Змена для спартсмена. СДЮШАР г. Ляхавічы запрашае сваіх выхаванцаў правесці летнія канікулы ў спартыўным лагеры

Традыцыйна ў пачатку лета СДЮШАР гасцінна запрашае сваіх выхаванцаў правесці летнія канікулы актыўна і з карысцю ў спартыўным лагеры.

Сёлета ў лагеры аздараўляюцца 40 хлопчыкаў і дзяўчынак узрос-там ад шасці да шаснаццаці гадоў. Выхаванцы адпачываюць у чатырох атрадах.

Аматары гандбола трэніруюцца ў «Чэмпіёне», юныя дзюдаісты адточваюць майстэрства японскага баявога мастацтва ў «Алімпійцы». Новыя лёгкаатлетычныя рэкорды ставяць рабяты ў «Дынаміце», тыя, хто не ўяўляе свайго жыцця без футбола, аб’ядналіся ў атрад «Адрэналін».

–Трэнеры робяць усё, каб дзецям было цікава, а іх вольны час праходзіў займальна. Праграма складзена з улікам пажаданняў нашых выхаванцаў:гэта спартыўныя і творчыя спаборніцтвы, гульні, віктарыны, конкурсы, – гаворыць дырэктар СДЮШАР Валянціна Русакевіч.

Дарэчы, у мінулы чацвер барацьба разгарнулася на гандбольнай пляцоўцы сярод спартсменаў-навучэнцаў аддзялення гандбола і выхавальнікаў.

Турнір атрымаўся захапляльным і пакінуў масу станоўчых эмоцый. З лікам 29:25 перамагла каманда спартсменаў-навучэнцаў.

Лагер працягне работу да 23 чэрвеня.

Ірына КУЗЬМІЧ.
Фота аўтара.