Гэта наш час. Героі сённяшняга выпуску «Маладых сіл» – сям’я Касміных

Апошняя нядзеля чэрвеня па праве самая дзёрзкая, смелая, яркая. Усё проста – сваё свята адзначае моладзь. А яна ў нашай краіне таленавітая, ініцыятыўная, амбіцыёзная, актыўная. Учынкі, словы, ідэі, перамогі і дасягненні маладога пакалення ў розных сферах заслугоўваюць высокай адзнакі, захаплення вынаходніцтвам унікальных рашэнняў і ідэй. Моладзь на перадавой і ў сельскай гаспадарцы, і ў медыцыне, і ў педагогіцы, і ў культурнай сферы… Яе важкае слова гучыць і гучыць так ярка, так прыгожа, а галоўнае – з любоўю да сваёй малой радзімы!

Маладосць… Што можа гучаць больш рамантычна, прывабна, свабодна і разам з тым вельмі перспектыўна. Гэта той час, калі можна бясконца памыляцца, выбіраць, перадумваць, шукаць сябе. Гэта час пераблытаць электрычку, тысячны раз згубіць праязны білет, пайсці ў трохдзённы паход з сябрамі, у кагосьці, магчыма, – зрабіць скачок з парашутам. Гэта магчымасць паспрабаваць сябе ў самых розных прафесіях, увасобіць у жыццё якую-небудзь дзёрзкую ідэю – гэта наш час. Каб правесці яго з карысцю, запамінальна, змястоўна, і, разам з тым, каб паспець усё, што спатрэбіцца ў будучым, у нашай дзяржаве прадстаўлены ўсе магчымасці. І іх па максімуму выкарыстоўваюць героі сённяшняга выпуску «Маладых сіл» – сям’я Касміных. Давайце знаёміцца.

Жарабковічы зусім не тое месца, дзе яны нарадзіліся. Але ў адзін голас Касміны гавораць, што гэта іх самы любімы, прыгожы, утульны куток на планеце, гэта іх малая радзіма, месца, дзе так шчасліва жывецца іх маладой сям’і.

Іван з Ляхавіч, але ж з радасцю змяніў жыццёвую дыслакацыю з гарадской на вясковую. Працуе ў ААТ «Жарабковічы» механізатарам і, як сам прызнаецца, проста ў доб-рым сэнсе фанат сваёй справы. Здольны гадзінамі перабіраць замацаваны за ім сельскагас-падарчы транспарт, а дома – з зацікаўленасцю і натхненнем разбіраць-збіраць уласнае аўто. Тэхніка ў яго руках слухаецца і падпарадкоўваецца.

Пасля Клецкага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя юнак трапіў на тэрміновую вайсковую службу пад Брэст, там і пазнаёміўся з будучай жонкай Дар’яй, якая вучылася ў Брэсцкім дзяржаўным медыцынскім каледжы.

Сёння іх лёс звязаны з Жарабковічамі, і ў іх ужо зусім іншыя жыццёвыя ролі. Яны не толькі муж і жонка, а яшчэ і маладыя бацькі дзвюх прыгожых дачушак Дамінікі і Надзейкі. А ў хуткім часе дабавіцца і яшчэ адно ганаровае званне для Касміных – да іх сям’і дадасца шчаслівае азначэнне «шматдзетная».

Старэйшай Дамініцы – тры. Але яна лічыць сябе дарослай, таму першы памочнік для мамы і таты. Без яе не абыходзіцца прыгатаванне ежы. І, як прызнаецца Дар’я, на кухні тады атрым-ліваецца сапраўдны кулінарны выбух. А ў гаражы тату з лёгкасцю малая падасць патрэбны ключ.

Надзі – два. Актыўнасцю, цікаўнасцю і шчырасцю гэтай маленькай прыгажуні можна любавацца бясконца. Як жа складненька-ладненька яна разважае пра даволі дарослыя рэчы.

Касміны лічаць, што любая сям’я павінна расці, прытым у розных планах. Так і яны змянілі мноства месцаў жыхарства: і інтэрнат,
і гарадскую кватэру, і спыніліся на прыватным доміку, дзе могуць рэалізаваць у жыццё свае мары і планы. Паціху будуюцца-расшыраюцца. Дома заўсёдныя будаўнічы рух і прыгажосць.
Вось закончылі з агароджай, справіліся з дзіцячай пляцоўкай – ёсць і арэлі, і пясочніца, нядаўна з’явілася альтанка, дзе ўлетку з задавальненнем можна павячэраць вялікай сям’ёй. І гэта толькі пачатак, прызнаюцца маладыя бацькі.

– Ні за што не зменім вясковае жыццё на гарадское. Тут для маладых створаны ўсе ўмовы для камфортнага жыцця: ёсць і працоўныя месцы, садзік для дзетак, на перспектыву – і школа. Напэўна, так выглядае наша шчасце, – дзеляцца Дар’я і Іван.

Іх дом – у яркай квецені. А як па-іншаму, калі дома тры дзяўчынкі. Усё павінна расцвітаць, тады і ў жыцці так будзе, упэўнена гаспадыня. А яшчэ яны мараць завесці гас-падарку, пакуль наладзілі справу з уласным агародам, пасля з’явяцца і курачкі.

У свае 24 гады Дар’я лічыць, што трэба развівацца. Шукаць сябе,
займацца тым, што па душы. Яе жыццё – гэта сям’я, вялікая, здаровая, у якой пануюць узаемаразуменне, павага, любоў.

А для 27-гадовага Івана маладосць – гэта калі энергія, сілы, жаданне і магчымасці сыходзяцца ў адной кропцы. І час трэба выкарыстоўваць так, каб пасля перад сабой не было сорамна. Вучыцца, працаваць, развівацца, быць актыўным грамадзянінам сваёй краіны.

Дарэчы, наконт актыўнасці. Яе ў гэтай сям’і не адняць. Часта наведваюць райцэнтр, абажаюць Дамініка і Надзя гарадскі парк адпачынку: новыя дзіцячыя пляцоўкі, што з’явіліся там адносна нядаўна, даспадобы дзяўчынкам.

І вось чарговы раз яны пацвярджаюць, што сядзець у чатырох сценах не збіраюцца. І актыўна рыхтуюцца да абласнога этапу сямейнага сельскагаспадарчага праекта «Уладар сяла», арганізатарам якога традыцыйна выступаюць БРСМ, Мінсельгасхарч, Белаграпрамбанк і Беларускі саюз жанчын. Праект накіраваны на замацаванне маладых сем’яў у вёсцы, падымае прэстыж сельскагаспадарчых прафесій і ўмацоўвае сямейныя традыцыі.

Пакуль нашы маладыя землякі рыхтуюцца, мы жадаем ім паспяховага ўдзелу! А для нас яны і так пераможцы.

СЛОВА ВІНШАВАЛЬНАЕ.  Райвыканкам і райсавет накіравалі віншаванні маладому пакаленню раёна з Днём моладзі. І пажадалі юнакам і дзяўчатам насычанага і разнастайнага жыцця, у якім знойдзецца месца для ўсяго – вучобы і навукі, адпачынку і грамадскай працы, дружбы і ўзаемадапамогі.

Маргарыта КУХТА.
Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.