Тэрыторыя смутку жадае парадку

Беларусы традыцыйна добраўпарадкуюць месцы пахавання да рэлігійных дзён памяці. Але, канешне, парадак на жалобных тэрыторыях будзе тады, калі ён падтрымліваецца пастаянна, а не ад выпадку да выпадку. Клопат родных – сачыць, каб не зарастала бур’яном магілка, была адрамантавана, пафарбавана агароджа. А калі парадак наводзіцца, то не пакідаць пасля сябе смецце. Што, на жаль, здараецца не заўсёды. Нядаўна ў рэдакцыю патэлефанавала ляхавічанка Ларыса Папко. Жанчыну ўсхвалявала наступная сітуацыя. На праваслаўных могілках у райцэнтры на адным з пахаванняў людзі наводзілі парадак і пакінулі пасля сябе смецце: бляшанкі з-пад фарбы, старыя лампадкі, іншы бруд. І ўсё гэта згрузілі… на суседнюю магілу. Ці не дзікунства?

– Як так можна, няўжо ў людзей зусім адсутнічае сумленне? Гэта ж знявага і да мёртвых, і да жывых. Няўжо так цяжка пасля сябе пакінуць чысціню? Чаму за такіх нядбайных грамадзян павінны прыбіраць іншыя? – абураецца неабыякавая зямлячка. Дарэчы, яна не пашкадавала ўласныя час і сілы, каб прыбрацца на чужой магіле. Таму што прыкра і сорамна за кагосьці…
На жаль, узгаданая сітуацыя не адзінкавая. Аналагічныя «карціны» людскога дзікунства, знявагі да памяці, абыякавых адносін да тэрыторыі смутку, можна час ад часу бачыць на многіх могілках.
Добраўпарадкаванне тэрыторый вакол гарадскіх і вясковых могілак і на іх, вываз смецця – зона адказнасці КУМВП ЖКГ «Ляхавіцкая ЖКГ». Але ж камунальнікі не абавязаны сачыць за парадкам на кожным пахаванні. Гэта, нагадаем, абавязак землякоў, чые родныя пахаваны тут. Калі ж праводзяцца работы па дэмантажы старых помнікаў, агароджаў і адбываецца ўстаноўка новых, то прыбраць пасля сябе абавязаны тыя арганізацыі, якія займаліся работамі. Старыя вянкі, дэманціраваныя крыжы, неабходна вынесці і акуратна скласці на кантэйнернай пляцоўцы, адкуль іх вывозіць транспарт камунгаса.
Майстар участка добраўпарадкавання КУМВП ЖКГ Аляксандр Калбаса паведаміў, што на балансе камунгаса знаходзяцца 65 могілак: чатыры – у горадзе і 61 – у сельскіх населеных пунктах. За чысцінёй і парадкам на іх адказвае брыгада ў складзе трох чалавек, у цёплую пару года наймаюць дадатковых работнікаў для абкошвання тэрыторый могілак.
Пастановай Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі зацверджаны Правілы ўтрымання і добраўпарадкавання месцаў пахавання. Аляксандр Калбаса тлумачыць, што ў абавязкі работнікаў участка добраўпарадкавання ўваходзяць абрэзка дрэў і кустоўя, выдаленне аварыйных дрэваў, своечасовае скошванне травы ў месцах грамадскага карыстання – на пешаходных дарожках, праходах паміж пахаваннямі, аўтамабільных паркоўках.
– Стараемся праводзіць абкошванне па меры неабходнасці, сочым самі за станам могілак, а таксама нам дапамагаюць старасты вёсак, старшыні сель-саветаў, якія тэлефануюць і паведамляюць, дзе неабходна падкасіць, – адзначае Аляксандр Калбаса.
У некаторых аграгарадках і вёсках, як і раней, на дапамогу камунгасу прыходзіць мясцовае насельніцтва, арганізоўваюцца суботнікі па навядзенні парадку.
Старшыня райсавета дэпутатаў Леанід Калбаса ў якасці станоўчага прыкладу актыўнага ўдзелу насельніцтва ў добраўпарадкаванні могілак прыгадаў Навасёлкаўскі сельсавет. Па словах яго старшыні Аляксандра Мацюшэнкі, яшчэ да таго, як усе сельскія могілкі (усяго на тэрыторыі гэтага сельсавета іх восем) былі перададзены на баланс камунгаса, за сродкі, сабраныя вяскоўцамі, спілена 30 дрэў на могілках у Пранчаках, 28 – Навасёлках, шэсць – Вялікай Лотве. І цяпер, па ініцыятыве старастаў Мікалая Піліневіча, Таццяны Пішч жыхары Вялікай Лотвы, Навасёлак талакой фарбавалі агароджу на могілках, прыбіралі.
Дарэчы, што датычыць сітуацыі, пра якую згадала наша зямлячка, то ўправа на парушальнікаў ёсць. Камунальнікі ўпаўна-
важаны складаць адміністрацыйныя пратаколы на тых, у каго не хапае сумлення.

Галіна КАНЬКО.