Экалагічная натура. 5 чэрвеня – Дзень аховы навакольнага асяроддзя

Калектыў райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя – усяго два чалавекі, якія пільна стаяць на варце інтарэсаў прыроды: начальнік райінспекцыі Іна Траяноўская і галоўны спецыяліст Аляксандр Курловіч. Рэйды, маніторынгі, акцыі, сустрэчы з грамадзянамі, растлумачальныя гутаркі – усё гэта кола іх прафесійных абавязкаў.

Наш зямляк Аляксандр Курловіч (на здымку) прыйшоў у прыродаахоўную службу ў 1995 годзе.
– Напэўна, у мяне і выбару іншага не было. Бацька працаваў лесніком, часта браў з сабой у лес. З дзяцінства ведаў усіх насельнікаў: расліны, жывёл, птушак, якая жывёла пакідае які след. Пасля службы ў арміі паступіў у Маскоўскі пушніна-футравы тэхнікум на спецыяльнасць «паляўніцтвазнаўства».
Вярнуўся на Ляхавіччыну і ўладкаваўся старшынёй таварыства паляўнічых і рыбаловаў, аддаў гэтай рабоце амаль дзесяць гадоў, – расказвае Аляксандр Курловіч.
Поле дзейнасці супрацоўнікаў райінспекцыі надзвычай шырокае. У першую чаргу, кантроль за прыродаахоўным заканадаўствам: як выкарыстоўваюцца водныя рэсурсы, зямля, атмасфернае паветра; як справы ў жывёльным і раслінным свеце, у тым ліку ці не наносіцца шкода раслінам і жывёлам, занесеным у Чырвоную кнігу, прыродным тэрыторыям, помнікам прыроды (іх у нашым раёне два: рэспубліканскага значэння – Савейкаўскі парк, мясцовага – Рэпіхава). Кантроль за абыходжаннем з адходамі – таксама кола абавязкаў інспекцыі.
Як адзначае Аляксандр Курловіч, часцей за ўсё фіксуюцца парушэнні менавіта ў абыходжанні з адходамі, у прыватнасці, размова пра несанкцыянаваныя сметнікі. Сярод распаўсюджаных парушэнняў –
і шкодны ўплыў на водныя рэсурсы. Напрыклад, незаконная паркоўка (бліжэй за 30 метраў ад акваторыі) аўтамабільнага транспарту каля рэк і вадаёмаў.
– Разам з тым, паляпшаецца экалагічная сітуацыя. Прыемна, што ў гэтым ёсць і доля нашай работы. Так, у Мініцкім вадасховішчы даўно не разводзіліся ракі – не было для іх умоў. Летась тут
працавалі вучоныя, праводзілі даследа-ванні і прыйшлі да высновы: за сезон на вадасховішчы можна налавіць больш за 10 тон ракаў, – адзначае галоўны спецыяліст райінспекцыі.
Аляксандр Курловіч эколаг і па натуры. Штогод 22 верасня, калі многія жыхары нашай краіны далучаюцца да Сусветнага дня без аўтамабіля, каб прыцягнуць увагу грамадскасці да праблемы забруджвання паветра аўтамабільнымі выхлапамі, ён таксама адмаўляецца ад выкарыстання машыны і заклікае іншых прагуляцца пешшу, праехацца на веласіпедзе. Лічыць, што гэта і ёсць асабісты ўклад кожнага ў агульную справу экалагічнай важнасці – зрабіць падарунак прыродзе.
Галіна КАНЬКО.