Экспарт у мажоры. У апошнія гады пра экспарт тавараў у Ляхавіцкім раёне можна гаварыць толькі са знакам плюс

ТАА «Трансэлектракамплект» і «Ляхавічыдрэў Экспарт» – сярод лепшых экспарцёраў.

Некалькі гадоў назад на свае вочы давялося ўбачыць, з якім захапленнем разглядалі валакністую прадукцыю ААТ «Ляхавіцкі льнозавод» кітайскія бізнесмены.
Увогуле, наш ільнозавод даўно, трывала і з перспектывай працуе з замежнымі пакупнікамі, у тым ліку з Кітая (асноўны замежны кампаньён прадпрыемства), Расіі і Літвы.
Лён – далёка не адзіная прадукцыя, якую прадпрыемствы Ляхавіччыны паспяхова прадаюць за мяжу. «Малочка» і кансерваваная плодаагародніна, казеін, камбікармы і мяса, торфабрыкет і замарожаныя ягады, драўніна і вырабы з яе, зборныя будаўнічыя канструкцыі і электракамплектуючыя, рэгулятары росту раслін і алейнае насенне – няпоўны пералік таго, што пастаўляецца на экспарт.

Дынаміка станоўчая
– У апошнія гады пра экспарт тавараў у нашым раёне можна гаварыць толькі са знакам плюс. За чатыры гады пяцігодкі маем станоўчае сальда ў памеры 28,8 мільёна долараў. За гэты час раён імпартаваў тавараў на 57 мільёнаў долараў, а экспартаваў – на 86 мільёнаў долараў. Калі ў 2015 годзе за межы краіны прададзена тавараў на 14,4 мільёна долараў, то летась – на 26 мільёнаў. Што тычыцца геаграфіі ляхавіцкіх паставак, то ў 2015 годзе яна ахоплівала 16 краін свету, летась – 28. Упершыню, пачынаючы з мінулага года, прадукцыя ляхавіцкіх прадпрыемстваў адправілася ў Грузію, Арменію, В’етнам, ЗША, Шры-Ланку, – расказвае начальнік аддзела эканомікі райвыканкама Людміла Матчэня.
Па яе словах, устойлівая станоўчая дынаміка ў прыросце аб’ёму экспарту тавараў тлумачыцца тым, што прадпрыемствы раёна пастаянна працуюць над павышэннем узроўню якасці выпускаемай прадукцыі. Шырока ўкараняюцца дзейсныя сістэ- мы кантролю, аўтаматызаваныя сістэмы кіравання. Прадукцыя прадпрыемстваў-экспарцёраў праходзіць абавязковыя лабараторныя выпрабаванні не толькі на прадпрыемстве, а і ў спажыўца за межамі Беларусі.
Асноўным спажыўцом тавараў нашых прадпрыемстваў застаецца Расія: у 2015 годзе пастаўкі туды склалі 28,8 працэнта ад агульнага экспарту, у 2019 – 59 працэнтаў.

Хто больш
У 2019 годзе адбылася пераарыентацыя рынкаў збыту. Значна павялічаны экспарт у Данію – у 40 разоў, Францыю – у 3,9 раза, Латвію – у 1,9 раза, Венгрыю і Германію – у 1,5 раза, Бельгію і Чэхію – у 1,4, Эсто- нію – у 1,2, Іспанію, Літву, Польшчу – у 1,1 раза.
Людміла Матчэня адзначыла, што на працягу апошніх чатырох гадоў колькасць экспарта-арыентаваных прадпрыемстваў на Ляхавіччыне павялічылася больш чым удвая. Па выніках мінулага года і першых пяці месяцаў гэтага на лідзіруючыя экспартныя пазіцыі выйшлі СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» (удзельная вага экспарту – 34,5 працэнта ад агульнараённага) і ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы» (34,2 працэнта). Сярод паспяховых экспарцёраў – ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі», ТАА «Трансэлектракамплект», «Ляхавічыдрэў Экспарт», ААТ «Ляхавіцкі льнозавод».
Начальнік аддзела эканомікі адзначыла і той факт, што ўзрасла роля прыватнага бізнесу ў прасоўванні прадукцыі на замежныя рынкі (для параўнання: у 2015 годзе – 46,7 працэнта, у 2019 – 56,5 працэнта). У апошнія гады колькасць экспарцёраў-прадпрымальнікаў павялі-чылася ў тры разы, стала больш арганізацый, якія прадаюць прадукцыю ўласнай вытворчасці. Толькі летась суб’екты малога прадпрымальніцтва ў 2,2 раза перакрылі аб’ёмы паставак 2015 года. У якасці прыкладу паспяховай работы з замежнымі партнёрамі – ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт», чые будаўнічыя канструкцыі запатрабаваны ў Венгрыі, Германіі, Іспаніі, Латвіі, Літве. Прадпрыемства першым у раёне выйшла на рынкі ЗША, дзе таксама ацанілі зборныя домікі з Ляхавічаў.
Выдатнай якасцю прадук-цыі, удалай маркетынгавай кампаніяй, прапрацоўкай рынкаў збыту вылучаецца адзін з экспартных флагманаў раёна, яшчэ зусім маладое па ўзросце прадпрыемства (яму ўсяго чатыры гады) – ТАА «Мясакамбінат Ляхавічы». Тут займаюцца перапрацоўкай ялавічыны, якая сёння добра прадаецца на расійскім рынку. «Мясакамбінат Ляхавічы» –высокатэхналагічнае прадпрыемства з сучасным абсталяваннем. Камеры ахалоджвання разлічаны на адначасовае захоўванне 40 тон прадукцыі. Акрамя таго, устаноўлены камеры шокавай замарозкі на 10 тон і захоўвання гатовай прадукцыі на 60 тон.
СААТ «Ляхавіцкі малочны завод» – часам пацверджаны брэнд. За ім унушальны асартымент прадукцыі натуральнай якасці, шырокая геаграфія паставак, мадэрнізацыя і абнаўленне вытворчасці, і, канешне, выдатны калектыў прафесіяналаў. Ляхавіцкі малочны з’яўляецца буйнейшым у краіне вытворцам тэхнічнага казеіну. Яго, а таксама вяршкі і сметанковае масла завод паспяхова і ў значных аб’ёмах адпраўляе на экспарт. Адну з нядаўніх «навінак» – кісласметанковае масла пад брэндам «President» – сустрэлі на ўра не толькі гурманы якаснай прадукцыі ў нашай краіне, але і за яе межамі.

Іх ведаюць не толькі ў Беларусі
Захаваць здабытыя і знайсці новыя кантакты і адпаведна кантракты, стасункі – задача парадку дня аднаго са старэйшых прадпрыемстваў раё- на – ААТ «ТБЗ Ляхавіцкі». Добра ведаюць і «паважаюць» наш брыкет у Швецыі, Польшчы, Літве, Латвіі, Эстоніі, Украіне, Германіі, Славакіі. Толькі летась экспарт прынёс заводу больш за 1,25 мільёна долараў. У планах – пошук новых замежных партнёраў, тым больш, што сыравіны хапае, як і магутнасцей прадпрыемства.
Яшчэ адзін адрас са значным экспартаарыентаваным патэнцыялам знаходзіцца ў Флер’янове. ТАА «Фермент» выпускае каля 80 найменняў прадукцыі. За межы Беларусі – Расія, Казахстан, Узбекістан, Украіна – адпраў-ляецца прыкладна чвэрць усёй выпускаемай прадукцыі. Летась ТАА «Фермент» было акрэдытавана ў якасці навукова-тэхналагічнага парка. Па папярэдніх разліках, гэта дазволіць прыцягнуць каля двух мільёнаў рублёў прыватных інвестыцый. Будуць стварацца прад-прыемствы-рэзідэнты НТП, а значыць – новыя працоўныя месцы. Такім чынам палепшацца паказчыкі інавацыйнага развіцця рэгіёна, у тым ліку за кошт аб’ёмаў інавацыйнай прадукцыі, частка якой пойдзе на экспарт.
У цэхах ААТ «Ляхавіцкі кансервавы завод» работа кіпіць незалежна ад надвор’я. На канвееры – слоікі з салатамі, сокамі, соусамі, нарыхтоўкамі для першых страў, саленнямі, варэннямі. Іх далейшы шлях – магазіны, сталовыя ўстаноў адукацыі, аховы здароўя і, канешне, замежныя базы.
Калі раней прадукцыя «ехала» ў расійскія рэгіёны праз пасрэднікаў, цяпер арганізавалі прамыя пастаўкі ў краіну-суседку. Ужо сёлета экспарт прынёс прадпрыемству 79,6 тысяч долараў – утрая больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.
Экспарт – гэта не толькі пастаўка за межы тавараў, але і паслуг. І тут, як пад-крэслівае Людміла Матчэня, на Ляхавіччыне станоўчыя паказчыкі. Тэмп росту экспарту паслуг па выніках 2019 года склаў 199 працэнтаў. Прычым 88 працэнтаў паслуг аказваюць прадпрыемствы прыватнай формы ўласнасці. У пераліку – транспарт (83,9 працэнта), турызм (9,4 працэнта), будаўніцтва (3,4 працэнта), ахова здароўя (3,3 працэнта).

У тэму

Актыўна развіваецца знешні гандаль на Брэстчыне. Экспарт тавараў з пачатку пяцігодкі вырас па вобласці больш чым у 1,5 раза, паслуг – у 1,6 раза.
Прадпрыемствамі-экспарцёрамі вобласці ажыццяўлялася планамерная краінавая дыверсіфікацыя экспарту.
На 7,8 працэнтнага пункта скарацілася доля экспарту ў краіны ЕАЭС. У краіны Еўрасаюза экспарт вырас больш як у 2 разы.
Экспарт у Кітай павялічыўся з 5,7 мільёна долараў ЗША ў 2015 годзе да 38,9 мільёна долараў у 2019 годзе.
Калі ў 2015 годзе прадукцыя прадпрыемстваў вобласці пастаўлялася ў 82 краіны, то ў 2019 ужо ў 106 краін. Былі адкрыты і асвоены такія новыя рынкі як Ангола, Бахрэйн, Дамініканская Рэспубліка, Камбоджа, Ліберыя, Ліван, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Марока, М’янма, Мазамбік, Пакістан, Перу, Эквадор і іншыя краіны Афрыкі, Амерыкі і Бліжняга Усходу.
Акрамя таго, вобласць традыцыйна ўтрымлівае 1 месца ў рэспубліцы па аб’ёмах экспарту сельгаспрадукцыі і прадуктаў харчавання.

У тэму

За 2015-2019 гады ў эканоміку раёна прыцягнута 15 мільёнаў долараў прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове.