Криминал и происшествия в Ляховичском районе

У перыяд са снежня па студзень з двара дома ў Ганчарах знікла 250 кілаграмаў металалому. На след злодзеяў ляхавіцкія сышчыкі выйшлі, калі быў учынены крадзеж на хутары каля Мазурак. Металічныя слупкі і некалькі газавых пліт вяскоўцы нагледзелі загадзя, а пасля пад покрывам ночы прыехалі на кані і забралі. У поле зроку знаходзіліся гаспадары гужавых павозак. Аператыўна-следчыя мерапрыемствы прывялі супрацоўнікаў крымінальнага вышуку РАУС да двух непрацуючых жыхароў Мядзведзіч, якія прызналіся і ў крадзяжы ў Ганчарах, расказаў «ЛВ» падрабязнасці начальнік аддзялення крымінальнага вышуку Віталій Давідоўскі.
У той жа дзень, як была раскрыта гэта справа, участковы інспектар і супрацоўнікі крымінальнага вышуку спынілі яшчэ адзін замах на чужую маёмасць. У Зарытаве пенсіянер некалькі гадзін адсутнічаў дома. Гэтага часу хапіла непрацуючаму раней судзімаму аднавяскоўцу. Зламыснік зайшоў у дом, дзверы якога аказаліся адчыненымі, і перавярнуў там усё. Яго здабыча склала 55 рублёў, прадукты харчавання і іншае. Па гарачых слядах 44-гадовы аматар чужых рэчаў быў затрыманы.
Па фактах крадзяжоў РАСК узбудзіў крымінальныя справы па ч. 2 арт. 205 КК.

Наталля НЕСЦЯРОВІЧ.