Уладальніца спецыяльнага прыза «Ляхавіцкага весніка» працуе ў СВК «Шлях новы»

Пра тое, што Ірына Масцілоўская ў мінулым годзе стала ўладальніцай спецыяльнага прыза "Ляхавіцкага весніка", раёнка сваім чытачам паведамляла. Аператар машыннага даення СВК "Шлях новы" працуе падменнай даяркай на ферме гаспадаркі

Чатыры дні рабочыя, пяты — выхадны. Прывычная работа, прывычны расклад. Побач сяброўкі, якім яна дае магчымасць адпачыць, — падмяняе, побач — муж: Вячаслаў тут жа слесарам.
На новай ферме новыя ўмовы работы. «Камфортна, чыста, працаваць значна лягчэй», — задаволена расказвае Ірына. Хаця асабіста для мяне вызначэнне «лёгкая» ў дачыненні да працы даяркі не зусім зразумелае: на той жа Навасёлкаўскай ферме кожны аператар машыннага даення абслугоўвае 350 (!) кароў. ”А што тут такога?” — рытарычна пытаецца Ірына, маўляў, 18 у радзе, па 9 доіш — схема адпрацаваная… Кожная дойка займае чатыры з паловай гадзіны. Канешне, асноўная нагрузка на апараты, але што яны значаць без даяркі? Вось Ірына і яе сяброўкі па працы — Таццяна Камінская, Валянціна Зубік, Святлана Зянько, Таццяна Шустал — чалавечы фактар на сваім месцы працы забяспечваюць бездакорна. Тым больш, падкрэслівае наша гераіня, заўсёды можна спадзявацца на разуменне, дапамогу, прафесійную падказку ад заатэхніка Ганны Кухарчык, загадчыка фермы Марыі Шадура і, канешне, старшыні гаспадаркі Аляксандра Вашчука.
Адным словам, сваёй работай Ірына задаволена, яе работай — у «Шляху новым» таксама. Але галоўны складальнік задаволенасці жыццём — сям’я. У Масцілоўскіх трое дзетак, сыну — 16, дзяўчынкам — 15 і 9. Яны любімыя і жаданыя і з дзяцінства прывучаны да працы. «Ды без іх не справілася б: сын — першы татаў памочнік, дачушкі — абед згатуюць, посуд памыюць, у доме прыбяруць», — не хавае мацярынскага гонару Ірына.
Масцілоўскія 6 гадоў таму атрымалі ад СВК у Ціткаўшчыне домік з усімі выгодамі. Жыві і радуйся, што і робіць гэта быццам бы звычайная, але такая ў добрым сэнсе асаблівая сям’я — тата, мама і трое іх дзетак.
Вольга СВЯТЛОВА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *