Звонкі акорд мая. Рэтрафотатэка «Ляхавіцкага весніка»

І няхай сёлета нават у гэтую прыгожую традыцыю ўнёс свае папраўкі каранавірус, у школах сёння свята. Жадаем рабятам цудоўнага адпачынку і паспяховага паступлення, бацькам –
цярпення і разумення, настаўнікам – плённага лета. І запрашаем наведаць нашу рэтрафотатэку.

Ляцяць гады, адно пакаленне змяняецца другім. Натуральна, што з’яўляюцца новыя традыцыі – прыгожыя, сучасныя, змястоўныя. Але па-ранейшаму нямала і тых, якія не страчваюць сваіх актуальнасці і значнасці вось ужо не адно дзесяцігоддзе. Без перабольшання, гэту падзею многія школьнікі пачыналі чакаць ці не з першавераснёўскай лінейкі.


І вось за плячамі доўгія чатыры чвэрці. Здадзены падручнікі, выстаўлены ў дзённіку адзнакі, на дошцы крэйдай заліхвацкі выведзена «Прывітанне, лета!».
Хвіліна-другая, і пачнецца агульнашкольная развітальная з чарговым навучальным годам урачыстая лінейка. Асаблівая, узрушаная і непаўторная, яна для тых, хто развітваецца
з дзяцінствам, школай назаўжды, – выпускнікоў. Нездарма, нягледзячы на тое, што яны самыя старэйшыя сярод навучэнцаў, – на тварах разгубленасць і на вачах слёзы. Яны гавораць школе «дзякуй» і «бывай».
Дзяўчаты ў модных уборах ці настальгічнай форме савецкіх часоў – шакаладнай сукенцы і бялюткім фартушку, а юнакі – у стыльных касцюмах – прыгожыя, узнёслыя, рамантычныя. У іх наперадзе –
дарослае жыццё. Але сёння яны яшчэ школьнікі, і для іх гучыць самы звонкі акорд мая – апошні школьны званок.