На спартыўных прасторах. Рэтрафотатэка «ЛВ»

Ляхавіччына спартыўная – не толькі і не столькі спорт высокіх дасягненняў. Гэта, у першую чаргу, фізкультура, у тым ліку ўмовы, створаныя для падрастаючага пакалення: секцыі па гандболе, футболе, барацьбе, лёгкай атлетыцы, аматарскія аб’яднанні, куды спяшаліся тыя, хто любіць гуляць у шашкі ці шахматы… Кожны з нас яшчэ школьнікам наведваў такія заняткі, на трэніроўкі хадзілі цэлымі класамі ці ўсім дваром. І, канешне, марылі быць лепшымі, пабіць чыйсьці рэкорд, паехаць на спаборніцтвы ў іншы горад…

Колькі землякоў – дарослых і юных – не ўяўлялі свайго жыцця без таго, каб зімой не пакатацца на лыжах, каньках, а летам – на веласіпедзе. Ёсць дзе разгарнуцца ў нашым раёне аматарам здаровага ладу жыцця, якія лепшым адпачынкам назавуць турызм.

А як нашы землякі любілі футбол! Што ні двор шматпавярховіка – свая футбольная каманда. Спачатку трэніраваліся, потым выклікалі на паядынак зборную суседняга двара. Гулялі, у асноўным, хлопчыкі, а дзяўчынак запрашалі ў якасці балельшчыкаў.

Цяпер для нас сталі звыклымі варкаўт-пляцоўкі, сучасныя трэнажорныя залы, фітнес і пілатэс. Што мелі ранейшыя пакаленні? Некалькі турнікоў на прыдамавых пляцоўках, пару снарадаў у спартзале школы. Але і вышэйпералічанага хапала, каб выплюхнуць энергію, прадэманстраваць сілу і ўвогуле засвяціцца. Ва ўсе часы папулярнасцю ў дарослых землякоў карысталіся спартакіяды працоўных калектываў, што збіралі на спартпляцоўках фізкультурнікаў і балельшчыкаў з усіх куткоў раёна. Перацягванне каната, бег, скачкі, стральба, бег на лыжах, язда на веласіпедзе – усё праходзіла з надзвычай эмацыянальным суправаджэннем.

Ёсць у нас свая гісторыя, расквечаная шматлікімі поспехамі, россыпам медалёў, шыкоўнымі рэкордамі, славутымі імёнамі землякоў, якія сталі спартсменамі-прафесіяналамі і заявілі пра сябе ў гандболе, лёгкай атлетыцы, дзюдо, футболе… Мы ведаем іх і ганарымся імі. Сённяшняя рэтрафотатэка «ЛВ» расказвае, як розныя пакаленні ляхавічан сябравалі са спортам і вялі здаровы лад жыцця.