Здаровая гісторыя. Зямлячка расказвае, як пераадолець хваробу

У кожнага віруса свой супрацьвірус. Наша зямлячка расказвае, як пераадолець хваробу.  А барацьба з COVID-19 працягваецца

Яны справіліся, у іх атрымалася даць адпор каварнаму вірусу, іх арганізм аказаўся мацнейшым за хваробу. І ў многім дзякуючы таму, што побач, як цяпер часта паўтараецца, на перадавой здароўя, профі ў белых халатах – героі, якія змагаюцца за жыццё кожнага пацыента. Усё ж COVID-19, няхай не так хутка, як хацелася, але здае свае пазіцыі.

Ляхавіччыну таксама не абышла бокам гэта хвароба. Сустрэлі яе ў поўным узбраенні – загадзя сталі клапаціцца пра сродкі індывідуальнай абароны для медыкаў, стварылі неабходны запас лякарстваў, які пастаянна абнаўляецца, перапрафілявалі ложка-месцы ў некаторых аддзяленнях райбальніцы для шпіталізацыі хворых з пнеўманіямі, набылі новы аўтамабіль хуткай дапамогі. У паліклініцы дзейнічаюць так званыя брудная і чыстая зоны для прыёму наведвальнікаў з прыкметамі вострых-рэспіраторных інфекцый і патэнцыяльна здаровых адпаведна. У ЦРБ добрая аснашчанасць апаратамі штучнай вентыляцыі лёгкіх і кіслароднымі кропкамі. У барацьбе з агульнай бядой аб’ядналіся ўсе. Спонсарская дапамога ва УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ» ад прадпрыемстваў, устаноў, грамадскіх арганізацый, валанцёраў пачала паступаць з сакавіка, і гэты дабрачынны марафон не спыняецца і цяпер. Але, нягледзячы на ўсе прымаемыя меры, хворыя і з COVID-19, і з пнеўманіямі яшчэ ёсць.
– Каварнасць каранавіруса ў тым, што іншы раз хвароба вядзе сябе непрадказальна. Здараецца, што пацыент быццам бы ідзе на папраўку, потым магчыма рэзкае пагаршэнне стану. Але не апускаем рукі, нам нельга, бо людзі медыкам давяраюць самае галоўнае – здароўе і жыццё. У лячэнні прымяняем розныя методыкі. Ёсць алгарытм, распрацаваны кітайскімі ўрачамі, і той, які рэкамендуе Сусветная арганізацыя аховы здароўя. Міністэрства аховы здароўя Беларусі на аснове гэтых методык выпрацавала сваю ў лячэнні каранавіруса. Неабходны запас медыкаментаў ёсць, нават перавышае неабходнае, – расказвае загадчык інфекцыйнага аддзялення райбальніцы Арцём Кабушка.
Па словах галоўнага ўрача Ляхавіцкай ЦРБ Георгія Хлябовіча, істотным чынам зменшылася колькасць хворых, якіх шпіталізуюць з дыягназам «пнеўманія». У сувязі з гэтым зачынена адно з аддзяленняў райбальніцы, якое раней было перапрафілявана пад лячэнне пацыентаў з такім дыягназам. Але, як адзначае Георгій Хлябовіч, заспакойвацца рана. Правілы перасцярогі пакуль ніхто не адмяняе.
Галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Ляхавіцкага раёна Віталій Ціханаў паведаміў: на мінулы чацвер выздаравелі 204 землякі, у якіх пацверджаны COVID-19. На самаізаляцыі па стане на 11 чэрвеня знаходзіліся 186 чалавек. Супрацоўнікі райЦГіЭ і РАУС прадаўжаюць адсочваць, як выконваецца рэжым самаізаляцыі.
Жыхарка Ляхавіцкага раёна Алена – адна з тых, хто ўжо можа сказаць: «У мяне дыягнаставалі каранавірус, але я вылечылася». Гісторыя яе ўзаемаадносін з COVID-19 наступная:
– Ніколі не лічыла сябе панікёрам, але пасля таго, як Сусветная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла пандэмію, зразумела: гэта сур’ёзна і небяспечна. Таму прыняла неабходныя меры перасцярогі. Для ўсёй сям’і закупіла медыцынскія маскі, пальчаткі, антысептыкі. Гэта потым людзі сталі актыўна насіць маскі, а па першым часе грэбавалі імі. Старалася прытрымлівацца сацыяльнага дыстанцыравання, кантакты звяла да мінімуму, але на работу прадаўжала хадзіць.
Напачатку красавіка стала моцна балець галава, ні кашлю, ні цяжкага дыхання, ніякіх іншых сімптомаў каранавіруса не было. Думала праблемы з носам – сінусіт. Зрабілі здымак носа і лёгкіх. Паставілі дыягназ «пнеўманія». Мяне шпіталізавалі ў інфекцыйнае аддзяленне райбальніцы. Пачалося лячэнне. Аналіз на каранавірус бралі чатыры разы: першы, трэці і чацвёрты аказаліся адмоўнымі, а вось другі – станоўчым.
Вялікі дзякуй усім урачам, якія не толькі лячылі, але і падтрымлівалі, суцяшалі. Яны, без перабольшвання, героі –стараліся з апошніх сіл. Толькі найлепшых слоў заслугоўваюць і медсёстры.
Якімі ж прафесіяналамі трэба быць, каб у адзенні «касманаўта» (менавіта на яго падобна цяперашняя форма медыкаў) так трапна пападаць у вену, браць аналізы. Стараліся і санітарачкі, каб стварыць для хворых, наколькі можна, камфортнае знаходжанне. Ніякіх лякарстваў з дому мне не перадавалі, усё неабходнае выдаткоўвалі з бальнічнага фонду.
Пасля апошняга адмоўнага тэста атрымала неверагодную палёгку. Гэта ні з чым не параўнальная асалода адчуваць, што ты выйшаў пераможцам у схватцы з вірусам. На шчасце, ні сын, ні муж, якія з’яўляліся кантактамі першага ўзроўню, не захварэлі. Хаця ўжо прайшло амаль два месяцы пасля майго выздараўлення, па-ранейшаму нашу маску, выконваю іншыя меры перасцярогі – расслабляцца рана. Не разумею людзей, якія ігнаруюць такія меры. Яны не толькі не клапоцяцца пра ўласнае здароўе, але і пра здароўе тых, хто побач. Хачу заклікаць усіх: будзьце ўважлівымі да сябе і іншых. Каб перамагчы COVID-19, неабходна аб’яднаць намаганні ўсіх і кожнага. Давайце паважаць адзін аднаго.
Сапраўды, ад таго, наколькі мы бу-дзем цярплівымі, адэкватна ацэньваць сітуацыю, не займацца пазёрствам, не ўпадаць у паніку, у многім залежыць, калі ў каранавіруснай гісторыі будзе нарэшце пастаўлена кропка.

Галіна КАНЬКО.