Прышчэпка мае значэнне. На пытанні адказвае урач-педыятр Ляхавіцкай райбальніцы

Вакцынацыя (правядзенне прафілактычных прышчэпак) вельмі важная як для дзяцей, так і для дарослых. Толькі гэтая мера з’яўляецца найбольш эфектыўнай і бяспечнай з медыцынскага погляду стратэгіяй папярэджання інфекцыйных захворванняў, зніжэння інваліднасці і смяротнасці ад інфекцыйнай паталогіі. Для маленькага дзіцяці прафілактычныя прышчэпкі асабліва важныя, бо яго арганізм вельмі ўразлівы перад рознымі інфекцыямі. Вакцынацыю неабходна пачынаць з самага ранняга ўзросту ў адпаведнасці з календаром прышчэпак.

У чым сутнасць і значэнне прафілактычнай прышчэпкі?

Пры вакцынацыі ў арганізм чалавека ўводзіцца спецыяльнае рэчыва (вакцына), у якім утрымліваюцца забітыя ўзбуджальнікі тых ці іншых захворванняў або іх пэўныя часціцы (антыгены). У адказ на гэта ў арганізме чалавека актывізуецца імунная сістэма, якая сінтэзуе антыцелы да ўзбуджальніка інфекцыі і штучным спосабам фарміруе імунітэт да гэтага захворвання. У выніку чалавек становіцца неўспрымальным да інфекцыі або праяўленні хваробы будуць зусім слабыя.

Сучасныя вакцыны з’яўляюцца высокаэфектыўнымі, бяспечнымі і адпавядаюць міравым стандартам, добра пераносяцца. Аднак, у асобных выпадках могуць узнікнуць рэакцыі ў выглядзе пачырванення, ушчыльнення ў месцы ўвядзення вакцыны, павышэння тэмпературы. Гэта заканамерныя рэакцыі, якія гавораць пра пачатак фарміравання абароны ад інфекцый. Яны звязаны з індывідуальнымі асаблівасцямі арганізма. Такія рэакцыі носяць кароткачасовы характар і не патрабуюць лячэння.

Перад тым, як зрабіць прафілактычную прышчэпку, дзіця неабходна паказаць урачу для ацэнкі агульнага стану, выяўлення супрацьпаказанняў і магчымых алергічных рэакцый.

Прафілактычныя прышчэпкі не праводзяць у перыяд вострага або абвастрэння хранічнага захворвання: іх адкладваюць да выздараўлення або дасягнення рэмісіі. Дзецям з хранічнымі захворваннямі, якія часта хварэюць або аслабленым прафілактычныя прышчэпкі асабліва неабходны: інфекцыі ў іх працякаюць больш цяжка, нярэдка суправаджаюцца ўскладненнямі.

Згодна з Нацыянальным календаром прафілактычных прышчэпак, дзяржавай гарантаваны бясплатныя прышчэпкі дзецям супраць дзевяці інфекцыйных захворванняў: дыфтэрыі, слупняку, коклюшу, адру, эпідэмічнага паратыту, краснухі, віруснага гепатыту В, поліяміэліту і туберкулёзу. Па эпідэмічных паказаннях дзецям з групы рызыкі праводзяцца прафілактычныя прышчэпкі супраць грыпу, ХІБ інфекцый, віруснага гепатыту А, ветранай воспы.

Дзякуючы вакцынацыі, у нашай краіне ўдалося дасягнуць сур’ёзных поспехаў у барацьбе з інфекцыямі. Доўгі час не рэгіструюцца такія захворванні, як слупняк, дыфтэрыя, паратыт, краснуха. Да адзінкавых выпадкаў знізіліся захворванні адру, коклюшу. У 2002 годзе Рэспубліка Беларусь атрымала сертыфікат СААЗ аб выкараненні поліяміэліту. На працягу многіх гадоў удаецца папярэдзіць захворванне людзей шаленствам. Прыклад натуральнай воспы, ліквідаванай у глабальным маштабе, таксама гаворыць сам за сябе.

Ці праводзіць прышчэпкі ў час пандэміі каранавіруса?

Зразумела, бацькі перажываюць за здароўе малышоў, тым больш, што СОVІD-19 – цяжкае і смяротна небяспечнае захворванне. Ні ў адной узроставай групе няма імуннай абароны супраць гэтай інфекцыі. Згодна з сусветнай статыстыкай, дзеці да 10 гадоў пераносяць каранавірусную інфекцыю ў лёгкай форме.

Калі бацькі масава будуць ігнараваць планавыя прышчэпкі, панізіцца імунная праслойка па пэўных захворваннях (краснусе, паратыту і г. д.) і пацерпіць калектыўны імунітэт. Дзіця з вялікай доляй верагоднасці захварэе, калі пасля каранціну вернецца ў дзіцячы сад або школу, і цяжэй перанясе хваробу. Увесь цыкл вакцынацыі павінны прайсці дзеці першага году жыцця – яны найбольш успрымальныя да інфекцый.

Найбольш уразлівая катэгорыя на-сельніцтва па СОVІD-19 – пажылыя людзі. Ім абавязкова трэба праводзіць прышчэпкі ў час пандэміі каранавіруса. Калі СОVІD-19 наложыцца на сезонны грып, арганізму хворага прыйдзецца змагацца з дзвюма хваробамі. А чалавек, які перахварэў каранавіруснай інфекцыяй, становіцца схільны да іншых хвароб.

Трэба праводзіць прышчэпкі ў час пандэміі каранавіруснай інфекцыі людзям з хранічнымі захворваннямі (рэўматоідны артрыт і іншыя аўтаімунныя захворванні, цукровы дыябет, ішэмічная хвароба сэрца і г. д.), актыўным курцам, ВІЧ-інфіцыраваным, людзям з лішняй вагой, людзям, якія перанеслі цяжкае інфекцыйнае захворванне (гепатыт, туберкулёз, пнеўманія і г. д.).

У нашай паліклініцы прыняты максімальныя меры перасцярогі як для супрацоўнікаў, так і наведвальнікаў. На ўваходзе медработнікі з дапамогай бескантактнага тэрмометра вымяраюць тэмпературу, праводзяць апытанне па выяўленні прыкмет ВРІ. Работа ўстановы арганізавана так, каб патокі пацыентаў з прыкметамі ВРІ не перасякаліся з астатнімі. Для прыёму пацыентаў з тэмпературай функцыянуюць два інфекцыйныя кабінеты з асобным уваходам у будынак. Медагляды праводзяцца ў чыстай зоне. Паўсюдна ўстаноўлены рэцыркулятары паветра, якія дапускаюць прысутнасць людзей у памяшканні ў час абеззаражвання. Супрацоўнікі на працягу дня рэгулярна праводзяць дэзынфекцыю ў калідорах.

Здаровыя дзеці – здаровыя дарослыя. Гэта вельмі важнае паняцце, таму што, калі дзіця хварэе шмат і цяжка ў дзяцінстве, тады яно не будзе здаровым дарослым. Стварыце сваім дзецям бяспечнае будучае.

Надзея КІРЫКОВІЧ, урач-педыятр.