Тандэм творчасці і дабрачыннасці. Ляхавіцкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа падвяла вынікі

Ляхавіцкая раённая арганізацыя Чырвонага Крыжа падвяла вынікі месячніка, які праходзіў з 3 мая па 1 чэрвеня.

Кожны год у рамках месячніка раённай арганізацыяй праводзіцца шмат конкурсаў, віктарын і квэстаў, якія ў гэтым годзе з-за пандэміі давялося правесці ў анлайн-фармаце.

Нягледзячы на гэта, ляхавіцкія валанцёры прынялі ў іх актыўны ўдзел, атрымалі шэраг дыпломаў і памятных узнагарод. Лістоўкі, малюнкі, сачыненні, вершы…

Гучалі імёны ляхавічан і ў вобласці. Дыпломам абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа ўзнагароджана навучэнка СШ № 1 горада Ляхавічы Анастасія Дыдышка, якая заняла другое месца ў конкурсе на лепшую інтэрактыўную гульню па распаўсюджванні ведаў аб міжнародным гуманітарным праве, асноватворных прынцыпах і дзейнасці Чырвонага Крыжа.

А валанцёрская група ТЦСАН «Адкрый сваё сэрца» атрымала грант на 400 рублёў. Яны прадставілі міні-ініцыятыву «Прафілактыка вірусных захворванняў».

– Зараз у групе рызыкі пажылыя людзі, ляхавічане з аслабленым імунітэтам. Наша ініцыятыва накіравана на абарону такіх людзей ад інфекцый. Дастаўку прадуктаў і медыцынскіх сродкаў да іх возьмуць на сябе, у тым ліку, і валанцёры, – гаворыць старшыня раённай арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа Жанна Лешык.

А каб дапамагаць жыхарам горада аператыўней, валанцёры плануюць набыць веласіпед.

Ірына КУЗЬМІЧ.