У Ляхавіцкім раёне ўзяты курс на актыўнае ўкараненне новых тэхналогій вытворчасці ў малочнай жывёлагадоўлі

У апошнія гады ўзяты курс на актыўнае ўкараненне новых тэхналогій вытворчасці, у тым ліку і ў малочнай жывёлагадоўлі.

Дзякуючы гэтаму ў многіх сельгаспрадпрыемствах раёна справы зрушыліся з мёртвай кропкі: пачалі аднаўляцца памяшканні МТФ, праводзіцца іх мадэрнізацыя, укараняюцца сучасныя тэхналогіі. І, галоўнае, пачала мяняцца псіхалогія людзей, разбураюцца старыя стэрэатыпы адносін да працы. Культура вытворчасці, дысцыпліна, адказнасць — галоўнае, што вызначае сёння работнікаў паспяховых сельгаспрадпрыемстваў. Таму відавочныя і вынікі працы. За 2012 год на 878 галоў павялічыўся статак БРЖ і склаў 29291, у тым ліку 11020 кароў — на 425 больш, чым летась. Валавая вытворчасць малака павялічылася на 4 працэнты і склала 51476 тон. На 8,6 працэнта больш леташняга прададзена дзяржаве малака ў фізічнай вазе. Гаспадаркі раёна і насельніцтва павялічылі пастаўкі малака ў заліковай вазе на 7,9 працэнта ў параўнанні з мінулым годам. У залік дзяржаўных патрэб раён адправіў малака 93,8 працэнта да задання (з улікам закупленага з асабістых падсобных гаспадарак грамадзян). З-за таго, што была зніжана прадукцыйнасць статка, зменшылася таварнасць і якасць малака, не выканалі заданне СВК «Ліпнянка», «Дарава», «Ордэна «Знак Пашаны» Кастрычнік», ААТ «Ляхавіцкі райаграсэрвіс». Іменна гэтыя сельгаспрадпрыемствы недадалі 1930 тон малака. І, адпаведна, не зарабілі грошы, якія маглі і павінны былі зарабіць.
Сёлета перад сельгаспрадпрыемствамі раёна пастаўлены маштабныя задачы, у тым ліку і ў галіне малочнай жывёлагадоўлі. Мяркуецца ад кожнай каровы раённага статка атрымаць па 5300 кілаграмаў малака, а валавы надой давесці да 56700 тон.
Гэтага рэальна дасягнуць толькі пры прымяненні новых тэхналогій. Па прыкладу мінулага года сёлета неабходна аднавіць 11 МТФ і наладзіць там работу па-новаму. Напрыклад, каб рэанімаваць жывёлагадоўчую галіну ў СВК «Жарабковічы», неабходна, як мінімум, пабудаваць новы комплекс (дарэчы, яго ўзвядзенне было распачата шмат гадоў назад, але «замарожана» і надоўга забыта). Новыя памяшканні разлічаны на 720 кароў, якія будуць утрымлівацца на глыбокай падсцілцы, пры абавязковым функцыянаванні даільнай залы. Побач з комплексам будуць узведзены 2 траншэі для сіласу, разлічаныя на 3 тысячы тон кожная, з кармавымі сталамі. Работы ўжо можна распачынаць, паколькі ёсць у гаспадарцы і праектна-каштарысная дакументацыя, і будматэрыялы. Фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту пачнецца тады, калі палова работ будзе выканана за ўласныя сродкі — такое патрабаванне агучыў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч. Прычым, будаўніцтва гэтага аб’екта кіраўнік урада паабяцаў трымаць на кантролі. Восенню комплекс павінен уступіць у эксплуатацыю.
Акрамя таго, у СВК «Жарабковічы» будзе рэканструяваны яшчэ адзін кароўнік: плануюцца замена даху, вокнаў і дзвярэй, стойлавага абсталявання і сістэмы водапаення, будаўніцтва кармавога двара, выгульнай пляцоўкі, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Аднак, пакуль што праектна-каштарыснай дакументацыі няма, а час прыспешвае.
Сёлета трэба завяршыць другую чаргу будаўнічых работ на МТФ «Літва» СВК «Дарава». Летась асвоены 151 мільён рублёў капіталаўкладанняў, сёлета работы павінны быць завершаны і памяшканні заселены.
Ужо заказана і зроблена праектна-каштарысная дакументацыя на рэканструкцыю жывёлагадоўчага памяшкання ў СВК «Ляхавіцкі», дзе неўзабаве завершацца работы на МТФ «Русінавічы». Тут толькі на будаўніцтва сянажных траншэй ужо затрачана 425 мільёнаў рублёў.
Райаграсэрвіс таксама заказаў праектна-каштарысную дакументацыю на рэканструкцыю і мадэрнізацыю двух кароўнікаў для дойнага статка ў Падбароччы, каб была магчымасць павялічваць пагалоўе. У планах будаўніцтва дзвюх траншэй — сіласнай і сянажнай — з кармавым дваром, добраўпарадкаванне тэрыторыі. Плануецца рэканструяваць 4 памяшканні пад цэх сухастою на комплексе па адкорме БРЖ на ферме ў Малым Гарадзішчы. Марудзіць нельга, бо запланаваны значны аб’ём работ і завяршыць яго трэба да канца года.
Астатнія гаспадаркі яшчэ наогул не заказвалі праектна-каштарысную дакументацыю. А, напрыклад, «Кастрычнік» плануе рэканструяваць 2 кароўнікі ў Зубелевічах, СВК «Шлях новы» правядзе рэканструкцыю двух кароўнікаў у Гарбачах, пабудуе цялятнік, 2 траншэі — сіласную і сянажную (кожная з кармавым сталом), памяшканні для ўтрымання сухастойных кароў. СВК «Тальмінавічы» рэканструюе 2 кароўнікі для дойнага статка з улікам павелічэння пагалоўя на МТФ «Гашчын». У выніку будзе выдзелены цэх сухастою і радзільнае аддзяленне з устаноўкай даільнага абсталявання, пабудуюцца новы цялятнік, выгульныя пляцоўкі, 2 кармавыя траншэі з кармавым дваром.
Пэўныя аб’ёмы будаўнічых работ запланаваны ў СВК «Ліпнянка», «Востраў-Агра», ДП «Нача», ЗАТ «Белпрампрыбор». Рэканструкцыя дазволіць жывёлаводам працаваць з прымяненнем новых тэхналогій. 5 даільных залаў павінны ўступіць у дзеянне да канца года.
Аднак, трэба памятаць, што гэтыя цудоўныя пераўтварэнні пакуль толькі на паперы. Для ажыццяўлення намечанага патрэбна працаваць ужо сёння, каб восенню не было аўралаў і нявыкананых заданняў. Адначасова пад пастаянным кантролем павінна знаходзіцца вытворчасць малака з захаваннем лепшых якасных параметраў.
Мікалай ВАРАЖУН,
намеснік старшыні
райвыканкама, начальнік  райсельгасхарчу.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *