Дзень Перамогі – свята без межаў

Сярэдняя школа № 2 г. Ляхавічы супрацоўнічае з Цэнтрам развіцця двухмоўных дзяцей «Мазаіка», які знаходзіцца ў горадзе Амерсфорце (Нідэрланды).

9 мая навучэнцы і педагогі гэтай школы запрасілі нашых навучэнцаў на анлайн-канцэрт (https://www.youtube.com/ watch?v=ed3Gfgo-jul), прысвечаны 75-годдзю Вялікай Перамогі. На працягу канцэрта мы даведаліся пра тое, як змагаліся розныя гарады, што ў далейшым сталі гарадамі- героямі. Мы ўбачылі, як змагаліся Масква, Ленінград,Сталінград, Мурманск, Тула, Смаленск, Новарасійск, Севастопаль, Брэст, Мінск, Керч, Адэса і Кіеў.

Дзеці чыталі вершы, разыгрывалі інсцэніроўкі, ігралі на музычных інструментах, выконвалі ваенныя кампазіцыі, а навучэнец 5 класа Макс Райкерс падрыхтаваў лега-мультфільм «Адэская аперацыя 1943 года».

Прымалі ўдзел у канцэрце не толькі дзеці і педагогі, але і бацькі навучэнцаў. Канцэрт мяне вельмі ўразіў. Я вельмі хацела б, каб маладое пакаленне не забывала пра Вялікую Перамогу, пра тое, што савецкі народ перамог фашызм, што на вайне загінулі 26 мільёнаў чалавек дзеля нашага светлага і мірнага неба над галавой.

Арына ХАРКЕ, навучэнка 8 «Б» класа СШ № 2.