У праграме – развіццё. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 чэрвеня правёў сустрэчу з актывам Брэсцкай вобласці

Прэзідэнт адзначыў, што з Брэстам у яго звязаны асаблівыя ўспаміны: тут ён праходзіў вайсковую службу. Паводле яго слоў, Брэст тады быў вельмі душэўным і местачковым, горадам, які не надта цягнуў на цэнтр рэгіянальнага значэння. «Але паглядзіце, які прыгажун цяпер наш легендарны горад над Бугам, 1000-годдзе якога мы дастойна адзначылі ў мінулым годзе. Тое, што Брэст сёння па-сапраўднаму еўрапейскі – чысты, камфортны і вельмі зручны для жыцця – адзначаюць не толькі жыхары, але і замежныя госці», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён адзначыў, што турызм у заходніх абласцях літаральна рвануў з увядзеннем бязвізавага рэжыму, хоць і не ўсім суседзям Беларусі спадабаўся такі крок. «Але мы краіна адкрытая, нам гэта выгадна, і мы такую практыку будзем прадаўжаць», – заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Да юбілею Брэст атрымаў Заходні абход – новы пуцеправод, які даў магчымасць перанакіраваць транспартныя патокі і разгрузіць вуліцы горада. «Гэта падарунак гараджанам ад усёй краіны. Гэта экалагічны праект у чыстым выглядзе, за якім у выніку здароўе людзей. Я ўжо не кажу пра добраўпарадкаванне, будаўніцтва жылля. І не толькі Брэст, але і іншыя гарады вобласці – Баранавічы, Кобрын, Пінск – сур’ёзна падцягнуліся, проста змяніліся за апошнія гады», – звярнуў увагу Прэзідэнт.

Пра рух наперад

«Правільна кажуць: вялікае бачыцца на адлегласці. За гады суверэннага развіцця мы зрабілі велізарны крок наперад у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, тэхналогіях, сацыяльнай сферы. На прыкладзе Брэстчыны гэта відаць асабліва. Сёння некаторыя з тых, хто ў вас тут спрабуе паставіць гэта пад сумненне, муцяць ваду, гавораць аб страчаных гадах. Аб тым, што з гэтай уладай мы нібыта зайшлі ў тупік, што кругом адны праблемы. Да гэтага трэба ставіцца з разуменнем. Можа, нават спакойна. Гэта натуральна, ідзе палітычная барацьба. Але лічбы ж не падманеш. А яны красамоўна сведчаць пра адваротнае», – заявіў Прэзідэнт.

Гаворачы аб развіцці рэгіёна за мінулыя гады, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што аб’ём прамысловай вытворчасці вырас у 5,5 раза, экспарт тавараў узрос амаль у 7 разоў – да $2 мільярдаў 600 мільёнаў. З’явіліся абсалютна новыя вялікія прамысловыя вытворчасці ў рыбнай, малочнай, хімічнай прамысловасці. Дадатковы імпульс атрымала дрэваапрацоўка. «Пры гэтым многія з такіх прадпрыемстваў – прыватнай формы ўласнасці», – заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён прыгадаў аб наведванні Баранавіцкага баваўнянага камбіната ў пачатку свайго прэзідэнцтва. На прадпрыемстве тады звыш 9 тысяч работнікаў наогул засталіся без зарплат. «Ні сыравіны, ні работы. Мне ў тэрміновым парадку давялося вырашаць гэта пытанне з нашымі ўзбекскімі сябрамі, якія паставілі нам бавоўну. Цяпер на гэтым прадпрыемстве калі не зусім ідэальная, але зусім іншая сітуацыя», – расказаў Прэзідэнт. У прыватнасці, з падтрымкай дзяржавы памянялі абсталяванне, асвоілі тэхналогіі лічбавага друку на баваўнянай тканіне.

«У тых жа Баранавічах авіярамонтны завод – наогул адно з лепшых нашых прадпрыемстваў. Калі б не было праблем з Расіяй, якая ад выпадку да выпадку нахіляе гэты завод па пастаўках камплектуючых для рамонту і мадэрнізацыі лятальных апаратаў, было б зусім нядрэнна. Гэты завод выконвае найскладанейшыя і ваенныя, і цывільныя заказы. І чарга з-за мяжы там ужо выстраілася», – адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Не менш важныя сацыяльныя паказчыкі ў развіцці рэгіёна. За перыяд суверэнітэту 136 тысяч сем’яў палепшылі жыллёвыя ўмовы, з іх каля 16 тысяч – шматдзетныя. У разы знізіўся ўзровень малазабяспечанасці, рэальныя даходы насельніцтва выраслі амаль у 8 разоў, а заработная плата і пенсіі – у 10 разоў. Акрамя таго, узведзены і адрэстаўраваны знакавыя культурныя аб’екты, да якіх пры савецкай уладзе нікому не было справы. А створанай спартыўнай інфраструктуры вобласці могуць пазайздросціць у іншых дзяржавах, адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён дадаў, што ў цэлым з самага пачатку прэзідэнцтва прыярытэтам стала развіццё Палескага рэгіёна, у тым ліку праведзены маштабныя работы па газіфікацыі населеных пунктаў, меліярацыі зямель.

Пра перспектывы

Прэзідэнт падкрэсліў, што хацеў бы бачыць хаця б па адным знакавым аб’екце ў інвестпраграмах рэгіёнаў на пяцігодку. «Маючы вялізныя магчымасці ў прамысловасці, перапрацоўцы сельгассыравіны, будаўніцтве і лагістыцы, вобласць так і не прапанавала маштабных інвестыцыйных праектаў, якія здольны стаць новымі кропкамі росту рэгіёна, сфарміраваць базу для апераджальнага развіцця ў наступнай пяцігодцы», – адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён падкрэсліў, што ў Брэсцкай вобласці добрыя перспектывы, але ёсць і шэраг праблем, якія ляжаць на паверхні і патрабуюць вырашэння ў самыя кароткія тэрміны. Першае і галоўнае – эканоміка рэальнага сектара, дзе ў студзені-красавіку значна знізіліся аб’ёмы чыстага прыбытку ў арганізацый. «Зразумела, калі свет закрыўся, нам было вельмі цяжка ў гэтай сітуацыі працаваць. Нам вельмі важна першымі ўскочыць туды, дзе мы можам прадаць сваю прадукцыю», – адзначыў беларускі лідар.

Яшчэ адна праблема ў тым, што рост прадукцыйнасці працы пакуль адстае ад росту заработнай платы. «Мы павінны забяспечыць эфектыўную работу прадпрыемстваў, ствараць умовы для жыцця і працы людзей тут, каб працоўная міграцыя насельніцтва за межы вобласці, асабліва ў сумежныя краіны, калі і была, то нязначнай», – сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Пра бізнес і карупцыю

«Бізнес, які сумленна працуе на карысць нашай краіны і народа, мы заўсёды будзем падтрымліваць. Тут на нас могуць разлічваць. Гэта мая цвёрдая пазіцыя. Я яе не мяняў і мяняць не буду. А калі нейкае жуллё (прытым нахабна) парушае закон, спрабуе жыць за кошт чужога, прыватнага або дзяржаўнага, і ёсць таго неабвержныя доказы, у нас да яго адносяцца, як і ва ўсіх цывілізаваных краінах, – у адпаведнасці з законам», – падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не будзе паслабленняў і ў барацьбе з карупцыяй. «Гэта ржа, якая раз’ядае ўсё. Гэта прамы шлях ужо не да рэвалюцыі, а да майдана. Наш народ не пацерпіць карупцыйных праяў і з’яўлення алігархату ў нашай краіне», – сказаў ён.

Пра АПК

Аляксандр Лукашэнка таксама закрануў тэму развіцця АПК,падкрэсліўшы, што сельская гаспадарка была і застаецца прыярытэтам. «Попыт на прадукты харчавання ў свеце будзе толькі расці», – упэўнены беларускі лідар.

Ён адзначыў: як ні развівалі б, напрыклад, высокія тэхналогіі, сялян-ская праца будзе запатрабавана. Разам з тым за мінулыя гады ў краіне сельская гаспадарка была цалкам мадэрнізавана і перабудавана, перш за ўсё ў сацыяльнай сферы. «Мы змянілі сялянскую працу – аграгарадкі, стварэнне новай высокапрадукцыйнай тэхнікі, што запатрабавала ўзбуйнення сельгаспрадпрыемстваў, мы стварылі сыравінныя зоны. Можа, не да канца іх дапрацавалі. Думаю, што ў бліжэйшыя год-два мы гэта зробім», – адзначыў Прэзідэнт.

«Нашу сельгаспрадукцыю, нашы прадукты харчавання паважаюць ва ўсім свеце», – падкрэсліў беларускі лідар. Ён, у прыватнасці, адзначыў, што Кітай гатовы больш спажываць беларускай сельгаспрадукцыі, аб чым нядаўна вялася гутарка ў час тэлефоннай размовы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам.

Пра дзяржаўную падтрымку і рэферэндум

Пасля завяршэння сустрэчы з актывам каля аблвыканкама Аляксандр Лукашэнка паразмаўляў з жыхарамі горада і прадстаўнікамі брэсцкай апазіцыі.

Прэзідэнт адзначыў, што паважліва ставіцца да меркавання людзей, нават калі не падзяляе іх погляды. У той жа час Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што катэгарычна не згодны, калі хто-небудзь – меншасць гэта або большасць – паводзіць сябе агрэсіўна.

Аляксандр Лукашэнка адказаў на крытыку асобных людзей наконт значнай уключанасці Прэзідэнта ў сельскую гаспадарку. Ён адзначыў, што шмат у чым менавіта дзякуючы ўвазе з боку Кіраўніка дзяржавы да гэтага сектара экспарт прадукцыі аграпрамысловага комплексу нарастае і прыносіць мільярды долараў у краіну.

«Я хачу, каб было ціха і спакойна, – падкрэсліў Прэзідэнт, звяртаючыся да прадстаўнікоў брэсцкай апазіцыі. – І запомніце: Брэст не толькі ваш горад, але і мой». Многае ў горадзе было зроблена пры падтрымцы кіраўніцтва краіны, у тым ліку да тысячагоддзя Брэста. Напрыклад, пабудаваны Заходні абход. «На гэта каласальныя грошы мы выдзелілі. Я яшчэ прыязджаў, глядзеў, як там ішло будаўніцтва, каб паспелі да тысячагоддзя. Гэта значыць, я ўжо ўклаўся ў гэты горад. Цяпер вы крыху паварушыцеся», – сказаў Прэзідэнт, падкрэсліўшы, што жыхары горада многія мясцовыя праблемы могуць вырашаць на сваім узроўні. А на ўзроўні Кіраўніка дзяржавы і па яго ініцыятыве рэалізуюцца больш глабальныя праекты, як, напрыклад, утварэнне Парка высокіх тэхналогій або будаўніцтва атамнай станцыі.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў усіх аб’яднацца на карысць інтарэсаў краіны і пабудовы паспяховай будучыні.

У час размовы была ўзнята тэма акумулятарнага завода ў Брэсце. Кіраўнік дзяржавы паабяцаў аб’явіць у Брэсце рэферэндум наконт лёсу гэтага прадпрыемства. Прэзідэнт падкрэсліў, што яму вельмі важна паглядзець, як брастаўчане прымуць рашэнне. Пры гэтым ён запэўніў, што ў яго абсалютна нейтральная пазіцыя. З аднаго боку, завод патрэбны, ёсць рынкі збыту. Больш таго, гэта імпартазамяшчэнне – адзін з асноўных напрамкаў работы ў будучай пяцігодцы. З другога боку, калі людзі вырашаць, што завод не патрэбны або яго трэба некуды перанесці, то, паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, гэта не катастрофа.

Што датычыцца рэферэндуму, Прэзідэнт прапанаваў правесці яго пасля выбараў і паабяцаў, што ўсё будзе абсалютна адкрыта і празрыста.

У цэлым размова атрымалася вельмі канструктыўная.

Па матэрыялах БЕЛТА.

МЕРКАВАННІ

Аляксандр КАМІНСКІ, старшыня Ляхавіцкага райвыканкама:

– Сустрэча Кіраўніка дзяржавы з актывам вобласці, дзе абмяркоўваліся важныя дзяржаўныя тэмы, чарговы раз пацвердзіла: Брэстчына развіваецца ў правільным накірунку. Сапраўды, як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, за гады суверэнітэту краіна зрабіла вялікі крок наперад у розных галінах. Сёння кожны рэгіён Брэстчыны можа пахваліцца сваімі дасягненнямі, і яны ўнушальныя. Ляхавіччына не выключэнне, уносіць свой уклад у развіццё вобласці.

Сёння раён развіваецца па ўсіх накірунках. Выніковасць у рабоце дэманструюць нашы прадпрыемствы: усе ў мінулым годзе спрацавалі з прыбыткам. Такая тэндэнцыя назіраецца і сёння: 100 працэнтаў паказчыкаў выкананы.

Важны момант у развіцці рэгіёна – паляпшэнне жыллёвых умоў. І ў гэтым накірунку Ляхавіччына таксама працуе. За 2015-2019 гады ў раёне ўведзена ў эксплуатацыю каля 30 тысяч квадратных метраў агульнай плошчы жылых дамоў. У сельскагаспадарчых арганізацыях уведзена ў эксплуатацыю 10 жылых дамоў. Газіфікаваны аграгарадок Русінавічы. Выконваюцца праектныя работы па газіфікацыі амаль усяго раёна. Плануем завяршыць у наступным годзе. Актыўна будуюцца вуліцы і дарогі райцэнтра і раёна. Асаблівая ўвага – добраўпарадкаванню малой радзімы.

Многія іншыя сацыяльныя паказчыкі раёна таксама пазітыўныя. Аднак, праблем і пытанняў, якія нам трэба вырашыць, нямала. І мы ведаем, куды нам рухацца далей.

Ляхавіцкі раён імкнецца быць адкрытым усяму свету. Шэраг аднаўленняў закрануў многія турыстычныя аб’екты. Другое жыццё набылі Рэпіхаўскі парк, Сваятыцкі палацава-паркавы ансамбль, сядзіба Чарноцкіх у Начы. Цяпер у адным з самых прыцягальных месцаў з велізарным турыстычным патэнцыялам – комплексе былой сядзібы Рэйтанаў у Грушаўцы – пачаліся рамонтна-аднаўленчыя работы. Ляхавіччына турыстычная становіцца ўсё больш прывабнай, апошнім часам заявілі пра сябе і гастранамічны, і вытворчы турызм.

Наша каштоўнасць – людзі, якія шчыруюць дзеля працвітання сваёй малой радзімы, адданыя сваёй справе. Кожнае дасягненне паасобку стварае нашу агульную перамогу. Сёлета Ляхавіцкі раён занесены на Дошку гонару Брэсцкай вобласці, і ў гэтым ёсць заслуга кожнага. Прыемна, што ганаровае званне «Чалавек года Брэстчыны» прысвоена начальніку РАУС Андрэю Студзянічніку.

Андрэй НАВАГРАН, намеснік старшыні райвыканкама:

– У сваім выступленні перад актывам Брэсцкай вобласці Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што неабходна забяспечыць эфектыўную работу прадпрыемстваў, ствараць умовы для жыцця і працы людзей.

Адна з задач мясцовай улады – забяспечыць насельніцтву магчымасць працаваць і атрымліваць дастойную зарплату.

За апошнія чатыры гады ў раёне створаны 23 новыя прадпрыемствы, а гэта – 453 дадатковыя працоўныя месцы для землякоў. На пачатак года на Ляхавіччыне зарэгістравана 120 мікра- і малых прадпрыемстваў, 400 індывідуальных прадпрымальнікаў – яскравае пацвярджэнне таму, што ў раёне спрыяльны клімат для развіцця прадпрымальніцтва.

Узровень беспрацоўя летась склаў усяго 0,3 працэнта да эканамічна актыўнага насельніцтва. Вырасла і рэальная зарплата – за апошнія чатыры гады больш як на 21 працэнт.

Каб забяспечыць далейшы рост зарплат, неабходна павышаць прадукцыйнасць працы, актыўна працаваць над зніжэннем сабекошту прадукцыі, затрат на вытворчасць. Рэзервы ёсць на кожным прадпрыемстве.

Яўгеній СІНІЛА, першы сакратар райкама ГА БРСМ:

– Столькі эмоцый, уражанняў ад сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з актывам вобласці, дзе мне пашчасціла прысутнічаць. Важныя тэмы, якія ўзняў Прэзідэнт, для мяне ўпершыню гучалі не з экрана тэлевізара, радыёпрыёмніка ці з навіннай стужкі, усё ў рэжыме рэальнага часу – тут і цяпер.

Размова ішла пра развіццё Беларусі, пра нашы дасягненні і задачы, што стаяць перад рэгіёнам, пра эканоміку, сацыяльную сферу, грамадскую пазіцыю беларусаў, ад якой залежыць многае, у тым ліку мір і стабільнасць у краіне.