Спектакль у рэжыме анлайн

Тое, што педагогі нашага раён крэатыўныя і таленавітыя, ні для каго не сакрэт. На ўроках яны ўмеюць зацікавіць і ўлюбіць у свой прадмет… А вось пасля школьнага званка прымяраюць розныя амплуа. Педагогі сярэдняй школы № 2, напрыклад, ужо некалькі гадоў рыхтуюць спектаклі і ў якасці акцёраў удзельнічаюць у розных пастаноўках.

– Тэатральны гурток у нас існуе ўжо больш за дзесяць гадоў, – распавядае выкладчык нямецкай мовы Людміла Трыбухоўская. – Усё пачыналася з пастановак на нямецкай мове, потым з’явіліся спектаклі на англійскай, рускай і беларускай мовах. Акцёрамі выступаюць як выкладчыкі, так і навучэнцы школы.

У скарбонцы школьнага тэатра мноства ўзнагарод. Сярод апошніх –прызавыя месцы ў абласным конкурсе тэатральных калектываў.Напярэдадні святкавання 75-годдзя Вялікай Перамогі акцёры школьнага тэатра «Гармонія» падрыхтавалі тэатральную пастаноўку, прысвечаную гэтай падзеі. Яе ўдзельнікамі сталі толькі педагогі.

Спектакль пастаўлены па матывах п’есы Тараса Дразда «Гэта, дзяўчыны, вайна». У цэнтры сюжэта – гісторыя чатырох дзяўчат, якіх заспела вайна. Яны вымушаны пайсці на фронт шыфравальшчыцамі: кожны дзень атрымліваюць сакрэтныя звесткі з палёў бою. А яшчэ любяць, страчваюць блізкіх людзей, радуюцца і сумуюць… Але аб’ядноўвае іх адно – яны чакаюць Перамогу.

Спектакль не пакіне нікога абыякавым, бо ў ім перадаюццаэмоцыі, блізкія кожнаму, а сыграны ролі так, што спагадваеш, перажываеш за кожную гераіню.

– Каб закрануць душэўныя струны і думкі чалавека, са сцэны трэба несці толькі праўду, верыць у таго героя, якога іграеш, зліцца з ім, з яго думкамі, стаць на яго месца. І толькі тады публіка забудзе, што перад ёй усяго толькі сцэна, а на ёй – усяго толькі ігра, – разважае настаўніца Яна Сокал, якая ў п’есе выканала адну з роляў.

Паглядзець спектакль можна ў рэжыме анлайн. Дастаткова зайсці на сайт школы, выбраць укладку «Вялікай Перамозе – 75!» і атрымліваць асалоду ад прагляду.

Дарэчы, гэтая пастаноўка ўдзельнічае ў раённым конкурсе абласнога этапу тэатральнай творчасці «ONLINEТЕАТР».

Вераніка КУМЕЙША, настаўнік рускай мовы і літаратуры,
Вольга ЛАНКУЦЬ, настаўнік англійскай мовы.