Прафсаюзны прыём. Прамая лінія «ЛВ»

Пытанні наконт калектыўных дагавораў, працоўнага заканадаўства, дарослага і дзіцячага аздараўлення, аховы працы, аказання матэрыяльнай дапамогі – усё гэта цікавіць землякоў. Менавіта з такімі праблемамі звярталіся на прафсаюзны анлайн-прыём. Яго ў мінулую пятніцу падчас чарговай прамой лініі «ЛВ» праводзілі старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Тамара Пракап’юк і старшыня раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК Ірына Чура.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Зараз праходзіць прэзідэнцкая выбарчая кампанія. Як у ёй удзельнічаюць прафсаюзы?

Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Прафсаюзы – актыўна дзеючая грамадская арганізацыя, якая заўжды ў цэнтры падзей, што адбываюцца ў нашай краіне. І, канешне, лічыць справай гонару мець сваіх прадстаўнікоў ва ўсіх важных палітычных падзеях. Выбары Прэзідэнта Беларусі, дэпутатаў Нацыянальнага сходу, мясцовых дэпутатаў – кампаніі, падчас якіх прафсаюзныя актывісты ўваходзяць у склад выбарчых камісій, наглядальнікаў, займаюцца зборам подпісаў за кандыдатаў. Менавіта такі ўдзел мае месца і на сёлетняй выбарчай прэзідэнцкай кампаніі.
Ірына ЧУРА:
– Выбары Кіраўніка дзяржавы – вызначальны і адказны момант як для ўсёй краіны, так і для кожнага яе грамадзяніна. Прафсаюзы прадстаўляюць інтарэсы працоўных, якія нам давяраюць, таму мы адказныя за іх. У гэтай выбарчай кампаніі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі выступае ў падтрымку дзеючага Кіраўніка дзяржавы. Беларусь – міралюбівая незалежная дзяржава з развітой эканомікай, даступнай медыцынай, перадавой адукацыяй, высокім узроўнем сацыяльнай абароны. Каб захаваць дабрабыт дзяржавы і яе грамадзян, быць упэўненым у заўтрашнім дні, кожнаму з нас неабходна прыняць правільнае рашэнне.

Добры дзень. Я нядаўна ўладкавалася на працу на адно з прад-
прыемстваў у Ляхавіцкім раёне, уступіла ў мясцовую прафсаюзную пярвічку. Да гэтага працавала ў іншай арганізацыі. Ці буду мець права атрымаць навагодні падарунак па былым месцы працы, дзе сёлета была ў штаце чатыры месяцы?

Алена Сяргееўна, г. Ляхавічы.

Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Што тычыцца вашага папярэдняга месца працы, то права на навагодні падарунак вы не будзеце мець. А вось на новым прадпрыемстве такога кшталту бонусы ад прафсаюза прадугледжаны ўсім, хто з’яўляецца членам гэтай грамадскай арганізацыі і, адпаведна, плаціць прафсаюзныя ўзносы.
Ірына ЧУРА:
– Дадам, у многіх прафсаюзных пярвічках прадугледжана навагодняе заахвочванне не толькі для членаў арганізацыі, а і для іх непаўналетніх дзяцей. Так, апошнія некалькі гадоў на традыцыйнае навагодняе шоу ў ГДК раённая арганізацыя прафсаюза работнікаў АПК збірае 300 хлопчыкаў і дзяўчынак, чые бацькі працуюць на прадпрыемствах і ў арганізацыях, што ўваходзяць у наша аб’яднанне. Асаблівая ўвага – мнагадзетным, неўладкаваным, малазабяспечаным сем’ям.

Патлумачце, калі ласка, па якім прынцыпе адбіраюць жадаючых паехаць на некалькі дзён на мора. Ведаю, што пазалетась так ездзілі некаторыя працаўнікі з ААТ «Жарабковічы» ў Адэсу. Казалі, што частку расходаў браў на сябе прафсаюз?
Мікалай Сцяпанавіч, Ляхавіцкі раён.

Ірына ЧУРА:
– Такія турыстычныя паездкі ў Адэсу з заездам на мора арганізоўваліся ў 2017 і 2018 гадах. Фінансаваліся яны за кошт сродкаў, выдаткаваных прафсаюзнай пярвічкай ААТ «Жарабковічы» і непасрэдна сельгаспрадпрыемствам. Папярэдне ва ўсіх падраздзяленнях гаспадаркі былі вывешаны аб’явы, кожны жадаючы мог напісаць заяву старшыні прафкама аб жаданні трапіць у склад дэлегацыі.
Акрамя таго, у 2018 годзе аналагічная паездка была арганізавана для работнікаў ААТ «Шлях новы», «Ляхавіцкі кансервавы завод», ДП «Нача», у верасні мінулага года прадстаўнікі «Шляху новага», СВК «Ляхавіцкі», райаграсэрвіса, «Начы», «Жарабковічаў» з экскурсіяй пабывалі ў Львове.
Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Падкрэслю, што выдаткі за экскурсійныя туры бярэ на сябе не толькі прафсаюз – пярвічка ці райкам. У кожным прадпрыемстве ці арганізацыі, што і замацавана генеральным пагадненнем паміж наймальнікамі і прафсаюзам, кожны месяц па калектыўным дагаворы выдаткоўваецца не менш за  0,3 працэнта ад фонду аплаты працы на культурна-аздараўленчую работу.
– У мяне амаль 30 гадоў стажу на адным прадпрыемстве. Кожны месяц вылічвалі прафсаюзныя ўзносы. Цяпер я на пенсіі. Чаму мне не даюць падарункі, напрыклад, да Новага года ці прафесійнага свята – Дня аўтамабіліста і дарожніка, ці не аказваюць матэрыяльную дапамогу да юбілейных дзён нараджэння?
Аляксей Паўлавіч,
г. Ляхавічы.

Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Шаноўны Аляксей Паўлавіч, прыемна пачуць чалавека, які столькі гадоў заставаўся верным аднаму прадпрыемству. Што тычыцца падарункаў да святаў, то, на жаль, вы не назвалі арганізацыю, дзе шчыравалі. Магчыма, па калектыўным дагаворы такое заахвочванне не прадугледжана для тых, хто выйшаў на заслужаны адпачынак. А вось наконт юбілейнага дня нараджэння адзначу наступнае. Нават, калі на даны момант у арганізацыі не зусім спрыяльны фінансавы стан ці такія выплаты не прадугле-
джаны калектыўным дагаворам, то павіншаваць чалавека, які шмат гадоў аддаў прадпрыемству, – абавязкова трэба. Пра што павінны паклапаціцца і прафсаюз, і адміністрацыя.
Ірына ЧУРА:
– У калектыўным дагаворы ў раздзеле «Сацыяльныя гарантыі» многіх прадпрыемстваў, што ўваходзяць у склад раённай арганізацыі прафсаюзаў работнікаў АПК, ёсць пункты, дзе гаворыцца пра матэрыяльную падтрымку былых работнікаў, якія цяпер на заслужаным адпачынку. Пацікаўцеся, магчыма, такі пункт ёсць у арганізацыі, дзе вы працавалі.

– Скажыце, калі ласка, які цяпер працэнт адлічэнняў прафсаюзных узносаў, ці аднолькавы ён для ўсіх?
Марыя,г. Ляхавічы.

Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Незалежна ад таго, якой формы ўласнасці прадпрыемства ці арганізацыя, памер прафсаюзных узносаў, якія вылічваюцца з заработнай платы работніка па яго заяве, члена прафсаюзнай арганізацыі, аднолькавы – адзін працэнт ад налічанай заработнай платы за месяц.

Пытанне ад «ЛВ»:
– Наколькі ўплывовая роля прафсаюзаў у жыцці нашых землякоў?
Тамара ПРАКАП’ЮК:
– Заўсёды побач! Менавіта так ахарактарызую грамадскую пазіцыю прафсаюзаў. Імкнёмся быць у гушчыні ўсіх падзей, што адбываюцца навокал. Ахова правоў і інтарэсаў працоўных –
адна з галоўных задач для райкамаў прафсаюзаў і пярвічак. На пастаянным кантролі – парадак заключэння калектыўных дагавораў на прадпрыемствах і ў арганізацыях. З гэтай нагоды праводзяцца навучальныя семінары для старшынь пярвічак.
Забеспячэнне вытворча-тэхналагічнай, працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны, стварэнне належных умоў працы, недапушчэнне выпадкаў п’янства на вытворчасці, прафілактыка сямейнай неўладкаванасці – пытанні, якія таксама ў полі зроку прафсаюзаў. Цесна ўзаемадзейнічаем з БРСМ, ветэранскай і іншымі грамадскімі арганізацыямі. Прафсаюзы пастаянна праводзяць маніторынгі па выплаце заработнай платы і па псіхалагічным мікраклімаце ў працоўных калектывах, а таксама маніторынг цэн. Асаблівая ўвага – рабоце з маладымі спецыялістамі: каб мець перспектыўны рэзерв кадраў, трэба не толькі садзейнічаць іх прафесійнаму росту, але і спрыяць стварэнню нармальных умоў працы і быту.
Традыцыйна ўдзельнічаем у дабрачыннай акцыі «Прафсаюзы – дзецям», аказваем дапамогу мнагадзетным сем’ям і ў падрыхтоўцы да новага навучальнага года. Летам прафарганізацыі выдзяляюць сродкі на патанненне дзіцячых пуцёвак у аздараўленчыя
лагеры.
У сувязі з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй, прафсаюзы таксама не засталіся ўбаку. Пры раённым аб’яднанні створаны штаб па рэагаванні на бягучую сітуацыю па каранавірусе, адкрыты рахунак, куды пераводзяць грошы прафсаюзныя пярвічкі прадпрыемстваў і арганізацый рознай формы ўласнасці. Пералічым сабраныя сродкі на рахунак Ляхавіцкай ЦРБ. Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі перадала гуманітарную дапамогу – спецыяльныя камбінезоны для медыкаў – і ў Ляхавіцкую райбальніцу. Спонсарскую дапамогу ЦРБ у выглядзе сродкаў індывідуальнай абароны для медыкаў і дэзынфіцыруючых сродкаў аказаў і абкам прафсаюза работнікаў аховы здароўя. Аказана дапамога некаторым пярвічкам у набыцці сродкаў дэзынфекцыі для работнікаў прадпрыемстваў і арганізацый.
Пра ўплывовасць выразна скажуць і лічбы. У раённае аб’яднанне ўваходзяць
79 пярвічак, у іх – каля сямі тысяч чалавек.
Ірына ЧУРА:
– Ад таго, наколькі прафкамы прафесійна і добрасумленна вырашаюць пытанні ці праб-лемы людзей, у многім залежыць аўтарытэт прафсаюзаў. Сёння раённая прафсаюзная арганізацыя работнікаў АПК – 15 пярвічак і амаль 2900 чалавек, з якіх 158 – на заслужаным адпачынку, але яны вырашылі застацца ў прафсаюзе. Такім чынам, ахоп прафсаюзным членствам складае 95,7 працэнта сярод працуючых. Аб тым, што землякі нам давяраюць, гаворыць наступнае: летась у райкаме прафсаюза разгледжана 187 зваротаў грамадзян, з якіх 87 – па прававых пытаннях, 47 – аплаце працы, па 20 – па ахове і арганізацыі працы. Прычым большасць вырашана на карысць заяўнікаў. Акрамя таго, дадзена 146 кансультацый па тэлефоне і 41 – падчас асабістага прыёму грамадзян.
Хачу падзякаваць кіраўнікам прадпрыемстваў за плённае супрацоўніцтва з прафсаюзамі, дапамогу, падтрымку. Ад таго, наколькі поўнае ўзаемаразуменне паміж кіраўніцтвам арганізацыі і прафкамам, залежыць рост дабрабыту працаўнікоў. Канешне, наколькі «балеюць» за грамадскую справу старшыні пярвічак, залежыць многае. Толькі шчырых слоў прызнання заслугоўвае работа лепшых з лепшых прафсаюзных актывістаў.

Дзякуй за размову.

На прамой лініі працавала Галіна КАНЬКО.