Лепшыя! Ляхавіцкія меліяратары заваявалі першае месца ў абласным конкурсе

Дырэктар Ляхавіцкага ПМС Сяргей Баргамон і інжынер  па ахове працы Ірына Грынялевіч.

У якасці прэамбулы нагадаем вядомае: штогод у раёне праводзіцца агляд-конкурс на «Лепшую арганізацыю работы па ахове працы». Прыняць удзел у конкурсе не забараняецца нікому. Наадварот, з боку райвыканкама як арганізатара акцыі падобныя памкненні максімальна вітаюцца. Паколькі ніякая не навіна, што асноўнай мэтай з’яўляецца наступнае: праз удзел у конкурсе максімальна ўдасканаліць на прадпрыемствах работу па пытаннях аховы працы.
Нядаўна сталі вядомы брэнды пераможцаў апошняга – па выніках 2019 года – агляду-конкурсу. Сярод арганізацый невытворчай сферы такім прызнана УАЗ «Ляхавіцкая ЦРБ». Намінацыю «суб’екты малога прадпрымальніцтва» выйграла ТАА «Ляхавічыдрэў Экспарт». Сярод арганізацый-прамыслоўцаў з колькасцю работнікаў больш за 150 чалавек перамога дасталася ДЛГУ «Ляхавіцкі лясгас», а тое ж, але з фармулёўкай «да 150 работнікаў» – УП «Ляхавіцкае ПМС».
Пераможцы ўзнагароджаны дыпломамі, атрымалі прэміяльныя ў памеры 20-ці базавых і права ўдзельнічаць у такога ж кшталту абласным аглядзе-конкурсе. І ў гэтым момант ісціны данай публікацыі: у сваёй намінацыі ляхавіцкія меліяратары і «на вобласці» заваявалі першае месца. У якасці ўзнагароды – Дыплом Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта і прызначаныя прэміяльныя базавыя велічыні. І, канешне ж, віншаванні. У тым ліку, «Ляхавіцкага весніка».

Іван КАВАЛЕНКА.
Фото аўтара.