацца папкорнам і салодкай ватай. Апошнія, плануецца, тут атрымаюць заўсёдную прапіску. Дзяцей чакаюць розныя забаўляльныя
моманты, у тым ліку батут і надзіманая горка.
Наконт фільмаў у фармаце 3D. Абсталяванне плануецца набыць у хуткім часе, каб па максімуму задаволіць запыты ляхавічан.
А вось стартавай кропкай «Кастрычніка» ў адноўленым фармаце стала мінулая пятніца. Шарыкі, музыка, казачныя героі запрашалі ляхавічан стаць першымі гледачамі і экспертамі. Шчасліўчыкі атрымалі бясплатныя запрашэнні на сеансы кіно ў выхадныя дні.
Урачыcтае адкрыццё было прысвечана неверагодна таленавітаму земляку, савецкаму і беларускаму кінарэжысёру, народнаму артысту БССР Міхаілу Пташуку. Магчыма, у будучым тут пройдуць тэматычныя кінапрагляды. Пятнічны паказ наведалі кіраўніцтва раёна, прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый раёна, устаноў адукацыі.
Як адзначыла начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ніна Прыхач, абнаўленне кінатэхнікі – гэта чаканая падзея для многіх ляхавічан. Цяпер не трэба ехаць у суседнія гарады, каб паглядзець кіно. Прытым якасна і з пажаданнямі нашых ляхавічан. Планаў многа, ёсць чым здзівіць.
Дарэчы, варта адзначыць, што кінасеансы ў мінулыя суботу і нядзелю адбыліся – гледачы былі! Што наконт санітарных нормаў – усё прадугледжана. Адпаведная рассадка, апрацоўка рук.
Выхадныя дні для кіна-тэатра прайшлі цяпер ужо ў звыклым для яго пра-цоўным рэжыме. З 14.00 запрашалі маленькіх гледачоў на мультфільмы, з 17.00 круцілі сямейнае кіно, у 20.00 пачаліся разнажанравыя фільмы.
Сустрэнемся ў ляхавіцкім «Кастрычніку»!

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.