Іх прызванне –медыцынскае. У сям’і ляхавічан Уладзіміра і Валянціны Аўдзей дзень медыка лічыцца святам сямейным – абодва ўрачы

У трэцюю нядзелю месяца медыкі традыцыйна прымаюць віншаванні з прафесійным святам. Шчырыя словы падзякі адрасуюць ім прадстаўнікі розных сацыяльных статусаў і ўзростаў – людзі ў белых халатах звязаны з самым дарагім, што мае чалавек: здароўе і жыццё. Сёлета, калі медыкі змагаюцца з каварным вірусам, разумееш важнасць і цяжкасць іх справы.

У сям’і ляхавічан Уладзіміра і Валянціны Аўдзей дзень медыка лічыцца святам сямейным – абодва ўрачы. І, па словах калег, сяброў, пацыентаў, Уладзімір Ігнатавіч і Валянціна Міхайлаўна – людзі на сваім прафесійным месцы.

Да мары стаць урачом Уладзімір Аўдзей ішоў мэтанакіравана. Адслужыў у радах Узброеных Сіл (дарэчы, не вельмі блізка – у Малдаўскай ССР), а пасля 21-гадовы юнак паступіў на факультэт лячэбнай справы Гродзенскага медінстытута – бачыў сябе хірургам ці анестэзіёлагам. Апошні год студэнцтва перамяжоўваецца з працай фельчарам спецмед-пункта Гродзенскага тралейбуснага ўпраўлення – напрацоўваў вопыт. На месца размеркавання ў Гомельскую вобласць дыпламаваны спецыяліст адправіўся разам з жонкай Валянцінай, таксама выпускніцай медінстытута. У Гомельскай абласной бальніцы Уладзімір Аўдзей – урач-інтэрн-анестэзіёлаг-рэаніматолаг падзарабляў і на хуткай, Валянціна – урач-інтэрн па наркалогіі і псіхіятрыі Гомельскай абласной псіхіятрычнай бальніцы № 1.

Маладыя ўрачы апынуліся на тэрыторыі радыеактыўнага забруджвання – ішоў 1986 год. Узгадваюць, як вакол усё апрацоўвалася-дэзынфіцыравалася, адбывалася эвакуацыя насельніцтва з пацярпелых раёнаў. Час выдаўся не з лёгкіх – у маральным плане, адзначае Валянціна Міхайлаўна.

Праз год пераехалі ў гарадскі пасёлак Карма, у якім затрымаліся на некалькі гадоў. Жонка працавала ўрачом-нарколагам у раённай паліклініцы, муж – урачом-анестэзіёлагам-рэаніматолагам. Кампетэнтнага доктара назначылі намеснікам галоўнага ўрача райбальніцы, але Аўдзеяў цягнула бліжэй да дому. Уладзімір Ігнатавіч з Баранавіцкага раёна, Валянціна Міхайлаўна з Лунінца. І ўжо тры дзесяцігоддзі яны ляхавічане.

Уладзімір Ігнатавіч – загадчык аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі райбальніцы, якое ўзначальвае з кастрычніка 2008 года. Тут жа і пачынаў 30 гадоў назад урачом анестэзіёлагам-рэаніматолагам.

Што адрознівае медыкаў, якія тут працуюць і штодзень сутыкаюцца з людскімі пакутамі? Акрамя міласэрнасці і суперажывання, немагчыма без стрыманасці і сілы духу, а яшчэ цярпення і самаарганізацыі – на кану жыццё.

У аддзяленні сабраліся выдатныя спецыялісты, адзначае Уладзімір Ігнатавіч. Разам яны – каманда.

Уладзімір Аўдзей хоць і мае каласальны ўрачэбны вопыт, але пастаянна павышае кваліфікацыю. Вучыцца сам і вучыць іншых, урач удумлівы і прынцыповы. Семінары, курсы, абмен вопытам
і г.д. – заўсёды на сувязі з калегамі з розных медустаноў. Ён любіць сваю работу, лечыць людзей, удзельнічае ў аперацыях і адчувае задавальненне, калі дапамагае чалавеку, і таму становіцца лягчэй.
Надзейны тыл – дом і сям’я, але там бальнічная тэма не табу. Двум дактарам заўсёды ёсць пра што паразмаўляць.

Валянціна Міхайлаўна – медык таксама кампетэнтны і нераўнадушны. Перш чым атрымаць урачэбны статус, скончыла з чырвоным дыпломам Пінскае вучылішча і асэнсавана крочыла ў прафесію далей. У Ляхавіцкай райбальніцы пачынала ўрачом-фізіятэрапеўтам, а праз нейкі час да пасады дабавілася прыстаўка – для правядзення ігларэфлектатэрапіі. Два дзесяцігоддзі Валянціна Аўдзей узначальвала раённую паліклініку.

– Кіраўніком быць заўсёды нялёгка, адказваеш за ўсё. Але калектыў зладжаны, надзейны, высакакласны. З кожным, як кажуць, пайшоў бы ў разведку. Радаваліся, калі ў 2014 годзе ўвялі ў строй новы будынак паліклінікі, у якім было прыемна працаваць і прымаць пацыентаў. Момантаў натхняючых і прыемных у працоўнай біяграфіі шмат. На асаблівым месцы, канешне, калегі. Мне з імі заўсёды шанцуе, – падкрэслівае Валянціна Аўдзей і зазначае, што на работу яна ідзе заўсёды з радасцю.

Зараз загадвае фізіятэра-пеўтычным аддзяленнем ЦРБ, урач фізіятэрапеўт і ўсё таксама ўважлівая да праблем іншых. А яшчэ паспяхова кіруе работай урачоў-спецыялістаў па аглядзе грамадзян у прызыве на тэрміновую ваенную службу, службу ў рэзерве, прыпісцы адасоб-ленай групы Ляхавіцкага раёна ваеннага камісарыята г. Баранавічы, Баранавіцкага і Ляхавіцкага раёнаў – участак даволі адказны, патрабуе карпатлівай работы.

А дома Аўдзеі гасцінныя гаспадары – усё тут зроблена з душой. Уладзімір Ігнатавіч, як кажуць, выканаў на 100 працэнтаў праграму сапраўднага мужчыны: дом пабудаваў, пасадзіў не адно дрэва і з Валянцінай Міхайлаўнай вырасціў двух сыноў – Андрэя і Віталія, маюць унука Данііла. Гаспадыня захапляецца кветкамі, ведае сакрэт ураджайных градак, а галава сям’і – майстар на ўсе рукі, для якога нават альтанку зрабіць не праблема.

Іх прызванне – лячыць людзей, а жыццёвы прынцып – у любой сітуацыі заставацца чалавекам.

Наталля ПЕРАПЕЧКА.

Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.