Геаметрыя лёсу і тэарэмы адносін. Не пералічыць, колькі выпускнікоў СШ №1 лічаць Уладзіміра Іванавіча самым лепшым настаўнікам

Праца педагога ў нейкай ступені падобна на архітэктарскую, лічыць ветэран педагагічнай працы Уладзімір Сокал. І той, і другі займаюцца праектаваннем. У руках настаўніка лёс маладога пакалення. І ён павінен адказна і далікатна яго распісваць

– Работу сваю вельмі люблю, – адзначае ляхавічанін Уладзімір Сокал, і голас яго, калі расказвае пра педагагічнае мінулае, гучыць жыццярадасна. Настаўніцтва стала яго прызваннем, і на заслужаным адпачынку не раз замяняў калег,з задавальненнем спяшаўся ў клас.
Сваё першае месца працы памятаюць звычайна ўсе. У памяці Уладзіміра Іванавіча гэта цікаўныя вочы яго вучняў з Рачканскай школы, куды прыйшоў пасля заканчэння Баранавіцкага настаўніцкага інстытута.
Маладога і актыўнага педагога матэматыкі адразу заўважылі і назначылі сакратаром камсамольскай арганізацыі калгаса «Новы шлях», даверылі прафсаюзныя інтарэсы. Праз год заняў пасаду завуча, а затым – інспектара ў райана.
Дзе нарадзіўся – там і спатрэбіўся. Гэта Уладзімір Іванавіч пра родную альма-матар – СШ № 1, з якой пайшоў вучнем, а вярнуўся настаўнікам. Старшакласнікам ён быў не юным – 21-гадовым, бо вайна ўнесла карэктывы ў школьны расклад… 10 класаў заканчваў у вячэрняй школе працоўнай моладзі, якая існавала пры Рускай сярэдняй школе (СШ №1).
Уладзімір Іванавіч – дзіця вайны, вельмі добра ведае цану міру і згодзе. З бацькамі жылі на Малой Лотве (зараз вуліца Кастрычніцкая) у райцэнтры, па якой фашысты гналі яўрэяў… Тыя падзеі назаўсёды ў памяці. А яшчэ жах, калі выгарала ўся вуліца, і ад дома засталіся галавешкі. Добра, што падвал уцалеў…
Працаваў з поўнай аддачай, кожны ўрок прадумваў да дробязяў.
– У СШ №1 выкладалі настаўнікі, якія вучылі яшчэ мяне. Такое становішча не проста абавязвала, падштурхоўвала да пастаяннага пошуку лепшых формаў навучання, – адзначае Уладзімір Сокал.
Урокі матэматыкі педагог разбаўляў жыццёвымі прыкладамі, жартамі. Тлумачыў тэму даходліва і цікава. Займаўся з рабятамі ў гуртку, на факультатывах, дзе, акрамя іншага, рашалі і алімпіядныя заданні. Яго школьнікі неаднойчы станавіліся лепшымі на іспытах рознага ўзроўню. Дзверы дома настаўніка заўсёды былі адчынены для вучняў. З імі – і ў паход, і на экскурсію. Сяброўскія адносіны толькі на карысць – рабяты любілі прадмет, імкнуліся разабрацца ў складаных заданнях. Таму і экзаменацыйныя адзнакі па матэматыцы былі даволі высокія.
Уладзіміра Іванавіча паважалі калегі – шмат гадоў у свой час узначальваў раённае метадычнае аб’яднанне матэматыкаў, быў членам абласной камісіі па правядзенні алімпіяды. Не пералічыць колькасць яго адзнак рознай вартасці.
Уладзімір Іванавіч на вечарах сустрэчы ў школе – жаданы госць. Яго выпускнікі працуюць у розных сферах і заўсёды цёпла гавораць пра свайго настаўніка.
Адна з вучаніц Зоя расказвае:
– Наш класны – самы-самы! Сур’ёзны, справядлівы і тактычны, з выдатным пачуццём гумару. Да кожнага ўмеў знайсці падыход, тое адзіна правільнае слова, якое падштурхоўвала да правільных учынкаў. Ніколі нічога не рабіў на эмоцыях – спакойны і нераўнадушны. Яму былі цікавы нашы погляды і інтарэсы.
Многія з тых Пецяў, Зояў, Іванаў – людзі ўжо сталыя, маюць унукаў, а жыццёвымі ўрокамі настаўніка Сокала, класнага кіраўніка Уладзіміра Іванавіча кіруюцца і на сёмым дзясятку.
Яго ж геаметрыя лёсу даказана тэарэмамі адносін: з жонкай Янінай Антонаўнай 64 гады крочаць разам, выгадавалі і далі дастойную пуцёўку ў жыццё сынам Генадзію і Леаніду (абодва скончылі школу з медалямі), радуюцца тром унукам і двум праўнукам.
9 чэрвеня родныя і калегі віншавалі дарагога Уладзіміра Іванавіча з 90-гадовым юбілеем.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.