МТЗ гэта брэнд

Фота БЕЛТА

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў  29 мая Мінскі трактарны завод, дзе знаёміўся з развіццём як непасрэдна гэтага прадпрыемства, так і холдынга ў цэлым.

У час наведвання прадпрыемства Кіраўнік дзяржавы адзначыў правільнасць прынятага ў Беларусі рашэння не спыняць у цяперашняй сітуацыі вытворчасці. Было адзначана, што цяпер МТЗ працуе ўстойліва, ёсць нават вакансіі.
Кіраўніку дзяржавы далажылі аб рабоце як галаўнога прадпрыемства, так і іншых, што ўваходзяць у холдынг, планах па развіцці вытворчасці, распрацоўках, якія вядуцца, у тым ліку ў сферы дакладнага земляробства.

Фота БЕЛТА

Як расказаў генеральны дырэктар МТЗ Віталій Воўк, на прадпрыемстве вядуцца распрацоўкі, якія дадуць магчымасць выйсці на асваенне беспілотнага трактара да 2030 года.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што важна не толькі вырабляць прадукцыю, але і рабіць гэта якасна, тады не ўзнікне праблем і са збытам. Размова ішла і аб развіцці вытворчасцей за мяжой.
Аляксандру Лукашэнку прадэманстравалі ўзоры вырабляемай тэхнікі. У прыватнасці, былі прадстаўлены новыя рухавікі з сістэмай ачысткі адпрацаваных газаў, вырабленыя для МТЗ на Мінскім маторным заводзе, энерганасычаныя і звышмагутныя трактары. Асобную ўвагу Кіраўнік дзяржавы звярнуў на снегаўшчыльняльную і лёдазалівачную машыны.
Прэзідэнт наведаў таксама корпус зборкі трактароў, дзе яму далажылі аб вытворчасці розных камплектуючых, якія вырабляюцца для МТЗ на іншых прадпрыемствах па праграме імпартазамяшчэння. Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз звярнуў увагу на неабходнасць максімальна сканцэнтраваць на тэрыторыі краіны вытворчасць камплектуючых для МТЗ і скараціць пастаўкі па імпарце. Пры гэтым абавязкова забяспечыць высокую якасць прадукцыі.
Кіраўнік дзяржавы падрабязна цікавіўся станам спраў на асобных прадпрыемствах. Размова ішла аб забеспячэнні стабільнасці работы, наяўнасці рынкаў збыту, пытаннях аплаты працы. «Людзі павінны бачыць святло ў канцы тунэля. Калі яны гэта бачаць, будуць старацца», – адзначыў Прэзідэнт.
Акрамя таго, ён нагадаў пра важнасць планавання работы прадпрыемстваў, выбудоўвання стратэгіі развіцця, заснаванай на рэальных разліках. «Трэба арыентавацца на тое, што ў цябе ёсць на самай справе, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Гэта правільны падыход, паколькі інакш час страціш, а тое, на што замахнешся, не атрымаеш».
Падчас сустрэчы з прадстаўнікамі працоўнага калектыву Прэзідэнт падкрэсліў значэнне Мінскага трактарнага завода, які з’яўляецца брэндам краіны, і павіншаваў усіх з днём нараджэння прадпрыемства, якое гэтымі днямі адзначае 74 гады з даты заснавання.
Кіраўнік дзяржавы заявіў, што галоўнае ў вытворчасці –забеспячэнне высокай якасці прадукцыі. І ў гэтым залог далейшага развіцця і дабрабыту як самога завода, так і яго работнікаў. «Канкурэнцыя па вашай прадукцыі каласальная. Задача адна – якасць. Гэта галоўнае пытанне нашай машынабудаўнічай краіны і перш за ўсё МТЗ. Вось адзіная мая просьба і жорсткае патрабаванне да вас усіх», – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што заўсёды лепш у сябе на радзіме, менавіта тут грамадзяне і іх праца заўсёды будуць запатрабаваныя.
У час сустрэчы з работнікамі прадпрыемства Кіраўнік дзяржавы закрануў пытанні пандэміі каранавіруса, дзяржпадтрымкі прадпрыемстваў.
Аляксандр Лукашэнка на МТЗ паразмаўляў і з дырэктарамі прадпрыемстваў, якія пастаўляюць сваю прадукцыю для патрэб трактарнага завода. Ён адзначыў важнасць таго, каб у цяперашніх умовах прадпрыемствы прадаўжалі працаваць, а гэта, адпаведна, і зарплаты ў рабочых калектывах.
Прэзідэнт таксама расказаў аб сваёй пазіцыі адносна продажу дзяржаўнай уласнасці, адказаў на пытанні пра выбарчую кам-панію.
На завяршэнне сустрэчы калектыў Мінскага трактарнага завода падарыў Кіраўніку дзяржавы макет трактара BELARUS-4522. Гэта самы магутны трактар у лінейцы прадукцыі МТЗ і адзін з самых магутных колавых трактароў у свеце.

Па матэрыялах БЕЛТА.