Сакавік у лічбах і фактах

У сакавіку ў раддоме ЦРБ нарадзіліся 10 дзетак
У сакавіку 2010 года ў аддзеле загса райвыканкама і сельвыканкамах выдадзена 15 пасведчанняў аб нараджэнні (у тым ліку 11 у горадзе і 4 у сельсаветах), 50 – аб смерці (10 – у горадзе, 40 – у вёсках). Што датычыць стварэння новых сем’яў, то іх у першы вясновы месяц з’явілася ў раёне толькі 3. Апошняе супрацоўнікі аддзела загса тлумачаць проста: падчас посту традыцыйна не бывае шмат жадаючых узяць шлюб. Наогул жа, за першы квартал 2010 года на Ляхавіччыне ажаніліся 25 пар – на 8 менш, чым за такі ж перыяд мінулага года. Хочацца спадзявацца, што астатнія месяцы 2010-га стануць больш шчодрымі на вясельныя святы, а ўсе новыя сем’і абавязкова будуць жыць у любві і згодзе шмат шчаслівых дзесяцігоддзяў.
У судзе Ляхавіцкага раёна разгледжана 14 крымінальных спраў і 65 грамадзянскіх. Сярод апошніх 4 – аб скасаванні шлюбу.
“Хуткая дапамога” выязджала ў мінулым месяцы па 883 выкліках. У тым ліку 66 разоў – на няшчасныя выпадкі, 383 – на раптоўныя захворванні, 331 – на неадкладныя выклікі, 7 – для дастаўкі парадзіх. 12 выездаў “хуткай дапамогі” трапілі ў разрад безвыніковых. На жаль, штомесяц здараюцца і такія. А, між тым, жартаваць з выклікам аварыйна-выратавальных службаў не варта. Магчыма, у наступны раз, калі дапамога спатрэбіцца вам, “хуткая” будзе занята якраз на такім выездзе…
У раёне працягваецца месячнік пажарнай бяспекі. 59 выездаў тэхнікі зарэгістравана ў сакавіку ў РАНС і яго падраздзяленнях. У тым ліку 21 раз выратавальнікам даводзілася выязджаць на тушэнне ўзгаранняў: 6 – на ліквідацыю пажараў у сельскай мясцовасці, 6 – на выпальванне травы і 9 – на спальванне смецця. Апошнія, дарэчы, хоць і здаюцца многім нашым землякам бяскрыўднымі і нават “карыснымі”, на справе могуць стаць прычынай сур’ёзных пажараў і падставай для не менш сур’ёзнага адміністрацыйнага ці нават крымінальнага пакарання.
У сакавіку на дарогах раёна не ўчынена ніводнага ДТЗ. Аднак, за гэты перыяд супрацоўнікі аддзялення ДАІ РАУС выявілі 678 парушэнняў правілаў дарожнага руху. За ваджэнне транспартных сродкаў у стане алкагольнага ап’янення затрыманы 21 вадзіцель. У поле зроку інспектараў трапілі 265 ліхачоў, якія перавышалі скорасныя рэжымы, ствараючы тым самым патэнцыяльна небяспечную сітуацыю на дарогах. Сярод парушальнікаў апынуліся і 124 пешаходы.
З 20 па 30 сакавіка на тэрыторыі раёна праходзіла аперацыя “Дзяржтэхагляд”, падчас якой былі выяўлена 44 транспартныя сродкі, што эксплуатаваліся без адзнакі аб праходжанні дзяржтэхагляду, і 3 – з тэхнічнымі няспраўнасцямі, пры якіх забаронены ўдзел у дарожным руху. За выпуск на лінію транспарту без тэхагляду да адказнасці прыцягнута 1 службовая асоба. Майце на ўвазе: недысцыплінаванасць – галоўная прычына трагедый на дарозе.
За мінулы месяц на тэрыторыі раёна зарэгістравана 24 злачынствы, у тым ліку 20 па лініі крымінальнага вышуку. Сярод іх – спроба забойства, грабёж, 13 крадзяжоў, махлярства і іншыя. У лячэбна-працоўны прафілакторый асуджаны 2 нашыя землякі. За парушэнне антыалкагольнага заканадаўства складзена 15 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях. Распіваць спіртное і піва ў грамадскіх месцах з нядаўняга часу стала зусім не танным задавальненнем: штраф за гэта можа скласці ад 1 да 8 базавых велічынь.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *