Канструктыўная паўза. З 29 мая мост у Дарава Ляхавіцкага раёна праз раку Шчара закрыты на рамонт

З 29 мая мост у аграгарадку Дарава праз раку Шчара закрыты на рамонт. У сувязі з гэтым прадугледжаны аб’езд праз стары мост каля зоны адпачынку.

Генпадрадная арганізацыя ТАА «Спецмостбуд» (кампанія займаецца будаўніцтвам больш за два дзесяцігоддзі) выканала неабходныя меры па арганізацыі бяспечнага дарожнага руху. Прараб Вадзім Пяроў тлумачыць, што для часовага аб’езда зроблена нямала: уздоўж праезнай часткі ўстаноўлена металічная бар’ерная агароджа, умацаваны маналітныя пліты моста, расстаўлены часовыя дарожныя знакі і г. д. Улічаны і інтарэсы пешаходаў: укладзены дарожкі, маюцца драўляныя поручні. Перанесены і абсталяваны аўтобусны прыпынак. Усё дзеля бяспекі і зручнасці.


Капрамонт моста абумоўлены нездавальняючым станам некаторых канструктыўных элементаў і паніжанай грузапад’ёмнасцю. Іншай мовай, збудаванне страціла тэрмін прыдатнасці – апошні раз яго «лячылі» 23 гады назад.
На капрамонт з рэспубліканскага бюджэту накіравана больш за 900 тысяч рублёў. Абнаўленне адбудзецца на ўчастку ў 45 метраў. 
Работа ўжо кіпіць: дарожнікі здымаюць стары асфальт, ачышчаюць металічныя канструкцыі. Будзе зроблены дэмантаж пліт з заменай 37 пралётных збудаванняў на новыя, укладзены слоі маставога і асфальтавага палатна. Перабудовы чакаюць лесвічныя сходы на новыя маналітныя шырынёй да метра, уладкуюцца тратуары. Памяняюць і бар’ерную агароджу на больш высокую ацынкаваную, якая не патрабуе афарбоўкі. Праект прадугледжвае яшчэ мноства канструктыўных рашэнняў.
Завяршыць рамонтныя работы плануюць у лістападзе.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.
Фота аўтара.