Настальгія аграрных успамінаў. Рэтрафотатэка «ЛВ»

Напэўна, не хопіць некалькіх старонак, каб назваць прозвішчы ўсіх рупліўцаў сельскай гаспадаркі, якія штодзённа, не ведаючы стомы і не шкадуючы сіл, іншы раз ад світання да змяркання шчыравалі на палетках, фермах, вытворчых майстэрнях. А колькі тых, чые прозвішчы не былі вядомы ўсёй краіне, але тым не менш яны дастойна працавалі, уносілі свой пасільны ўклад у агульныя намалоты, багаты хлебны каравай, дастойныя прывагі, заараныя гектары, зайздросныя ўраджаі, тысячныя надоі. Нашы льнаводы паказвалі, як не на самых урадлівых землях можна вырасціць цудоўны даўгунец.

Жывёлаводы і раслінаводы, вадзіцелі і камбайнеры, заатэхнікі і ветэрынары, аграномы і плодаагароднінаводы, інжынеры і слесары, бухгалтары і эканамісты, кіраўнікі працавалі і працуюць у нялёгкай галіне – сельскай гаспадарцы.

Прадукцыя ляхавіцкіх аграрыяў неаднойчы станавілася пераможцай Усесаюзнай выставы дасягненняў народнай гаспадаркі. Адтуль землякі ў абавязковым парадку вярталіся з перамогамі. І потым на ляхавіцкую зямлю за перайманнем вопыту прыязджалі не толькі з іншых калгасаў і саўгасаў СССР, але і навукоўцы. Вельмі ж высокай была ўраджайнасць многіх культур, такіх, як збожжавыя, цукровыя буракі, лён, бульба. Малочныя рэкі калгасаў і саўгасаў раёна, а потым і сельгаскааператываў заўжды выходзілі з берагоў, адзначаліся высокай якасцю, тлустасцю.

А колькі разоў Ляхавіцкі раён, некаторыя аграпрадпрыемствы, асобныя камбайнеры, вадзіцелі на адвозцы зерня, аграномы і кіраўнікі станавіліся лепшымі з лепшых на рэспубліканскіх і абласных фестывалях працаўнікоў сельскай гаспадаркі «Дажынкі».
І сёння, нягледзячы на розныя нюансы, ёсць чым пахваліцца ляхавіцкім аграрыям. Бо дужа ж працавітыя, адказныя, надзейныя нашы людзі. Так было заўжды і няхай будзе і далей.
Аграрная гісторыя – тэма чарговай рэтрафотатэкі «ЛВ». Глядзіце і ўспамінайце, і настальгіруйце.