Кулінарыя з густам. Ляхавіцкае райпо запусціла новы гастранамічны праект

Ляхавіцкае райпо запусціла новы гастранамічны праект «Гатуем з шэфам і для любімых». Як гэта было, пацікавіўся карэспандэнт «ЛВ».

Цікавае і незвычайнае запрашэнне ад Ляхавіцкага райпо з’явілася ў сацыяльных сетках на мінулым тыдні. Справа ў тым, што мясцовая спажыўкааперацыя запланавала і прэзентавала гастранамічны праект «Гатуем з шэфам і для любімых». Тых, хто жадае спасцігнуць усе кулінарныя нюансы і дэталі, чакаюць неверагодныя майстар-класы ад сапраўднага профі. Знаёмцеся, спікер гастранамічнага праекта Павел Макаўка.

Чытачы раёнкі сустракаліся з гэтым таленавітым маладым чалавекам не толькі на старонках «Ляхавіцкага весніка», але і ўпэўніліся ў высокім майстэрстве, калі дэгуставалі прыгатаваныя ім стравы.
Нагадаем, што Павел – старшыня Беларускай федэрацыі шэф-повараў і кандытараў, суддзя міжнароднай катэгорыі па стандартах Worldskills. І гэта далёка не поўны пералік, чым можа пахваліцца начальнік арганізацыі грамадскага харчавання і гандлю райпо Павел Макаўка.


Цяпер пра праект. Гастранамічныя майстар-класы – гэта магчымасць у прыемнай атмасферы, у кампаніі цікавых суразмоўцаў павысіць свае кулінарныя здольнасці. Перш чым вырашыць, паўдзельнічаць у праекце ці не, атрымайце адказ на пытанне: што дадуць вам такія «смачныя» заняткі.
Павел адзначае: па-першае, гэта шанц навучыцца гатаваць стравы рэстараннай і дамашняй кухні, а таксама арыгінальна іх падаваць. Па-другое, убачанае падчас майстар-класаў можна з лёгкасцю паўтарыць дома і здзівіць сваіх блізкіх. Па-трэцяе, гарантыя, што ўдзельнікі праекта класна правядуць час у добрай кампаніі.
На мінулым тыдні гастранамічны праект «Гатуем з шэфам і для любімых» запрасіў першых жадаючых стаць удзельнікамі дзейства. Атмасфера адпавядала настрою. Усё зразумела і ясна. Што, з якіх прадуктаў, пры якой тэмпературы гатуецца і як падаецца – літаральна раскладвалася па паліцах. Што не зразумела – можна ўдакладніць.
Як удзельніца праекта адзначу: сапраўды рэцэпты вытанчаных страў аказаліся лёгкімі. Калі ўважліва і сур’ёзна падысці да майстар-класа, то не выклікае складанасцяў прыгатаваць ужо на уласнай кухні прадэманстраваныя стравы. Сакрэты неверагоднага смаку, прыгожай падачы, падбору посуду – Павел Макаўка спыніўся на кожным кулінарным аспекце.


Што гатавалі? Гэты апетытны спіс з першага погляду можа падацца не для паўсядзённай гатоўкі. Але ж, як пераканаліся ўдзельніцы (на першы майстар-клас сабраліся толькі прадстаўніцы прыгожай паловы), не зойме шмат часу, каб за вячэрай парадаваць дамашніх за сямейным сталом.


Спачатку шэф-повар прапанаваў прыгатаваць тартар. Але перад тым, як прыступіць, ён расказаў, што гэта за страва, пра яе паходжанне, варыяцыі ў прыгатаванні і падачы.
У мясцовым рэстаране «Ластаўка» яго прапаноўвалі на крафтавым міні-хлебе.
Наступная страва – брускета з цыбульным мармеладам і ростбіфам у суправаджэнні дамашняга сыру. Выглядае, як і гучыць, духмяна і вельмі прыгожа. Падача страў – гэта, увогуле, асобны від мастацтва. Дарэчы, наконт выбару посуду ўдзельніцы атрымалі каштоўныя парады.
А вось вядомы ўсяму свету стэйк цяпер не так складана прыгатаваць, як думаецца. У дапамогу – вакуумаваныя нарыхтоўкі ад райпо. Справа ў тым, што ў продажы з’явіліся завакуумаваныя замарынаваныя курыца, рачны сом, ялавічына. За вас усё прадугледзелі – неабходная колькасць алею, спецый і солі. Дарэчы, ёсць нават ужо адвараныя стравы: гаспадыням дома досыць дастаць з упакоўкі, пакласці на патэльню і пільна сачыць, каб не падгарэла. Пару хвілін – і стэйкі гатовы: і так, што проста пальчыкі абліжаш. Такая страва ўпрыгожыць, створыць настрой і за святочным сталом.
Дарэчы, асарці стэйкаў стала трэцяй стравай на майстар-класе.
Яшчэ адну цікавую і простую тэхналогію прапанавалі ўдзельніцам праекта: як у кулінарных мэтах можна класна выкарыстаць сухі лёд. Гэта не толькі прыгожая і эфектная падача, напрыклад, напіткаў, а і неабходны складнік для прыгатавання марожанага ў хатніх умовах. Літаральна 5-10 мінут – і крэм з вяршкоў ператвараецца ў незвычайнае марожанае. А яшчэ ў спалучэнні з варэннем з маладзенькіх сасновых шышак – асалода неверагодная.
Усё, што прыгатавалі падчас майстар-класа, кожная ўдзельніца паспрабавала і ўдакладніла цікавыя для сябе нюансы ў прыгатаванні. І ўпрыгожыла кулінарнымі шэдэўрамі гісторыю свайго Instagram. Паступіла прапанова зрабіць такія майстар-класы рэгулярнымі.
Кожны раз – новая страва, новыя людзі, а значыць, знаёмствы і букет станоўчых і смачных эмоцый. Дарэчы, як гэта было, можна паглядзець на YouTube-канале «Ляховичи и ляховичане».
Умее здзівіць сваіх землякоў якаснай прапановай, цікавымі ідэямі і задумамі Ляхавіцкае райпо. Нездарма прэзентацыі, семінары, якія арганізоўваюцца на базе мясцовай спажыўкааперацыі, заўсёды шматлюдныя і карыстаюцца попытам у калег з суседніх рэгіёнаў. Чакаем наступнае смачнае меню.

РЭЦЭПТ

Брускета з цыбульным мармеладам, ростбіфам і дамашнім сырам

Спатрэбіцца:
4 лустачкі хлеба чыабата, 3 чырвоныя цыбуліны, 100 г
чырвонага паўсалодкага віна, сталовая лыжка мёду, 50 г бальзамічнага воцату, па 150 г ялавічыны і смятаны, 3 г соку лімона, спецыі.

Спосаб прыгатавання: чыабату падсушыце на патэльні або ў мікрахвалёўцы. Цыбулю нарэжце паўкольцамі, абсмажце на алеі да паўгатоўнасці. Дадайце мёд, карамелізуйце. Уліце чырвонае віно і выпарце яго. Дадайце воцат, перац, молаты чабор.
На 10 мінут замарынуйце ялавічыну. У алеі з дабаўленнем спецый абсмажце буйным кавалкам з двух бакоў, каб мяса засталося сакавітым (крыху з крывёю).

Гатуем сыр:
у смятану дадайце сок лімона, соль, перамяшайце. Выкладзіце на марлю і пакіньце сцячы прыкладна на шэсць гадзін.

Збіраем брускету:
на чыабату пакладзіце цыбульны мармелад, зверху – лустачку ростбіфа. Аформіце мяккім сырам.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.