Ляхавіччына: сапраўдны падпалкоўнік служыць у 1073-ім камандным пункце Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА

Сабраны, падцягнуты, нешматслоўны намеснік начальніка 1073-га каманднага пункта Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА Вадзім Цатураў лічыць Беларусь другой радзімай. Афіцэрская кар’ера Вадзіма Эдуардавіча пачыналася 30 гадоў назад у Пермскім ваенным вучылішчы. Пасля размеркавання прыбыў на першае месца службы ў 330-ы асобны верталётны полк у Пружаны. А вясной 1987 года лейтэнанта Цатурава накіравалі ў камандзіроўку для выканання інтэрнацыянальнага доўгу. Працягвалася гэта афганская камандзіроўка больш як год. Лятаў на самалётах АН-30, верталётах МІ-9 бартавым тэхнікам па фотаразведабсталяванні.
— У паветры знаходзіўся шмат часу — быў замацаваны за двума бартамі. За рэйс па гадзін 7 ляталі. Праводзілі фотаразведку, адпрацоўвалі месцы будучых баявых аперацый. Вярталіся назад — перакусілі — і зноў у паветра. Так 2-3 разы на дзень, — успамінае Вадзім Цатураў. Было гэта на вайне. І ў любы момант магло здарыцца самае страшнае… На ўсё жыццё застаўся ў памяці і першы бой, і наступныя.
— Аднойчы прыйшлося начаваць у гарах, — расказвае афіцэр. — Хаця ляцелі «туды і назад», давялося правесці ў гарах дзве ночы. Была ацэплена мясцовасць, праверана на наяўнасць мін. На досвітку нам неабходна было падняцца на вызначаную кропку. Ішлі па выкатанай танкамі дарозе і нейкім шостым пачуццём адчулі, што трэба перайсці на другую каляіну. А там, дзе толькі што прайшлі, раздаўся выбух. Выбуховай хваляй адкінула на зямлю. — Тая першая сустрэча са смерцю на вайне не стала апошняй. Але яму пашанцавала застацца жывым.
…Кожны год 15 лютага ў Дзень памяці воінаў-інтэрнацыяналістаў ён сустракаецца ў Пружанах з баявымі таварышамі. Цяперашнія ж саслужыўцы адзначаюць не толькі ваенную выпраўку, моцны характар, прынцыповасць і адказнасць Вадзіма Цатурава, але, найперш, яго надзейнасць, а таксама добразычлівасць. Гэтыя якасці для кадравага ваеннага, намесніка камандзіра па ідэалагічнай рабоце проста незаменныя. Ён любіць жыццё і людзей, захапляецца гісторыяй, фанат авіяцыі, іграе на гітары і піша песні.
Такі ён — падпалкоўнік Цатураў, воін-інтэрнацыяналіст, узнагароджаны медалём «За баявыя заслугі»,  ад цэнтральнага камітэта моладзі ДРА медалём  «За ахову мяжы» . У яго лёсе быў і ў памяці застаўся назаўжды Афганістан.
…У яго трое сыноў. А школу яго мудрага і строгага выхавання прайшлі ўжо сотні салдат і малодшых афіцэраў. Ім пашанцавала: Вадзім Цатураў сапраўдны ва ўсім.
Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

Фота з архіва Вадзіма ЦАТУРАВА.

One thought on “Ляхавіччына: сапраўдны падпалкоўнік служыць у 1073-ім камандным пункце Заходняга аператыўна-тактычнага камандавання ВПС і войскаў СПА

  • 16/02/2013 в 07:21
    Permalink

    Таким Офицером действительно нужно гордиться! Я знаком с Вадимом Эдуардовичем, это действительно Человек слова, чести и уважения.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *